У вёсцы Парэчча на могілках усталяваны крыж у гонар паўстанцаў, якія ў 1831-33 гадах змагаліся супраць расейскага царызму. А 18 чэрвеня споўнілася 202 гады з дня нараджэньня кіраўніка паўстанцкага атрада, Міхала Валовіча.
Мікалай Ракевіч, мясцовы жыхар, пэнсіянер, былы настаўнік беларускай мовы, апавядаў аб жыцьцёвым лёсе Міхала Валовіча. Нагадаў прысутным, што дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца ягоная магіла.
Існуе некалькі вэрсіяў. Паводле першай, пасьля таго, як яго пакаралі ў Горадні, цела, быццам, скралі паўстанцы й перавезьлі ў Парэчча, дзе і пахавалі. Па другой вэрсіі, ягонае цела выкупіла маці й пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую збудавалі Валовічы. На тым месцы стаяў крыж.
Ракевіч: “І што вы думаеце, тут быў сьвятар, які прыехаў аднекуль з Прыднястроўя. Ён падгаварыў забулдыгаў, п’яніцаў і яны вырвалі той крыж і нясьлі ў Шчару ўтапіць, але там вялікая багна й яны кінулі яго ў гэтую багну й усё.”
Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, Сяргей Мальчык з Горадні, зазначыў, што нашаму народу ёсьць кім ганарыцца й нягледзячы на непрыязьнь уладаў з кожным годам усё болей людзей бяруць удзел ва ўшанаваньні памяці такіх герояў Беларусі, як Міхал Валовіч, Кастусь Каліноўскі і іншых.
Слонімскі журналіст і пісьменьнік, Сяргей Чыгрын, распавядаў, што мясцовы скульптар Лявон Богдан плянуе паставіць помнік Міхалу Валовічу паміж парэцкімі могілкамі й былой вуніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, праўда, дагэтуль ня можа атрымаць дазвол ад уладаў.
Пасьля выступаў прамоўцаў прысутныя засьпявалі Магутны Божа. Калі ўжо былі згарнутыя бел-чырвона-белыя сьцягі й людзі сядалі ў машыны, да месца падзеі пад’ехалі міліцыянты, праўда, яны нікога не затрымлівалі, а толькі сядзелі ў машыне.
На мэрапрыемстве ўпершыню прысутнічаў старшыня мясцовага сельсавета, але нічога не прамаўляў. Упершыню ў Парэчча зьехаліся больш за 50 актывістаў са Слоніма, Зэльвы й Горадні.
Нагадаю, што Міхал Валовіч быў пакараны сьмерцю на шыбеніцы ў Горадні па загаду губэрнатара Мураўёва-вешальніка 2 жніўня 1833 года. Яму споўнілася толькі 26 гадоў.
Сёняшняе мэрапрэемства ў вёсцы Парэчча было зарганізавана сябрамі БНФ “Адраджэньне” і актывістамі руху стваранага “За свабоду”.