Буру эмоцыяў выклікалі ў сеціве словы Сьвятланы Алексіевіч у інтэрвію гішпанскаму выданьню El País пра адмову ад расейшчыны ва Ўкраіне.
«Я супраць [адмовы ад расейскай мовы і расейскамоўных твораў ва Украіне], але думаю, што гэта часовая зьява, выкліканая адчаем, а не пастаянная тэндэнцыя. Урэшце, мовы, якія пакінулі пасьля сябе калянізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі. І гэта вельмі добра».
Словы шаноўнай пісьменьніцы, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі — чалавека, які бясспрэчна адбыўся, гэта не вэрдыкт палітыка ці судзьдзі, яны заўсёды прыцягваюць вялікую ўвагу, прымушаючы нас думаць пра сутнасьць зьяваў, згаджацца зь імі або не.
Крыху пра любоў
Даўно заўважыў: чым менш у табе прапагандысцкіх стэрэатыпаў, тым болей месца застаецца для любові: да іншага чалавека, да горада, куды ты едзеш, да краіны, да культуры, да чужое мовы. І гэта, скажу вам, ня так проста. Бо мы з савецкіх часоў напханыя тымі стэрэатыпамі, ды так глыбока, што нават не адчуваем, за што так моцна трымаемся, што гэта — хімэры, якія, здаецца, урасьлі ў нас саміх. Мы ўсяляк стараемся гэта зь сябе выкінуць, як таго «чырвонага чалавека», але ён гэтак засеў у самую нашую сутнасьць, што ня выкінеш, не саскрабеш дачыста. Але ж інакш не адчуеш любові, калі самое нутро кажа пра веліч, дакладней, пра вялікшасьць па-над іншымі расейскай культуры і мовы. Бо з гэтага, з вышэйшасьці над іншымі, як сказаў мне калісьці ў інтэрвію Васіль Быкаў, пачынаецца фашызм.
Мы з савецкіх часоў напханыя тымі стэрэатыпамі, што нават не адчуваем, што гэта — хімэры, якія, здаецца, урасьлі ў нас саміх
Зразумела, мы гэтага не жадалі, а яно прыйшло ў Беларусь і выгнала зь яе нас саміх.
«Великий русский язык» — гэта бяскрыўдны, на першы погляд, але галоўны прапагандысцкі стэрэатып цяперашняй менскай хунты.
Такім чынам, чым мацней мы трымаемся за стэрэатыпы, тым менш мы трымаемся любові. Едучы ў іншую краіну, я адчуваю любоў і веру ва ўзаемнасьці тамтэйшых людзей, краявідаў, ад самога падарожжа. Як правіла, так урэшце і выходзіць. У Расеі я ня быў вельмі даўно і не магу абудзіць у сабе эмпатыю, асабліва калі ў тэлевізары бачу іхнае сёньняшняе жыцьцё. Ну і яшчэ тое, што мяне ўключылі ў беларуска-расейскі вышуковы сьпіс, выклікае ў мяне цяжкае і гнятлівае пачуцьцё. Тут ніяк не да любові.
Крыху пра цывілізацыю
Слова «цывілізацыя» сёньня настолькі размытае, што можа значыць супрацьлеглыя рэчы. Вось японскія навукоўцы, самыя пасьпяховыя тэхнолягі ў сьвеце, спрабуюць у Афрыцы, у Гізе, паўтарыць будаўніцтва старажытнаэгіпэцкай піраміды — і пасярод гэтай працы ўсё раптам развальваецца. Пытаньне: хто і як будаваў тую піраміду — застаецца. То бок, цывілізацыя — гэта не тэхналёгіі ці прадметы быту.
А вось кажуць пра расейскую цывілізацыю. У чым яна? У імёнах пісьменьнікаў ды кампазытараў, большасьць якіх і былі, і ёсьць — за мяжой, бо Расея такіх не цярпіць? Ці ў бытавой культуры, якая калі ня з захаду, дык і ўвогуле не культура?
Беларусь была акупаваная Расеяй 200 гадоў таму, што несла да нас войны, заняпад і барбарскія парадкі
Неяк мой сябра мовазнаўца Вінцук Вячорка растлумачыў, чым адрозьніваецца расейскі мат, які здаўна вядомы і ў беларускай мове. Рэч у тым, што беларусы ўжываюць мацерныя словы непасрэдна па прызначэньні, то бок называюць гэтымі словамі тое, што яны і значаць. А расейцы проста гавораць матам на ўсе тэмы — хоць з прафэсарскай катэдры, хоць, як сьпяваў Высоцкі, «в общественном парижском туалете есть надписи на русском языке».
Каб вярнуцца да тэмы, прыгадаю папярэдні радок гэтай дасьціпнай песьні: «Проникновенье наше по планете особенно заметно вдалеке…»
Але што гэта за «проникновенье»? Беларусь ніколі не была калёніяй Расеі, і цывілізацыя заўсёды ішла якраз празь Беларусь на ўсход. Беларусь была акупаваная Расеяй 200 гадоў таму, што несла да нас войны, заняпад і барбарскія парадкі. Прыкладаў таму процьма, самы сьвежы — цяперашняя менская прарасейская хунта…
Як ні круці, а выходзіць, што ўсё, што я магу назваць цывілізацыяй — гэта там, дзе ёсьць эмпатыя.
Крыху пра Афрыку
Я невялікі знаўца Афрыкі, колькі разоў бываў толькі ў Эгіпце і на Занзібары. У архіпэлягу сапраўды шмат хто гаворыць па-ангельску, але калі ўжываеш фразу ці хоць слова на суахілі, вочы ў мясцовых цяплеюць: цябе ўжо не абдураць на рынку, яшчэ і ўручаць сьпелае манга ў падарунак.
Магу пацьвердзіць, што мова стала да іх шляхам у разьвіты сьвет, але — літаральна. Гэтак, напрыклад, сям’я Фрэдзі Мэркуры ледзьве ўцякла з выспы падчас крывавай рэвалюцыі 1964 году. І ўцякалі яны ў Ангельшчыну, бо мелі яе грамадзянства і гаварылі па-ангельску. І гэта ўсё было для іх ня вельмі добра. А яшчэ ў даўнейшыя часы на Занзібары быў адзін з найбуйнейшых рынкаў рабоў — вялікая прымітыўная турма, адкуль абарыгенаў прадавалі «ў цывілізацыю».
Якраз на Занзібары я шмат успамінаў сваё дзяцінства ў палескай вёсцы, а таксама сваю родную вясковую бабулю… Цалкам непісьменная, яна ведала толькі адну мову — беларускую і называла сябе беларускай. Я часта прыяжджаў да яе ў тую пракаветную вёску, якую нагадвалі мне вёскі Афрыкі. Ні там, ні там не было і намёку на вялікую расейскую мову і культуру. Толькі я ніяк не назаву іх дзікімі, бо там жыла эмпатыя.
Пройдзе час і школьнікі ня будуць заканамерна трапляць у тупік: маўляў, чаму нашы Адамовіч і Алексіевіч пісалі па-расейску?
У сьвеце ёсьць адзін занзібарскі пісьменьнік — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі — Абдулразак Гурна, але жыве ён ня дома, а ў Англіі і піша, як і Сьвятлана Алексіевіч, не на мове сваёй краіны, а па-ангельску.
Гадоў 10 таму мне пашчасьціла перакладаць кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Мне падабалася гэтая праца, я разумеў яе як высокую місію — каб беларускія школьнікі чыталі твор беларускай пісьменьніцы па-беларуску і я хацеў, каб пераклад найменш саступаў арыгіналу. Яшчэ раней у мяне быў рэдактарскі і выдавецкі досьвед, калі я рыхтаваў да друку тры апошнія раманы Алеся Адамовіча. Іх пераклаў Міхась Тычына. Гэта была тая самая місія. Пройдзе час і школьнікі ня будуць заканамерна трапляць у тупік: маўляў, чаму нашы Адамовіч і Алексіевіч пісалі па-расейску? — пытаньне — як цяжкае наступства часоў прапагандысцкіх стэрэатыпаў. Ці ўжо пераклалі занзібарцы свайго Абдулразака на суахілі, ня ведаю, але там пільна сочаць за тым, каб іхная мова была паўнавартаснай дзяржаўнай.
Расейская мова сыходзіць з Украіны роўна настолькі, наколькі яна заняла месца ўкраінскай мовы. Заняла гвалтам, мільёнамі пакладзеных жыцьцяў, ГУЛАГАм… Яна сыходзіць ня так, як гарачым жалезам на Данбасе вынішчаецца ўсё ўкраінскае. У параўнаньні з гэтым дзікунствам яна сыходзіць ціха.
Сьвятлана Алексіевіч выказала думку, што цяперашняя сытуацыя ва Ўкраіне — «гэта часовая зьява, выкліканая адчаем, а не пастаянная тэндэнцыя». Па-мойму, вяртаньне да роднага можа быць выклікана толькі любоўю, але ніяк не адчаем. Адчай адназначна выклікала б вяртаньне СССР і параза Ўкраіны ў вайне. Адчай цяпер выклікае тое, што чыніць менская хунта.
Калісьці Сьвятлана Алексіевіч сказала, што беларусам трэба стаць беларусамі. То бок самаўсьвядоміцца і гаварыць па-беларуску. Думаю, у той момант прапагандысцкі стэрэатып «чырвонага чалавека» адпусьціў яе шукальніцу-душу на волю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум