Як вынікае з аб’яў аб аўкцыёнах на сайце Gostorg.by, пачатковая цана лота — 51 600 рублёў, аўкцыён будзе праходзіць з крокам 5 працэнтаў.
«Кола агляду» было выраблена ў 2010 годзе. Адзначаецца, што атракцыён у працоўным стане, яго вышыня складае 27,5 м. У атракцыёне ёсьць адкрытыя і закрытыя кабінкі. Агульная ўмяшчальнасьць — каля 80 чалавек.
«Сёлета ў сакавіку ўступілі ў сілу новыя правілы, якія абмяжоўваюць тэрмін службы такіх атракцыёнаў ня больш за тры тэрміны, прызначаныя вытворцам. Тэрмін службы „Колы агляду“ па заводзе-вытворцу складаў пяць гадоў. Заканамерна, яго далейшая эксплуатацыя забаронена», — паведамілі выданьню «СБ. Беларусь сегодня» ў «Менскзелянбудзе». Паведамляецца, што «Кола агляду» можа выкарыстоўвацца па-за межамі Беларусі, у дзяржавах, дзе тэхнічны рэглямэнт гэта дазваляе.
Больш за 70% атракцыёнаў у Беларусі, якія працягваюць выкарыстоўвацца, ужо адпрацавалі свой тэрмін эксплюатацыі, які ў сярэднім складае 7–10 гадоў, паведамляла Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі ў 2024 годзе.
Паводле МНС Беларусі, нарматыўны тэрмін службы атракцыёнаў складае 7-10 гадоў, аднак многія зь іх ужо адпрацавалі ўдвая больш за вызначаны тэрмін. Ведамства прапануе працягваць эксплюатацыю такіх атракцыёнаў ня больш як на 12 месяцаў. Калі ж абсталяваньне адпрацавала тры ці больш тэрмінаў службы, яго рэкамэндуецца выводзіць з эксплюатацыі.
Тэму бясьпекі атракцыёнаў узьнялі пасьля няшчаснага выпадку на атракцыёне ў ліпені 2024 году ў менскім парку Чалюскінцаў. Тады зламаўся атракцыён «Лебедзі», у выніку чаго людзі ўпалі з вышыні 3–4 мэтраў. Некалькі чалавек атрымалі траўмы.
Форум