Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларускі бок сумесна з Польшчай вядзе вышук падазраваных у тэрарызьме грамадзянаў Украіны


Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск на месцы падрыву чыгуначных каляінаў
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск на месцы падрыву чыгуначных каляінаў

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.

«Кампэтэнтнымі органамі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча праводзяцца сумесныя мерапрыемствы па ўстанаўленьні месцазнаходжаньня двух грамадзянаў Украіны, якія падазраюцца ва ўчыненьні на тэрыторыі Польшчы злачынстваў. Цяпер пацьверджаны факт іх уезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, дзе праводзяцца ўжо актыўныя вышуковыя мерапрыемствы» — паведаміў Варанкоў.

Паводле яго сумесна з польскім бокам адпрацоўваюцца кантакты падазраваных, а таксама праводзіцца комплекс іншых апэратыўных мер.

«У выпадку ўстанаўленьня месцазнаходжаньня ўказаных асобаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь яны будуць затрыманыя. Пасьля ва ўстаноўленым парадку і з улікам усіх абставінаў, што адносяцца да справы, будзе разгледжана пытаньне аб іх перадачы польскаму боку. Гэтая праца праводзіцца ў духу партнэрства і добрасуседзтва нягледзячы на тое, што з боку Польшчы да гэтага часу не паступіў належным чынам аформлены запыт аб прававой дапамозе па гэтым пытаньні» — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выяўленая яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя. Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка. 20 лістапада часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй.

Польскія СМІ паведамілі, што гаворка ідзе пра грамадзянаў Украіны Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава.

Іх абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG