Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе Быкаву сьнілася Горадня


Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
Сёньня ўвечары ў Горадні адбылася прэзэнтацыя кнігі “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця”, яе падрыхтаваў да другу Сяргей Шапран. Гэта вялікі том, у якім больш за 730 старонак. У ім сабраныя дакумэнты, здымкі, рукапісы, лісты пісьменьніка. Выйшла кніга пад вокладкай “Гарадзенскай бібліятэкі”, што выдае Рух “За свабоду”, але гэта супольнае выданьне з “Бібліятэкай “Бацькаўшчыны”. Яно будзе складацца з двух тамоў, другі выйдзе неўзабаве. Прэзэнтацыя адбылася ў памяшканьні Таварыства беларускай школы, на яе прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек: літаратары, навукоўцы, студэнты.

Як чалавек не гарадзенскі, Сяргей Шапран, выдаў кнігу пра Васіля Быкава ў гарадзенскай сэрыі і як атрымаліся два тамы?

Шапран: “Два тамы зрабілі, таму што кніжка вялікая, прытым яе давялося скарачаць на дваццаць адсоткаў, некалькі чалавек спрабавалі скараціць… Да мяне зьвярнуліся спадарыні Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская са Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“, яны прапанавалі паспрабаваць выдаць кнігу, і пасьля да праекту далучылася „Гарадзенская бібліятэка“ і, у прыватнасьці, Павал Мажэйка”.

Як мяркуе Сяргей Шапран: якое месца ў жыцьці Васіля Быкава займала Горадня?

Сяргей Шапран
Шапран: “У гэтай сувязі прыгадваецца, што калі Васіль Уладзіміравіч жыў ужо ў Празе, яму там зрабілі апэрацыю. Якраз пасьля гэтага я яму патэлефанаваў, размова ішла пра „Доўгую дарогу дадому“, якая ў гэты час выйшла. Таксама пачалі гаварыць пра тое, што сьніцца Быкаву ў гэты час, і ён сказаў, што яму часьцей за ўсё сьніцца Горадня і ўжо меней Менск. Я думаю, што гэта пра шмат што гаворыць”.

На прэзэнтацыю кнігі “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця” прыйшоў прафэсар Гарадзенскага унівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч. Я адрасаваў яму пытаньне наконт Быкава і Горадні. Напэўна ж, для пісьменьніка ваеннай тэмы гістарычная архітэктура значыла ня вельмі шмат, ці гэта ня так?

Пяткевіч: “Быкаў ня раз выказваўся, што Горадня, як месца, дзе ён жыве, яму падабаецца, што ён адчувае сябе тут сваім, што ён знайшоў тут сябе. Быкаву ня трэба было вялікага гораду, ён не любіў вялікага шуму, вялікай кампаніі, гучнай гаманы, не любіў парадаў, дэманстрацыі ўласнай асобы. Горадня — адносна ціхі правінцыйны горад у параўнаньні са сталіцай, гэта яму якраз і было патрэбна. Ён, канечне, трапіў сюды выпадкова, але ўсё болей ўжываўся ў горад. Таму, вядома ж, ня мог не ацаніць яго гістарычную асаблівасьць, яго даўніну, калярыт, і гэта яму, канечне, падабалася”.

Прафэсар Пяткевіч мяркуе, што Васіль Быкаў, які пражыў у Горадні 24 гады, мог бы нават, пры іншых абставінах, не зьяжджаць у Менск і назаўжды застацца гарадзенцам.

Пяткевіч: “Ён наўрад ці пакінуў бы Горадню, каб не сур’ёзныя абставіны асабістага пляну. Ён пастаянна, асабліва з другой паловы 1960-х гадоў, кудысьці езьдзіў — у Менск, у Маскву, але ён вяртаўся сюды як дадому, вяртаўся да сябе, у цішыню і спакой, дзе яго чакаў чысты ліст паперы, і дзе ён мог пісаць. Так што абставіны для творчасьці ў яго былі якраз адпаведныя ў Горадні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG