Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з спэцпрадстаўніком Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кентам Гэрстэтам прапанаваў лепш абмяркоўваць тэму эўрапейскай бясьпекі, а не правядзеньня дэмакратычных выбараў.
У Менску 21–24 студзеня знаходзіцца зь візытам Кент Гэрстэт. Ягоная афіцыйная пасада гучыць так: спэцыяльны прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Ўсходняй Эўропе.
Падчас мінулых прэзыдэнцкіх (2015) і парлямэнцкіх (2016) выбараў у Беларусі ён быў адмысловым каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ад гэтай арганізацыі. Кажучы прасьцей, гэта швэдзкі грамадзянін — галоўны чыноўнік у АБСЭ, адказны за кантроль над беларускім выбарчым працэсам.
Зь ягоным актыўным удзелам рабіліся выніковыя справаздачы місіі міжнародных назіральнікаў пасьля прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, сфармуляваны комплекс прапановаў беларускім уладам па зьмене выбарчага заканадаўства.
Мае асабістыя сустрэчы з Кентам Гэрстэтам даюць падставы сьцьвярджаць, што гэты чалавек вельмі добра разьбіраецца ва ўсіх тонкасьцях і нюансах беларускіх выбараў. Не выпадкова, што ён прыехаў менавіта цяпер, калі кампанія мясцовых выбараў выйшла на фінішную прамую.
Варта адзначыць, што цяпер беларускія ўлады зьмянілі тактыку на перамовах з эўрапейскімі арганізацыямі. Раней яны адкідалі любую крытыку з боку Захаду наконт парушэньняў правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Маўляў, ня ваша справа, ня трэба ўмешвацца, у нас дэмакратыі больш, чым у вас. Цяпер, як сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Гэрстэтам, беларускі бок гатовы да абмеркаваньня любых праблемаў і пытаньняў. Хочаце пагаварыць пра адмену сьмяротнага пакараньня — то давайце правядзём сумесны сэмінар. Можна і пра дэмакратыю. Тут тактыка афіцыйнага Менску сфармуляваная міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем так: не прысьпешвайце нас.
Тактыка афіцыйнага Менску сфармуляваная міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем так: не прысьпешвайце нас
Вось і рэкамэндацыі назіральнай місіі АБСЭ пасьля парлямэнцкіх выбараў беларускія ўлады з парогу не адрынулі. Над імі працавала адмысловая камісія. Некаторыя касмэтычныя зьмены ў выбарчае заканадаўства былі ўнесеныя яшчэ да 1 лютага 2017 году. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына некалькі разоў паведамляла, што ў сакавіку павінна была прайсьці нарада ў прэзыдэнта па гэтым пытаньні.
Але нарада так і не адбылася. Лукашэнка не захацеў нават касмэтычных зьменаў. Мясцовыя выбары праходзяць па старым заканадаўстве.
Чаму так? А ніхто асабліва не патрабуе. Народ маўчыць. На патрабаваньні апазыцыі можна не зьвяртаць увагі. Захад памяняў тактыку ў стаўленьні да беларускага рэжыму. Пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека падчас перамоваў вынесеныя ў асобны кейс, яны не выстаўляюцца ў якасьці ўмоваў для разьвіцьця адносін у іншых сфэрах. Асноўны ціск на афіцыйны Менск ажыцьцяўляе не ЗША ці ЭЗ, у якіх ёсьць пэўныя мэханізмы ўплыву, а АБСЭ. Але справа ў тым, што ў апошнія гады АБСЭ ператварылася фактычна ў гуманітарную арганізацыю, кшталту Рады Эўропы. Яна можа выказваць толькі пажаданьні, рычагоў ціску ў яе няма.
Прыезд назіральнай місіі АБСЭ на мясцовыя выбары не прадугледжаны. Таму па іх выніках ня будзе нэгатыўных высноваў міжнародных структур. Тады навошта сьпяшацца зь нейкімі зьменамі?
Лідзія Ярмошына падчас сустрэчы з Кентам Гэрстэтам патлумачыла нежаданьне беларускіх уладаў улічваць рэкамэндацыі АБСЭ тым, што рыхтуецца «мадэрнізацыя Канстытуцыі». Пра пляны мадэрнізацыі палітычнай сыстэмы Беларусі Лукашэнка казаў яшчэ ў 2012 годзе. У 2016 годзе ён намякаў на магчымыя зьмены ў Канстытуцыі. Але пакуль пра гэта нічога не чуваць. Падаецца, што гэта такая праставатая адмазка, каб тлуміць галовы эўрапейскім палітыкам і дыпляматам.
Варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка кожны раз асабіста прымае Кента Гэрстэта, калі той прыяжджае ў Менск. З той інфармацыі пра сустрэчу, якую дае БелТА, вынікае, што кіраўнік Беларусі акцэнтаваў увагу на тэмах бясьпекі, нагадаў пра праект «Хэльсынкі-2». Маўляў, давайце пагаворым пра што заўгодна, толькі не пра беларускія выбары.
Гледзячы па ўсім, сп. Гэрстэт усё ж падняў непрыемную для Лукашэнкі тэму. І атрымаў адказ: «Мы сувэрэнная незалежная дзяржава, і як любая іншая краіна, як і ваша родная Швэцыя, мы ня можам пагадзіцца або дапусьціць, каб нас штурхалі ў сьпіну, падганялі нас, павучалі нас». Пры гэтым ён заўважыў, што Беларусь «гатовая вучыцца», але нэгатыўна рэагуе, калі «павучаюць».
То бок гэта размова на розных мовах. Вы нам пра выбары, мы вам пра бясьпеку. Вы нам пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, мы вам пра «Хэльсынкі-2». Такі своеасаблівы дыялёг сьляпога з глухім.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.