Пра існаваньне камісіі, якая дасьледвае сутарэньні, скляпеньні і лёхі, і якая не афішуе сваю працу паведаміла Кіраўніца археалягічнага цэнтру Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Вольга Ляўко:
Гэта спэцыяльная дзяржаўная камісія, якая займаецца выведкай падземных збудаваньняў
“Так, такая камісія існуе і такая камісія працуе. Гэта спэцыяльная дзяржаўная камісія, якая займаецца выведкай падземных збудаваньняў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі шэрагу ведамстваў. Але гэта звычайная практыка ўсіх дзяржаваў, так што наша камісія нічым ня горшая і ня лепшая за астатнія. А дзе яна працуе, на якіх аб’ектах? Кожны год зацьвярджаецца плян дасьледаваньняў і пасьля прымаецца справаздача аб зробленай працы”.
Карэспандэнт: “Камісія падпарадкоўваецца Інстытуту гісторыі НАН?”
“Не, яна не падпарадкоўваецца нашаму інстытуту. Гэта камісія ўрадавая, дзяржаўнага ўзроўню. У іх ёсьць свой плян, па якім яны праводзяць выведкі. На гэты год было заплянавана парадку сямі аб’ектаў. Іншая справа што не заўсёды ўдаецца на ўсіх аб’ектах папрацаваць, бо, зразумела ж, розныя акалічнасьці здараюцца. Ці бывае так, што якісьці дадатковы аб’ект узьнікае, які тэрмінова патрабуе ўмяшаньня. Але, у прынцыпе, яны ідуць паводле пляну і пры канцы году робяць справаздачу. У першую чаргу ўсё падпарадкавана плянавасьці. Бо абсталяваньне дарагое, проста так ня будзеш жа па Беларусі матацца, правільна?”
Карэспандэнт: “А з тых сямі згаданых аб’ектаў некаторыя назваць можаце?”
“Я ня маю на гэта паўнамоцтваў. Я ў гэтай камісіі таксама знаходжуся, але ня маю права пра штосьці вам казаць. І ажыятаж ўздымаць з гэтай нагоды няма ніякага сэнсу, таму што праводзяцца такія ж плянавыя працы, як вядуцца і на тэрыторыі любой іншай краіны”.
Ці канкурэнты “чорныя капальнікі” афіцыйным?
Гісторык і археоляг Алег Трусаў працаваў шмат на якіх гістарычных аб’ектах:
У Нясьвіжы панакапвалі ямінаў, залезьлі туды дзеці, загінулі
“Нейкія напаўпадпольныя структуры колісь ствараліся. Яны ў Нясьвіжы пароліся, потым іх разагналі. Былі нейкія там “фізікі-хімікі”. У Нясьвіжы панакапвалі ямінаў, залезьлі туды дзеці, загінулі. Здарыўся скандал грандыёзны, іх расфармавалі. Гэты было ў 1990-х гадох. Але нельга сказаць, што была самадзейнасьць, былі ў іх на руках нейкія паўлегальныя паперы”.
Карэспандэнт: “Як, па-вашаму, ёсьць дзе ў Беларусі пакапацца? Шмат месцаў не дасьледаваных?”
“Ды хапае, канечне! Цалкам дасьледаваных мясьцінаў увогуле няшмат. Іншая справа, што я зараз за тое, каб дасьледаваць толькі там, дзе працы праводзяцца папярэднія. А тое, што стаіць, хай сабе пастаіць да лепшых часоў. Працаваць трэба ў зоне земляных работаў, што і належыць рабіць паводле закону. Перад будаўнікамі перш-наперш павінны ісьці археолягі. І калі рэстаўрацыя плянуецца палацу ў Паставах, то фармальна -- усё правільна, спачатку павінны археолягі дасьледаваць”.
А можа археалягічныя спэцбрыгады створаныя для таго, каб апярэдзіць “чорных капальнікаў”, якія палююць за гістарычнымі скарбамі?
На гэтае пытаньне адказвае Вольга Ляўко:
“Ня трэба прыплятаць адно да іншага. “Чорных капальнікаў” павінна браць за хвост Міністэрства культуры, якое апякуецца аховай помнікаў. Там ёсьць дэпартамэнт у ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Вось яны і мусяць займацца пытаньнямі, зьвязанымі з “чорнымі капальнікамі”. Яны ня могуць прыцягваць да адказнасьці (да адказнасьці іх прыцягваць павінны іншыя органы), але прынамсі дакумэнты на іх складацца павінны з боку органаў аховы помнікаў. Інстытут гісторыі – гэта служба навуковая, якая займаецца навуковымі дасьледаваньнямі. У тым ліку і на тэрыторыі, дзе вядзецца якое-небудзь будаўніцтва. Гэта ўжо ў рамках гаспадарча-дамоўных тэмаў мы працуем. Усе мы разьмежаваныя і кожная арганізацыя мае свае функцыі”.
Чаму не капалі ў Верхнім горадзе?
У асяродку археолягаў існаваньне таемнай камісіі -- таксама з шэрагу загадак. Археоляг Эдвард Зайкоўскі кажа, што перад тым, як у самым цэнтры Менска на месцы зруйнаваных гістарычных будынкаў пачалі будаваць вялізны комплекс Духоўнага адукацыйнага цэнтру Беларускай праваслаўнай царквы, сябры археалягічнай камісіі чамусьці не ўдзельнічалі ў раскопах. Уратаваць скарбы “культурнага пласта” спрабавалі звычайныя археолягі. Але за кароткі тэрмін да пачатку будаўніцтва зрабіць гэта аказалася няпроста:
“Менавіта ў зьвязку з гэтым і капалі, каб правесьці такія выратавальныя раскопкі: хутчэй трошкі пакапаць, пакуль не пачалі будаваць. У мінулым годзе ва ўсялякім разе на месцы кляштара былога, дзе пазьней разьмяшчалася вайсковая камэндатура, раскопы былі, а таксама недалёка ад праваслаўнага сабору, таксама капалі”.
Карэспандэнт: “А хто капаў – не з камісіі?”
“Не, археолягі. Сярод іх Каласоўскі быў, мусіць Вайцяховіч, Заяц, Негарэйчанка з БДУ таксама мела дачыненьне”.
Пры канцы мінулага тыдня, у міжнародны Дзень помнікаў і мясьцінаў, актывісты моладзевага аб’яднаньня “Гісторыка” наладзілі канцэрт на руінах палацу Сьлізьняў у вёсцы Новадзявяткавічы Слонімскага раёна, з тым каб прыцягнуць увагу да разбуранага помніка, які ў ХІХ стагодзьдзі маляваў Напалеон Орда. Дагэтуль нічога не вядома аб лёсе арсэналу старадаўняй зброі, каралеўскіх прывілеяў, тастамэнтаў роду Мялешкаў і Сьлізьняў. Пасьля таго, як зямля пад палацам правалілася, мясцовыя школьнікі адшукалі лёхі. Але пакуль сюды не даехалі “чорныя капальнікі” ці не здарылася трагедыя, падобная да той, пра якую згадваў Алег Трусаў, пра палац, мабыць, узгадаюць ня хутка.