У інтэрвію агенцыі Ройтэр Сяргей Сідорскі заявіў, што афіцыйны Менск чакае ад форуму новага імпульсу для разьвіцьця эканамічнага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Паводле кіраўніка ўраду Беларусі, ёсьць прапановы інвэстараў на заключэньне кантрактаў у сфэры будаўніцтва, машынабудаваньня і электронікі. Прадстаўленыя на форуме праекты патрабуюць інвэстыцыі 12-18 мільярдаў даляраў.
Сяргей Сідорскі наведаў Палату лордаў і запрасіў брытанскіх парлямэнтароў наведаць Беларусь “у любы час”. Ён даручыў намесьніку міністра замежных справаў Валеру Варанецкаму прапрацаваць візыт.
Паводле БЕЛТА, сябры Палаты лордаў і Палаты абшчын цікваліся пытаньнямі палітычнага жыцьця Беларусі, мінулых парлямэнцкіх выбараў, супрацоўніцтва ўраду і няўрадавых арагнізацый.
Таксама кіраўнік беларускага ўраду сустрэўся з лордам-мэрам Лёнданскага сіці Іэнам Людэрам. Яны абмеркавалі магчымыя накірункі супрацоўніцтва ў фінансавай сфэры.
Чакаецца сустрэча спадара Сідорскага зь дзяржміністрам у справах Эўропы, чальцом Кабінэту міністраў Вялікабрытаніі Кэралайн Флінт, а таксама з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
Былы расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, які жыве ў Лёндане з 2000 года, адзначыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што чытае і ведае пра інвэстыцыйны форум, але не бярэ ў ім удзелу.
“Як і раней, для мяне Лёндан гэта сталіца сьвету. І найперш фінансавы цэнтар сьвету. І нягледзячы на крызіс, які адбываецца ў цэлым, у гэтым сэнсе нічога не памянялася. Лёндан, як і раней, застаецца найважнейшым у эканамічным жыцьці ўсяго сьвету. І тое, што Беларусь сёньня хоча прадставіць сябе, патлумачыць у Лёндане сьвету, што дзьверы краіны адчынены для замежных інвэстараў і што гэта надзейныя інвэстыцыі — гэта важны і правільны крок кіраўніцтва Беларусі”.
На пытаньне, пры якіх умовах замежныя інвэстары пойдуць працаваць у Беларусь, спадар Беразоўскі адказаў:
“Заходнія інвэстары, як і мясцовыя, зробленыя вельмі проста. Калі яны разумеюць, што ёсьць стабільнасьць у краіне — палітычная і эканамічная. Тое, што я ведаю пра Беларусь, там больш стабільнасьці, чым у Расеі, і нават, чым у многіх краінах Заходняй Эўропы”.
Спадар Беразоўскі сказаў, што хацеў бы ўдзельнічаць у бізнэсе ў Беларусі. Аднак тут ёсьць адно але:
“Але ўся справа ў тым, што, вы ведаеце, якія ў мяне складаныя стасункі з расейскімі ўладамі, і таму любыя крокі, якія прадугледжваюць інвэстыцыі, я заўсёды сувымяраю з тым, як расейскія ўлады рэагуюць на гэта”.
Барыс Беразоўскі сказаў, што ў яго не заплянавана ніякіх сустрэчаў ні зь Сяргеем Сідорскім, ні зь іншымі сябрамі беларускай дэлегацыі. А ці запрашалі яго на форум?
“Мяне не запрашалі, і таму я не хацеў бы біцца ў зачыненыя дзьверы”.