Напады на стратэгічныя падводныя тэлекамунікацыйныя кабэлі ля ўзьбярэжжа Тайваня ня новыя, але калі на пачатку студзеня зьявілася падазрэньне, што ля паўночнага ўзьбярэжжа кітайскі карабель адзін зь іх парваў, гэта адпавядала шаблённаму ўяўленьню, якое шырыцца ўсё болей, пішуць журналісты Радыё Свабода Рыд Стэндыш і Сашко Шаўчэнка.
На некалькі тыдняў раней карабель пад расейскім сьцягам перарэзаў электрычны кабэль паміж Фінляндыяй і Эстоніяй у Балтыйскім моры.
Гэта адбылося пасьля некалькіх падобных падзей на Балтыцы з удзелам караблёў пад кітайскім сьцягам, якія нанесьлі шкоду падводнай інфраструктуры, у тым ліку абарвалі валаконна-аптычныя кабэлі ў лістападзе і пашкодзілі газаправод у кастрычніку 2023 году.
Для Габрыелюса Ландсбергіса, які займаў пасаду міністра замежных спраў Літвы да сьнежня, гэты шэраг здарэньняў падкрэсьлівае, як заціраюцца адрозьненьні паміж рознымі сытуацыямі, адзначанымі ростам напружаньня: з аднаго боку, паміж Захадам і Расеяй у сувязі з вайной ва Ўкраіне; з другога — паміж Кітаем і самакіраваным востравам Тайвань, дзе першы прэтэндуе на другі як на сваю ўласнасьць.
«Не павінна быць ніякіх сумневаў, што за гэтымі інцыдэнтамі на Балтыцы стаіць Расея, — сказаў Ландсбергіс у інтэрвію Радыё Свабода падчас свайго візыту на Тайвань. — Што да Кітаю, тут няма дакладнай атрыбуцыі, але калі б ён хацеў узмацніць ціск на Тайвань празь ценявую вайну, пераразаючы кабэлі, то мог бы павучыцца ў Масквы».
У той час як Кітай падтрымліваў Расею дыпляматычнымі сродкамі з моманту яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну і дапамагаў ёй у эканамічным і вайсковым пляне, пастаўляючы тэхналёгіі двайнога прызначэньня, пэрспэктыва росту каардынацыі паміж Пэкінам і Масквою становіць новы выклік для адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
«Кітай спрабуе стварыць вакол Тайваня новы лад, — сказаў Радыё Свабода Цю Чуйчжэн, міністар тайваньскае Рады з мацерыковых спраў (гэта орган, які адказвае за стасункі з Пэкінам). — Мэта Пэкіну — скараціць буфэрную зону паміж намі і зрабіць, каб яму было як мага лягчэй пайсьці на эскаляцыю, калі ён на гэта наважыцца».
Нядаўні інцыдэнт з кабэлем — апошні з шэрагу падобных праяваў, якіх, па словах Цю, цяпер усё больш — ад новых вайсковых вучэньняў з імітацыяй блякады вострава да трохразовага росту колькасьці падазраваных у шпіянажы на карысьць Кітаю, што мае на мэце стварыць грунт для будучых дзеяньняў супраць Тайваня.
«Мы гэта разглядаем не я выпадкі, а як стратэгію», — сказаў ён, маючы на ўвазе рост інцыдэнтаў з падводнымі камунікацыямі вакол Тайваня ў апошнія гады.
Жыцьцё ў «шэрай зоне»
На паверхні штодзённага жыцьця ў пышнай тайваньскай сталіцы не відаць асьцярог наконт патэнцыйнага кітайскага ўварваньня.
Але зьменлівая дынаміка падзей ужо дае пра сябе знаць. Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Трамп казаў, што Тайвань недастаткова плаціць за ўласную абарону, і выказаў сумневы наконт узроўню падтрымкі з боку ЗША ў выпадку кітайскага ўварваньня.
Палітыкаў вострава гэта ўстрывожыла: разрыў падводных кабэляў у рамках апэрацый так званай «шэрай зоны» — гэтым тэрмінам тайваньскія афіцыйныя асобы часта абазначаюць гібрыдную тактыку запалохваньня, якую яшчэ нельга назваць вайною — ускладніць абарону ад кітайскай агрэсіі, калі тая перарасьце ў адкрыты напад.
Кітай адмаўляе, што ён мае дачыненьне да студзеньскага пашкоджаньня кабэлю паблізу Тайваня, а расьсьледаваньне інцыдэнтаў у Балтыйскім моры яшчэ працягваецца.
Гэтыя эпізоды з кабэлямі сьведчаць пра вялікую ўразьлівасьць важнай афшорнай інфраструктуры і пра тое, як складана перасьледаваць сабатаж у судовым парадку. Аналітыкі называюць такія выпадкі часткай новай трывожнай сытуацыі зь бясьпекай у зонах напружаньня паблізу Ўкраіны і Тайваня і дадаюць, што ў наступныя гады, з уступленьнем Трампа на пасаду, справы могуць абвастрыцца.
«Гэтая гібрыдная тактыка, якую мы назіраем з боку Кітаю і Расеі, накіраваная на тое, каб стварыць для іх спрыяльныя ўмовы, калі зьявіцца магчымасьць зрабіць больш маштабны крок, — сказала Радыё Свабода Сары Архо Хаўрэн, асацыяваны навуковы супрацоўнік Лёнданскага Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных даследаваньняў. — Выглядае, што з уступленьнем Трампа на пасаду ёсьць і жаданьне акрэсьліць пэўныя чырвоныя лініі для Вашынгтона».
Новая нармальнасьць
У той час, калі Трамп паабяцаў хутка спыніць вайну ва Ўкраіне, падобна, што рызыка перарастаньня напружанасьці паміж Пэкінам і Тайбэем у канфлікт расьце.
У апошнія гады афіцыйныя асобы ЗША папярэджвалі, што Кітай рыхтуецца да патэнцыйнага ўварваньня на Тайвань. Пацьвердзіў гэта і сэнатар Марка Рубіё, прапанаваны Трампам на пасаду дзяржсакратара, 15 студзеня на слуханьнях у Сэнаце ЗША аб яго зацьвярджэньні.
«Нам трэба зразумець, што калі нешта кардынальна ня зьменіцца, напрыклад раўнавага [паміж Кітаем і Тайванем], так што яны прыйдуць да высновы, што выдаткі на ўварваньне на Тайвань будуць завысокія, нам давядзецца мець з гэтым справу яшчэ да канца гэтага дзесяцігодзьдзя», — сказаў Рубіё.
Да павелічэньня колькасьці гібрыдных сутыкненьняў і росту напружанасьці дадаецца актывізацыя вайсковага супрацоўніцтва паміж Пэкінам і Масквой.
Нядаўна кітайскія і расейскія бамбавікі правялі вайсковыя вучэньні каля Аляскі, адбыліся сумесныя вайскова-марскія вучэньні ля ўзьбярэжжа Паўднёвай Афрыкі і баявыя вучэньні ў Паўднёва-Кітайскім моры.
Сумесныя вайсковыя гульні — складнік узмоцненай вайсковай каардынацыі, якая ідзе ўжо больш за дзесяцігодзьдзе, і адна з найбольш прыкметных праяваў збліжэньня паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і лідэрам Кітаю Сі Цзіньпінам, якіх аб’ядноўвае агульнае жаданьне стварыць процівагу Злучаным Штатам.
Вашынгтонскі аналітычны Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS) зафіксаваў 102 выпадкі сумесных вайсковых вучэньняў, шматбаковых вайсковых вучэньняў або патруляваньня з 2003-га да канца ліпеня 2024 году. З таго часу вучэньні з удзелам Кітаю і Расеі адбываліся яшчэ чатыры разы. Паводле зьвестак CSIS, у пэрыяд з 2014 па 2023 год іх вайскоўцы кожны год праводзілі ад 4 да 10 сумесных вучэньняў. У 2024 годзе дзьве краіны правялі 11 сумесных вучэньняў.
Палітыкі ЗША ў апошнія гады неаднаразова папярэджвалі пра рызыкі, зьвязаныя з разьвіцьцём партнэрства паміж Кітаем і Расеяй — ад эканамічнай падтрымкі да пашырэньня вайсковага супрацоўніцтва. Адзін даклад, прыняты Кангрэсам, называе збліжэньне Кітаю і Расеі «самым значным у стратэгічным пляне паваротам падзей за апошнія гады».
«Спэцыяліст у вайсковым плянаваньні павінен падрыхтавацца да найгоршага сцэнару — а гэта шырокамаштабнае аб’яднаньне Расеі і Кітаю», — сказала Элізабэт Вішнік, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру вайскова-марскога аналізу, якая вывучае замежную палітыку Кітаю.
У сукупнасьці гэтая тэндэнцыя ставіць перад адміністрацыяй Трампа і іншымі палітыкамі ЗША складаныя пытаньні. Яны доўга меркавалі, як ім быць з кожнай ядзернай дзяржавай паасобку, але цяпер павінны плянаваць рызыку таго, што мець справу давядзецца з абедзьвюма адразу. У прыватнасьці, трэба ўлічваць тое, як Кітай і Расея могуць дзейнічаць разам у любым магчымым будучым канфлікце ў Эўропе ці ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.
«Пакуль незразумела, як гэта ўсё будзе, і гэта цяпер не сапраўдны вайсковы альянс, — сказала Вішнік, — але ў тых рамках, у якіх Пэкін і Масква хацелі б бачыць сваё супрацоўніцтва, яно расьце».