Большасьць сяброў Сэнату ЗША ў чацьвер падтрымалі кандыдатуру Джона Рэткліфа, вылучанага прэзыдэнтам Дональдам Трампам на пасаду дырэктара ЦРУ. Сэнат прагаласаваў за зацьвярджэньне Рэткліфа: 74 галасы былі пададзеныя «за», 25 «супраць», 20 дэмакратаў і адзін незалежны сэнатар далучыліся да рэспубліканцаў у падтрымцы кандыдатуры новага дырэктара ЦРУ.
Рэткліф раней быў чальцом Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу і займаў пасаду дырэктара Нацыянальнай выведкі падчас першага прэзыдэнцкага тэрміна Трампа.
Сябры камітэту выведкі Сэнату на слуханьнях на мінулым тыдні задалі Рэткліфу шмат пытаньняў, якія тычацца таго, ці будзе ён звальняць або адхіляць супрацоўнікаў за іх палітычныя погляды або стаўленьне да Трампа, які неаднаразова крытыкаваў Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленьне.
Рэткліф запэўніў, што ня стане гэтага рабіць, і камітэт падтрымаў ягоную кандыдатуру большасьцю ў 14 супраць супраць траіх на паседжаньні ў панядзелак. Гэта адкрыла шлях для разгляду ягонай кандыдатуры ў поўным складзе Сэнату.
Рэткліф займаў пасаду дырэктара Нацыянальнай выведкі — найвышэйшай выведвальнай службовай асобы краіны — з траўня 2020 году да адстаўкі Трампа з пасады прэзыдэнта ў студзені 2021-га.
На слуханьнях Рэткліф выказаў упэўненасьць у тым, што ЗША могуць супрацьстаяць Расеі і Кітаю і паабяцаў расьсьледаваць, ці былі амэрыканскія дыпляматы, якія пацярпелі ад так званага «гаванскага сындрому», атакаваныя якім-небудзь замежным супернікам. Пра гэта паведамілі агенцтва Reuters і «Голас Амэрыкі».