Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця Міхась Паўлаў, віцебскі краязнаўца і актывіст грамадзкага руху


Міхась Паўлаў, фота budzma.org
Міхась Паўлаў, фота budzma.org

Сыход Міхася Паўлава стаў шокам для ўсіх, хто яго ведаў. Гэта была знакавая фігура Віцебску — гораду, для якога ён зрабіў вельмі шмат. Міхась Паўлаў памёр на 60-м годзе жыцьця.

Згадвае журналіст Сяргей Навумчык, у 1980-х — супрацоўнік газэты «Віцебскі рабочы», пазьней дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце:

«Міхасю Паўлаву належыць вялікая роля ў змаганьні за архітэктурную спадчыну Віцебску, захаваньне і рэстаўрацыю гістарычнага цэнтру гораду. Хачу сказаць, што гэта было менавіта змаганьне, бо, акрамя супраціву чынавенства, было яшчэ і неразуменьне людзей. Маўляў, навошта захоўваць гэтыя старыя паўразбураныя дамы? Лепей на іх месцы пабудаваць новыя... Цяжка сказаць, якім бы сёньня быў Віцебск, каб не актывісты „Ўзгорʼя“!

Але я прыгадваю і 1988 год, калі пачаўся рух супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС (а была ўжо пастанова Саўміну СССР). Тады мы сабралі дзясяткі тысяч подпісаў віцяблянаў супраць гэтага праекту, і Міхась быў тут у першых шэрагах. Сёньня тое, што ўдалося спыніць будаўніцтва, падаецца цудам, але гэта быў ніякі ня цуд, а вынік настойлівасьці такіх асобаў, як Міхась. Вядома, ён адразу далучыўся і да стварэньня суполак Беларускага Народнага Фронту. Шкада, што такія людзі ў наш час аказаліся, па вялікім рахунку, не запатрабаванымі краінай, незалежнасьці якой яны дамагліся! Сьветлая памяць».

Віцебск, першыя «Дзяды» ў 1989 г. Міхась Паўлаў — зьлева
Віцебск, першыя «Дзяды» ў 1989 г. Міхась Паўлаў — зьлева

Найбліжэйшым паплечнікам Міхася Паўлава ў кожнай справе быў гісторык, археоляг Ігар Цішкін. Менавіта Цішкін і Паўлаў былі першымі стваральнікамі клюбу аматараў гісторыі і даўніны «Ўзгорʼе», які дзейнічаў у Віцебску ў 1980-я. «Узгорцы» зрабілі найважнейшую справу — захавалі многія помнікі архітэктуры ад разбурэньня, кажа сябар і паплечнік Міхася Паўлава спадар Цішкін:

«Прыдумалася ўсё на падставе неабходнасьці ратаваць Пакроўскую царкву, якая цяпер адноўлена і дзейнічае. Яна доўгі час стаяла закінутая, у пустых сьценах утварыўся сьметнік, а да таго ў культавым будынку разьмяшчаўся сьледчы ізалятар. І вось у 1986 годзе тое, што засталося ад царквы, сабраліся зьнішчыць. Ужо былі зроблены шурфы для закладаньня выбухоўкі па пэрымэтры. Яшчэ трохі — і яе ператварылі ў б друз, потым бы месца вычысьцілі, і няма ні клопату, ні царквы! Мы ўзялі ў рукі рыдлёўкі, насілкі і пайшлі вычышчаць парэшткі будынка. Адчынілі браму і пачалі адтуль выносіць сьмецьце, якое назьбіралася там за невядома колькі год... Сваёй працай мы „пікетавалі“ гэты абʼект, кажучы сучаснай мовай. А гарадзкія ўлады былі ў разгубленасьці — яны проста ня ведалі, што рабіць! Нас ніхто не чапаў, ніхто не разганяў, людзі — хто глядзеў, хто станавіўся побач... На пэўным этапе падключыліся і ўлады, былі створаны праектныя і вытворчыя рэстаўрацыйныя майстэрні.

Другім знакавым на той час абʼектам у горадзе быў касьцёл Святой Барбары. Рэстаўрацыйныя майстэрні ўжо працавалі, але і мы дапамагалі, выконваючы, так бы мовіць, некваліфікаваную працу: выносілі сьмецьце, будаўнічы друз...

А потым насталі іншыя часы — падасьпела незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. І новая дзяржава, здавалася, пачала станавіцца на нармальныя рэйкі, на шлях да цывілізаванага грамадзтва, у якім не руйнуюць, а аднаўляюць помнікі архітэктуры».

Міхась Паўлаў выступае ў віцебскім «Эўрапейскім клюбе»
Міхась Паўлаў выступае ў віцебскім «Эўрапейскім клюбе»

Аднак «Узгорʼе» ня зьнікла бясьсьледна: большасьць «узгорцаў» пайшла ў палітыку, бо актыўна пачалі ўтварацца палітычныя партыі, і кожны мог абраць тое, што яму бліжэй.

У 1988 годзе ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, і Міхась Паўлаў стаў кіраўніком віцебскай філіі. Але ня толькі палітыка была для яго важнай, падкрэсьлівае старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

«Міхась Паўлаў кіраваў Віцебскім абласным аддзяленьнем Грамадзкага абʼяднаньня „Праваабарончы цэнтар „Вясна“, быў адным з заснавальнікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Віцебску. Ён глыбока займаўся краязнаўствам, напісаў шмат артыкулаў па гісторыі Віцебшчыны, займаўся выдавецкай справай — выдаваў невялікія брашуры, сярод іх — „Забойства Іасафата Кунцэвіча“ з сэрыі „Таямніцы віцебскай гісторыі“, „Астровенскі касьцёл“, Бачэйкаўскі палац і парк“. Выдаваў за ўласныя грошы кнігі іншых краязнаўцаў — прыкладам, Ігара Цішкіна. Пісаў артыкулы пра антыбальшавіцкае паўстаньне на Гарадоччыне, адкуль і сам быў родам. Міхась Паўлаў меў мэдычную адукацыю, а таму ў сяброўскім асяродзьдзі яго так і звалі — „доктар“. Працаваў і па спэцыяльнасьці — тэрапэўтам, потым прайшоў перакваліфікацыю на кардыёляга. Займаўся й прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Як прадпрымальнік ён і дапамагаў выдаваць кнігі. А яшчэ займаўся вырабам плякетак — керамічных сувэніраў з выявамі архітэктурных помнікаў».

На прэзэнтацыі кнігі Ігара Цішкіна (ён справа)
На прэзэнтацыі кнігі Ігара Цішкіна (ён справа)

Ня так даўно Міхась Паўлаў перажыў глыбокі асабісты стрэс: на ягоных вачох згарэла бацькоўская хата ў вёсцы Селішча Гарадоцкага раёну. Яму ўдалося ўратаваць з агню старэнькую маці. Гэта таксама ўчынак, за які варта паважаць Міхася, кажуць сябры. І адзначаюць: ён умеў сябраваць — заўжды падтрымліваў блізкіх, ніколі занадта не «загружаючы» іх сваімі ўласнымі праблемамі...

Спадар Паўлаў неаднаразова даваў інтэрвію Радыё Свабода. У праекце «Бацькі і дзеці незалежнасьці» ён расказваў і пра стварэньне клюбу «Ўзгорʼе», і пра сваю сямʼю — сына Максіма, названага ў гонар славутага Максіма Багдановіча, і дачку Вераніку, якой далі такое ж імя, як у знакамітай гераіні паэта. Расказваў і пра спробы займацца бізнэсам, і пра будучыню Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG