«Да гэтага часу ніводная літоўская грузавая машына не праехала празь які-небудзь кантрольна-прапускны пункт», — заявіў парталу LRT прадстаўнік літоўскай памежнай службы Гедрыюс Мішуціс.
«Нічога не зьмянілася, і прычын, па якіх літоўскія машыны ня рухаюцца, мы пакуль ня бачым», — сказаў прадстаўнік памежнага ведамства.
Паводле яго, пункты працуюць у звычайным рэжыме, іх прапускная здольнасьць дае магчымасьць абслугоўваць больш транспарту.
«Перасякаюць мяжу легкавыя аўтамабілі, праходзяць і грузавікі іншых краін — у асноўным з Расеі, дзе кіроўцам аформленыя спрошчаныя дакумэнты. Самі пункты пропуску працуюць у штатным рэжыме, яны цалкам гатовыя прапускаць і іншыя транспартныя сродкі, асабліва вялікагрузы, але машыны зь літоўскімі нумарамі па-ранейшаму не зьяўляюцца», — адзначыў Мішуціс.
Прадстаўнік літоўскай памежнай службы дадаў, што адразу пасьля адкрыцьця мяжы некалькі літоўскіх грузавікоў прайшлі ў напрамку Беларусі, але не ў адваротны бок.
Прэзыдэнт літоўскай асацыяцыі перавозьнікаў Эрландас Мікенас заявіў, што мае копію ліста, у якім беларускія ўлады патрабуюць сустрэчы прадстаўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Літвы.
Беларусь прапануе Літве правесьці кансультацыі
20 лістапада прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што міністэрства прапануе правесьці кансультацыі паміж беларускім і літоўскім МЗС — для выпрацоўкі «устойлівага мэханізму працы пунктаў пропуску і прадухіленьня іх закрыцьця ў будучыні».
Варанкоў таксама зазначыў, што рашэньне Літвы закрыць мяжу зь Беларусьсю «было прынятае ў аднабаковым парадку, мела палітызаваны характар і парушала працэдуры, прапісаныя ў міжнародных пагадненьнях».
«Па двухбаковай дамове аб пунктах пропуску апавяшчэньне павінна накіроўвацца загадзя — ад аднаго да пяці дзён, аднак гэтага не было зроблена. Нават цяперашняе рашэньне аб аднаўленьні працы пунктаў Шальчынінкай і Мядзінінкай (зь беларускага боку — Беняконі і Каменны Лог) ізноў прынятае з парушэньнем устаноўленых правілаў. Літва ігнаруе міжнародна-прававыя абавязацельствы і не хавае, што можа ў любы момант зноў закрыць мяжу. Гэта стварае рызыкі для тысяч грамадзян і арганізацый», — заявіў прэсавы сакратар МЗС.
Прэзыдэнт Літвы: «Мы дакладна ня маем намеру ім паддобрывацца»
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 21 лістапада заклікаў не рабіць трагедыі з сытуацыі зь літоўскімі фурамі, перадае LRT.
Ён адзначыў, што магчымы кантакт зь беларускім бокам на тэхнічным узроўні, праз дыпляматычныя каналы.
«А тое, што нашыя перавозчыкі працягваюць пасылаць грузавікі ў Беларусь, я ацэньваю як сапраўды вялікую сьмеласьць», — сказаў Наўседа.
«Аднак мы дакладна ня маем намеру ім паддобрывацца і пачынаць гаварыць пра адмену санкцый ці яшчэ нешта такое. Мне здаецца, і яны самі такіх ілюзій ужо ня маюць», — заявіў прэзыдэнт Літвы.
Міністар замежных спраў Літвы: Ад Беларусі нельга чакаць сумленнай гульні
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што ад Беларусі нельга чакаць «сумленнай гульні», і дадаў, што Літва яшчэ ня вычарпала ўсе свае інструмэнты адказу, сярод якіх ёсьць і нацыянальныя санкцыі.
«Мы маем справу з рэжымам, які інструмэнталізуе і ператварае ў зброю тое, што мае. Чыніць ціск. Лічыць, што шантаж, прымус могуць даць эфэкт і вынік», — сказаў ён.
Будрыс нагадаў, што ў Літвы ёсьць «інструмэнт нацыянальных санкцый».
«Ён яшчэ ні разу ня быў ужыты, ён прызначаны для Расеі і Беларусі. Гэта адзін з варыянтаў. Я цяпер не хацеў бы забягаць наперад, але яшчэ раз хачу сказаць, што наша скрыня з інструмэнтамі не вычарпана», — сказаў міністар.
У пятніцу прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене распавяла пра кантрабандныя шары зь Беларусі падчас абмеркаваньня пытаньняў бясьпекі і ўвядзеньня новых санкцый з прадстаўніцай Эўракамісіі — выканаўчай віцэ-старшынёй Геннай Віркунэн.
Ругінене падзякавала Эўрапейскай камісіі і ейнай старшыні Урсуле фон дэр Ляен за салідарнасьць і падкрэсьліла важнасьць адзінага калектыўнага адказу.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.
Форум