Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захаваць на здымках дамы, якія могуць зьнікнуць


У Горадні 28 чэрвеня пачаўся двухдзённы фотапленэр для аматараў архітэктурнай спадчыны “Адкрый Новы Сьвет”.

Арганізатары хочуць прыцягнуць увагу да гарадзкога раёну Новы Сьвет, што сфармаваўся пры канцы ХІХ — напачатку ХХ стагодзьдзяў. У плянах уладаў разбурыць яго частку, каб вызваліць месца для новага будаўніцтва. Здымкі, зробленыя на вуліцах Новага Сьвету, арганізатары плянуюць выдаць на кампакт-дыску, а таксама наладзіць фотавыставу.

Карэспандэнт: “Пачынаецца фотапленэр “Адкрый Новы Сьвет”. Адна з арганізатараў гэтага мерапрыемства – Хрысьціна Марчук. Колькі чалавек зарэгістраваліся для ўдзелу?”

Марчук: “Сёньня зарэгістраваліся больш за трыццаць чалавек, але мы мяркуем, што ўдзельнікаў будзе больш, таму пленэр адкрыты сёньня, а таксама заўтра, а фатаграфіі мы будзем прымаць яшчэ два тыдні. І ўсе жадаючыя, хто не пасьпеў, хто быў заняты сёньня, могуць далучыцца”.

Карэспандэнт: “Удзельнікі прыйшлі з фотаапаратамі, але спачатку пачнецца экскурсія па Новым Сьвеце. Арганізатары выдалі прыгожую мапку: вось тут вуліцы 17 верасьня, Славацкага, Рэйманта, Багдановіча, Акадэмічная і Ваўковіча, на якой мы цяпер знаходзімся. Пачынаецца экскурсія, яе праводзіць гісторык Андрэй Вашкевіч”.

Вашкевіч: “Фактычна ў другой палове 18 стагодзьдзя гэтая мясцовасьць была ўключана ў межы нашага гораду, і пазьней да яе прымкнуў Новы Сьвет, куды мы зараз з вамі накіроўваемся”.

Карэспандэнт: “Разам з усімі ўдзельнікамі фотапленэру я бачу спадарыню з маленькім дзіцём на руках. Вы жывяце на Новым Сьвеце, у якім менавіта месцы і чаму прыйшлі сюды цяпер?”

Спадарыня: “Я жыву на вуліцы Бялінскага і проста хачу, каб гэты раён захаваўся, таму што гэта гістарычная каштоўнасьць: цэнтар гораду, прыгажосьць. Сэрца баліць, таму што гэты раён хутка разбураць”.

Удзельнікі пленэру Янка Лялевіч і Юля Каляда
Карэспандэнт: “А даўна вы жывяце тут?”

Спадарыня: “Так. Я жыву тут ўжо трыццаць дзевяць год”.

Карэспандэнт: “А ваш дом якога году пабудовы?”

Спадарыня: “1907 году, ужо сто гадоў яму, сто адзін нават гэтаму дому”.

Карэспандэнт: “Удзельнікі пленэру дайшлі да лютэранскай кірхі, якая захавалася, але фасад яе неадрэстаўраваны. Я бачу, мне здаецца, самую юную ўдзельніцу пленэру, у яе два фотаапараты на шыі вісяць”.

Дзяўчына: “Мне трынаццаць гадоў, я хаджу ў народны фотаклюб гарадзкі, удзельнічала ў конкурсах, у мяне ёсьць першыя месцы”.

Карэспандэнт: “Які найбольш удалы кадр у цябе быў сёньня, на твой погляд, як ты сама ацэньваеш?”

Дзяўчына: “Думаю, што той, які зрабіла толькі што, я фатаграфавала кірху. Яна вельмі старая і прыгожая і гэта заўважна”.

Карэспандэнт: “На жаль, пачынаецца дожджык, чаго вельмі баяліся арганізатары фотапленэру. А наперадзе мы бачым дамок Максіма Багдановіча, дзе знаходзіцца музэй паэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG