Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральніку “Беларускага кнігазбору” — 75


Кастусь Цьвірка
Кастусь Цьвірка
Сямідзесяціпяцігадовы юбілей сёньня сьвяткуе Кастусь Цьвірка. Літаратар, які свой творчы шлях пачынаў зь вершаў, але выдаўшы некалькі ўхваленых крытыкай паэтычных кніг, заняўся навукай. Абараніўшы кандыдацкую, захапіўся перакладамі, адкрыўшы чытачам цудоўную польскамоўную паэзію беларускіх паэтаў дзевятнаццатага стагодзьдзя. А ў 1996 годзе стварыў унікальны выдавецкі праект — “Беларускі кнігазбор”, пад шыльдай якога ўпершыню ў Беларусі пабачылі сьвет кнігі як многіх клясыкаў, так і забытых ці зусім невядомых пісьменьнікаў.

Валянціна Аксак: “Сам сябе кім вы сёньня лічыце — паэтам, навукоўцам, перакладчыкам, выдаўцом?”

Кастусь Цьвірка: “Што захочацца рабіць, тое я і раблю. Але асноўная цяпер у мяне задача — гэта выдаць „Беларускі кнігазбор“, сэрыю кніг нашай клясыкі, нашых лепшых пісьменьнікаў. Таму што літаратура — гэта ж аснова ўсёй культуры. Вось чаму я вывучаю літаратуру ад старажытнасьці і да нашых дзён. Вывучаю і выдаю. Апошнім часам мы, я думаю, будзем больш шырока даваць сучасных пісьменьнікаў. Нядаўна выйшаў том выбраных твораў Рыгора Барадуліна, падрыхтаваны і здадзены ўжо ў вытворчасьць том Анатоля Вярцінскага, цяпер рыхтуецца том выбраных твораў Ніла Гілевіча, на чарзе — Генадзь Бураўкін. Да больш маладзейшых будзем падбірацца, каб наша літаратура была відаць ад клясыкі, ад старажытнасьці — і да нашых дзён”.

Аксак: “Калі ў 1996-м вы засноўвалі новае недзяржаўнае выдавецтва „Беларускі кнігазбор“ і сказалі пра тое, што хочаце выдаць пад ягонай шыльдай сама меней дзьвесьце тамоў беларускай літаратуры розных часоў, то многія ня тое што не паверылі ў вашы пляны, а нават палічылі іх уласьцівай паэтам летуценнасьцю. Бо ж не сакрэт, што калі была абвешчана незалежнасьць Беларусі, многія зь беларускіх літаратараў пачалі займацца нейкай ня творчай справай, але яна ня мела посьпеху, бо, на жаль, яны апынуліся непрактычнымі людзьмі. Што вам дапамагае абвергнуць тых, хто ня верыў у ваш посьпех? І дарэчы, колькі тамоў з заплянаваных двухсот ужо выдалі?”

Цьвірка: “Ужо выдалі сорак пяць тамоў. А сілы дае жаданьне зрабіць гэтую сэрыю, каб людзі ўбачылі, якая ў нас у Беларусі вялікая літаратура, літаратура старажытная і шматгранная”.

Аксак: “Адначасова вы не пакідаеце і літаратурнай творчасьці. Летась выдалі кнігу пра сваю малую радзіму, а сёлета другі нумар запар друкуеце аповесьць у часопісе „Полымя“. Адкуль у вас столькі энэргіі і часу на ўсё?”

Цьвірка: “Я думаю, наша зямля дае ўсё гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG