Дапамогу атрымаў 31 экс-палітвязень. Адзін чалавек адмовіўся ад атрыманьня сродкаў, папрасіўшы накіраваць іх іншым людзям, паведамілі ў фондзе.
Да канца гэтага году фонд чакае заявак на атрыманьне дапамогі ад палітвязьняў з замежным грамадзянствам, якія вызваленыя 11 верасьня і вывезеныя ў Літву. Калі такіх зваротаў ня будзе, астатнюю суму разьмяркуюць паміж тымі, хто ўжо атрымаў падтрымку.
23 верасьня стала вядома, што BySol скасаваў прынятае раней рашэньне зарэзэрваваць частку сродкаў, сабраных для вызваленых 11 верасьня і вывезеных у Літву палітвязьняў, для наступных групаў вязьняў, якія выйдуць на волю.
«Уся сума будзе падзеленая на 52 чалавекі і выплачаная вызваленым палітвязьням», — гаварылася ў тагачасным паведамленьні фонду. Таксама там адзначалі, што маюць прамы кантакт з 34 зь іх.
Рашэньне BySol зарэзэрваваць частку сабраных сродкаў для наступных групаў палітвязьняў выклікала крытыку з боку шэрагу ахвярадаўцаў, заўважыла агенцтва «Позірк». У прыватнасьці, людзі пісалі, што збор праводзіўся менавіта для групы, вызваленай 11 верасьня, і варта было перадаць усе сабраныя сродкі менавіта ёй. Тады для палітвязьняў сабралі 111 423 эўра.
Агулам 11 верасьня ў Літву вывезьлі 51 чалавека, у тым ліку 37 грамадзян Беларусі. Яшчэ адзін, палітык Мікалай Статкевіч, адмовіўся ад прымусовага вывазу, пакінуў аўтобус паміж пунктамі пропуску Каменны Лог/Меднікі і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Далейшы яго лёс невядомы. Паводле ўскосных заяваў Аляксандра Лукашэнкі і здагадках блізкіх Статкевіча, палітыка вярнулі ў калёнію ў Глыбокім.
Форум