Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выйграе ад інвэстфоруму?


Сёньня ў Лёндане пачаўся Беларускі інвэстыцыйны форум. Паводле зьвестак арганізатараў, заяўкі на ўдзел у ім падалі больш за тры сотні кампаній з 40 краінаў сьвету.


Галоўным гарантам прывабнасьці Беларусі для ўкладаньня сродкаў выступае прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Зь яго словаў, дзякуючы форуму, Беларусь мае намер прыцягнуць у эканоміку блізу 9 мільярдаў даляраў, а ўвогуле неабходнасьць у інвэстыцыях ацэньваецца ў 18 мільярдаў даляраў.

Паводле зробленых у Лёндане заяваў кіраўнікоў беларускай дэлегацыі, Беларусь спадзяецца перадусім на “новы імпульс у адносінах з Эўразьвязам”. На разгляд замежнікам прапануецца некалькі дзясяткаў праектаў, у ліку якіх — мадэрнізацыя магутнасьцяў МТЗ, будаўніцтва заводу аўтобусаў на МАЗе, стварэньне комплексу ліставога пракату на жлобінскім БМЗ, узьвядзеньне каскадаў гідраэлектрастанцый на Дняпры і Заходняй Дзьвіне, арганізацыя марскога гандлёвага флёту Беларусі і г.д. Афіцыйныя прадстаўнікі запэўніваюць: для ўсіх, хто захоча ўкласьці грошы ў беларускую эканоміку, будуць створаныя найлепшыя ўмовы.

Кіраўнік Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту, эканаміст Павал Данэйка лічыць, што цяпер ня самы ўдалы час, каб нечым завабіць бізнэсоўцаў. Аднак у будучыні цяперашнія напрацоўкі могуць прынесьці плён:

“Час для інвэстыцый, вядома, няўдалы. Але ж інвэстары прымаюць рашэньне доўга. Гаворка не ідзе пра тое, што гэта будзе заўтра. І з гледзішча ведаў пра Беларусь, пра яе патэнцыял, я думаю, гэта вельмі добрая ідэя”.

Карэспандэнт: “Ці трэба намагацца ладзіць такія форумы ў іншых краінах?”

“Брытанія — сусьветны інвэстыцыйны цэнтар. Таму лягічна там і праводзіць. Мы бачым па колькасьці ўдзельнікаў (хоць я зараз і ня ў Лёндане), але заявак на ўдзел было досыць шмат. Перадусім гэта важна для ўсёй краіны. Як падаецца, трэба крыху адысьці ад палітычнага смакаваньня розных промахаў беларускага кіраўніцтва. На гарызонце складаныя часы, калі неабходна кансалідавацца дзеля народу, дзеля дзяржавы і намагацца дапамагаць краіне перажыць гэтыя цяжкія часы. І гэта павінен рабіць кожны на сваім месцы”.

Ініцыяваны беларускімі ўладамі форум пачаўся на тле акцыі, арганізаванай прадстаўнікамі беларускай суполкі ў Лёндане і журналісцкімі арганізацыямі. Расказвае былая супрацоўніца тыднёвіка “Беларусы і рынак” Вольга Бірукова, якая сёлета папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі:

“Мы стаялі ля двух уваходаў цэнтру і там распаўсюджвалі ўлёткі. Гэта ў нейкім сэнсе папярэджаньне дзелавым людзям пра заканадаўчы ціск і крымінальны перасьлед прадпрымальнікаў у Беларусі. ”.

Карэспандэнт: “Ці адчуваецца нейкі рух у месцы правядзеньня форуму? Ці насамрэч цікавасьць да мерапрыемства вялізная, як кажуць афіцыйныя СМІ?”

“Нейкага асаблівага ўздыму я не заўважыла. Натуральна, прыйшлі людзі, якія чымсьці канкрэтным цікавяцца. Але надзвычайнага інтарэсу няма. Збольшага гэта звычайная для Лёндана канфэрэнцыя, і рух тут ёсьць заўсёды”.

Беларускаму інвэстыцыйнаму форуму папярэднічаў прыезд у Беларусь групы журналістаў аўтарытэтных сусьветных выданьняў — газэты “Financial Times”, агенцтваў “Associated Press” і “Reuters”, “Bloomberg” і “Global Insight”. Прэс-тур па стратэгічных аб’ектах і сустрэчы зь беларускімі ўрадоўцамі сталі вынікам пагадненьня зь лёнданскай піяр-кампаніяй “Bell Pottinger Group”. Яе ўладальнік Тымаці Бэл узяўся фармаваць станоўчы імідж Беларусі ў сьвеце.
У справе збліжэньня Беларусі і Заходняй Эўропы калі хто рэальна і выйграе, дык перадусім лорд Бэл.


Дэпартаваны некалькі гадоў таму зь Беларусі журналіст Міхаіл Падаляк, які цяпер займаецца піяр-акцыямі ва Ўкраіне, лічыць, што ў справе збліжэньня Беларусі і Заходняй Эўропы калі хто рэальна і выйграе, дык перадусім згаданы лорд Бэл:

“Па сутнасьці, гэта дарагое “развадзілава”. Ня 10 тысячаў даляраў бярэ за паслугі, а абанэнтная плата — 5—6 мільёнаў даляраў, ня лічачы выдаткаў на журналістаў, на розныя мерапрыемствы. Адразу, авансам ён кладзе ў кішэню 5—6 мільёнаў, плюс расходы. Прыкладам, прывёз эканамічных журналістаў і, умоўна кажучы, за тое, што арганізаваў прэс-тур, атрымаў яшчэ 1,5 мільёна. На гэта глядзець трэба сур’ёзна, бо гаворка пра немалыя сумы. Як у нас прызвычаіліся: 10 тысячаў маеш, давай піяр-кампанію наладзім. А ў яго рэальна сувязі ёсьць, журналісты прыкормленыя ёсьць заўсёды — і ў нас, і на Захадзе. Нехта за 50 даляраў піша артыкул, а хтосьці за 10 тысячаў у “Financial Times”.

Як заявіў сёньня ў Лёндане Сяргей Сідорскі, Беларусь “пасьпяхова рэалізуе інвэстыцыйны шлях разьвіцьця”. Доля замежных інвэстыцый у агульным аб’ёме фінансаў, якія прыходзяць у Беларусь, паводле прэм’ер-міністра, да 2010 году мусіць падвысіцца да 20%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG