Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа рыхтуе адказ на плян ЗША па ўрэгуляваньні вайны


Эўрапейскія і ўкраінскія сьцягі ля будынку Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Ілюстрацыйнае фота.
Эўрапейскія і ўкраінскія сьцягі ля будынку Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Ілюстрацыйнае фота.

Улады Ўкраіны, Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыны рыхтуюць сустрэчную прапанову ў адказ на амэрыканскі плян мірнага ўрэгуляваньня вайны, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.

21 лістапада Ўладзімір Зяленскі правёў перамовы з лідэрамі саюзных краін. Па выніках абмеркаваньня яны заявілі, што любая дамова, датычная Эўропы ці NATO, «патрабуе ўхвалы эўрапейскіх партнэраў ці кансэнсусу саюзьнікаў. Па дадзеных Reuters, ЗША не кансультаваліся з эўрапейскімі краінамі пры падрыхтоўцы пляна, а Эўропа выказала рашучую падтрымку Кіеву.

«Мы ўсе хочам, каб гэтая вайна скончылася, але важна, як менавіта яна скончыцца. Расея ня мае ніякага законнага права патрабаваць якіх-небудзь саступак ад краіны, у якую яна ўварвалася», — заявіла кіраўніца эўрапейскага зьнешнепалітычнага ведамства Кая Калас.

Акрамя таго, эўрапейскія чыноўнікі і дыпляматы раскрытыкавалі прапанову ЗША размарозіць актывы Расеі і ўкласьці частку сродкаў — 100 мільярдаў даляраў — ва ўзначаленыя ЗША меры па аднаўленьні Украіны, пры гэтым Вашынгтон атрымаў бы 50% прыбытку. Крыніцы Politico заявілі, што такі падыход, прапанаваны спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткофам, можа перашкодзіць плянам ЭЗ выкарыстоўваць актывы для так званага рэпарацыйнага крэдыту Кіеву.

Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў назваў ідэю скандальнай. «Эўрапейцы мардуюць сябе, спрабуючы знайсьці жыцьцяздольнае рашэньне па выкарыстаньні актываў у інтарэсах украінцаў, а Трамп хоча атрымаць з іх прыбытак. Гэтая прапанова, хутчэй за ўсё, будзе адхілена ўсімі», — адзначыў суразмоўца Politico.

Высокапастаўлены чыноўнік ЭЗ заявіў, што ў прэзыдэнта ЗША няма паўнамоцтваў размарожваць актывы, якія знаходзяцца ў Эўропе. Іншы эўрапейскі палітык дадаў, што «Уіткофу трэба зьвярнуцца да псыхіятра».

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне краіны Захаду замарозілі актывы расейскага Цэнтрабанка на суму звыш 200 мільярдаў эўра, з якіх каля 190 мільярдаў разьмешчаны ў Euroclear у Бэльгіі. Украіна атрымлівае працэнтны даход ад гэтых сродкаў.

Пры абмеркаваньні рэпарацыйнага крэдыту Бэльгія запатрабавала прадставіць дадатковыя гарантыі, каб не несьці адказнасьць за рызыкі, зьвязаныя з гэтай схемай.

Краіны ЭЗ выступаюць за выдзяленьне Украіне рэпарацыйнага крэдыту ў памеры 140 мільярдаў эўра пад залог замарожаных сродкаў расейскага Цэнтрабанка. Плян Эўракамісіі прадугледжвае, што Ўкраіна пагасіць крэдыт, калі вайна скончыцца, і Расея пагодзіцца кампэнсаваць нанесеную шкоду. Пасьля гэтага Эўракамісія верне грошы Euroclear, і Расея зможа зноў іх выкарыстоўваць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG