Адзначаецца, што падчас апэрацыі выяўленыя «дзясяткі адзінак GPS-навігатараў, сродкаў сувязі і мабільных прылад», якія выкарыстоўваліся для дастаўкі ў краіну цыгарэт з дапамогай паветраных шароў.
САДМ паведамляе, што на сёньня выяўлена больш за 100 асобаў, якія маюць дачыненьне да «паветранай перавозкі цыгарэт». Праведзеныя затрыманьні (колькасьць і грамадзянства затрыманых не паведамляюцца).
Падчас ператрусаў супрацоўнікі паліцыі «выявілі агнястрэльную зброю і боепрыпасы, наркотыкі, кантрабандныя цыгарэты, транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваліся для злачыннай дзейнасьці, і іншыя прадметы», гаворыцца ў паведамленьні.
У апэрацыі прынялі ўдзел больш за 100 супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, больш за 30 ператрусаў праведзеныя ў розных раёнах.
«Гэта вельмі выразны сыгнал арганізатарам і памагатым кантрабанды. Наша стратэгічная мэта — зрабіць гэтую злачынную дзейнасьць ня толькі нерэнтабельнай, але і стрымліваючай», — заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
Зьвяртаецца ўвага, што паводле распараджэньня кіраўніка МУС для барацьбы з кантрабандай беларускіх цыгарэт створаная сумесная сьледчая група з супрацоўнікаў Службы дзяржаўнай бясьпекі, паліцыі, мытні і Нацыянальнага ўпраўленьня па барацьбе з тэрарызмам.
МУС Літвы таксама ініцыявала ўнясеньне зьменаў у заканадаўства з мэтай узмацненьня жорсткасьці адказнасьці вінаватых у кантрабандзе. Удакладняецца, што праект паправак у заканадаўства накіраваны на ўзмацненьне жорсткасьці крымінальнай адказнасьці за перавозку кантрабанды (тавараў, забароненых прадметаў і рэчываў) небясьпечным спосабам, які стварае пагрозу грамадзкай бясьпецы.
- У канцы кастрычніка Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і мэтэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакіданьня цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільня некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 сьнежня па менскім часе) з магчымасьцю падаўжэньня.
- У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 «Аб прымяненьні спэцыяльнай абмежавальнай меры», якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праяжджаць праз усе пункты пропуску, за выключэньнем літоўскіх.
- У выніку сытуацыі, якая склалася, у Беларусі затрымалася прынамсі 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Менску распарадзіліся зьмясьціць на стаянкі — пад платную ахову.
- Вільня беспасьпяхова спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо адмяніць рашэньне аб закрыцьці мяжы, альбо выйсьці на палітыка-дыпляматычнае вырашэньне праблемы.
Форум