Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люўр зачыніць адну з галерэяў — праверка выявіла недахопы ў сыстэме аховы экспанатаў


Люўр
Люўр

17 лістапада знакаміты парыскі музэй заявіў, што закрывае адну са сваіх галерэяў у якасьці меры засьцярогі пасьля таго, як праверка выявіла структурныя недахопы ў некаторых бэльках будынка.

Галерэя «Кампана», у якой разьмешчаныя дзевяць заляў, прысьвечаных старажытнагрэцкай кераміцы, будзе зачынена, пакуль праводзяцца дасьледаваньні «пэўных бэлек, якія падтрымліваюць падлогі другога паверху» над ёй, гаворыцца ў заяве музэйнікаў, на якую спасылаецца AFP.

У музэі ўпэўніваюць, што заява ня мае ніякага дачыненьня да нядаўняга рабаваньня ў самай наведвальнай мастацкай галерэі сьвету, але зьявілася як наступствы жорсткай крытыкі, якая абрынулася ў Францыі на дырэкцыю ўстановы за недахопы ў бясьпецы.

У мінулым месяцы банда з чатырох чалавек уварвалася ў Люўр зь драбінай і вуглавымі шліфавальнымі машынамі ў сьветлы час содняў. Ліхадзеям удалося выкрасьці ювэлірныя вырабы на суму каля 102 мільёнаў даляраў на вачах у зьдзіўленых наведнікаў. Перад узломам галоўны адміністратар музэю публічна папярэджваў пра ўмовы ў былым каралеўскім палацы, які летась наведалі 8,7 мільёна чалавек.

Кіраўніца Люўру Ляранс дэ Кар у студзені ў сваёй службовай запісцы паведамляла пра «пашырэньне пашкоджаньняў у музэйных памяшканьнях, некаторыя зь якіх знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане». Тамсама яна адзначала, што некаторыя зоны «больш не былі воданепранікальнымі, а ў іншых назіраліся значныя перапады тэмпэратураў, што пагражала захаваньню твораў мастацтва».

Галерэя «Кампана» разьмешчаная на першым паверсе крыла Салі ў самым усходнім канцы комплексу, а другі паверх над ёй, паводле высноваў праверкі ў музэі, мае структурныя праблемы.

У цяперашні час гэтая зона выкарыстоўваецца ў якасьці офісных памяшканьняў, паведамілі ў музэі.

65 чалавек, якія звычайна там працуюць, пераселяць, пакуль будзе праводзіцца далейшае расьсьледаваньне. Адпаведна, ня будзе працаваць і галерэя грэцкай керамікі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG