У Эўропе і ЗША людзі зладзілі акцыі пратэсту супраць палітыкі амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа і ягонага дарадцы, мільярдэра Ілана Маска, паведамляюць агенцтвы Reuters, AP i CNN. Гэта найбуйнейшыя пратэсты з моманту абраньня Трампа на другі тэрмін.
Каля 1200 акцыяў пратэсту былі заплянаваныя на 5 красавіка ва ўсіх 50 штатах ЗША. Удзельнікі акцый выказвалі незадаволенасьць скарачэньнямі тысяч дзяржаўных службоўцаў, дэпартацыямі мігрантаў, паслабленьнем абароны трансгендэрных людзей, скарачэньнем фінансаваньня сацыяльных праграм, у тым ліку па ахове здароўя, а таксама новымі мытамі.
Так, адна з акцыяў адбылася ў Флорыдзе, непадалёк ад гольф-клюба, дзе знаходзіўся прэзыдэнт ЗША. Пратэстоўцы скандавалі лёзунгі і ўздымалі плякаты.
Тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Бостана. Гэта адна з 1200 іншых акцыяў пратэсту, якія праходзяць ва ўсіх 50 штатах ЗША.
Акцыі ладзілі таксама ў краінах Эўропы. Так, у нямецкім Франкфурце дэманстранты выйшлі на акцыю пратэсту «Рукі прэч», арганізаваную дэмакратамі за мяжой.
У Бэрліне актывісты стаялі перад выставачнай заляй Tesla і амбасадай ЗША ў знак пратэсту супраць Трампа і гендырэктара Tesla Ілана Маска. Некаторыя трымалі плякаты з заклікамі «Пакласьці канец хаосу» ў ЗША.
У Парыжы пратэстоўцы, пераважна амэрыканцы, сабраліся каля плошчы Рэспублікі, размахваючы банэрамі з надпісамі «Супрацьстаяць тырану», «Вяршэнства права», «Фэміністкі за свабоду, а не фашызм» і «Выратуйце дэмакратыю».
У Лёндане актывісты выйшлі на Трафальгарскую плошчу, трымаючы ў руках плякаты з надпісам: «Кінь Трампа».
- 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра ўвядзеньне ЗША мытаў на тавары з усяго сьвету. Базавая мытная стаўка на імпарт усіх замежных тавараў у ЗША складзе 10%. Для краін Эўразьвязу мыта складзе 20%, для Кітая — 34%, для Паўднёвай Карэі — 25%, для Японіі — 24%, для Індыі — 26%. Рэкордныя паказчыкі мыта — для Камбоджы (49%), Віетнама (46%) і Шры-Ланкі (44%).
Форум