Ягада-журавель — што гэта? Дзе адбываецца забег вішнёвых сьлімакоў? Куды ехаць па гаспадарчы сыр? Якой даўжыні самая лепшая каўбаса? Яна Шыдлоўская прапануе наведаць смачныя фэсты Беларусі.
Бягі вішнёвых сьлімакоў і стральба вішнёвымі косткамі
Чырвоная кісла-салодкая ягада вырастае з пахкіх белых кветак, пылок і нэктар з якіх асабліва ўраньні любяць зьбіраць пчолы. Сьпелая вішня ідзе ў сочыва і мармэляд, начыняе пірагі. Славу беларускай вішні прынесла вішнёўка — салодкую настойку трымалі ў прыемнай аптэчцы панскага маёнтка, ад панядзелка да панядзелка пад грукат дробнага дажджу яе піла бедна басота. Каб атрымаўся чырвоны водарны напой, вішні залівалі сьпіртам, дадавалі карыцу і гвазьдзікі, зь месяц трымалі на сонцы, падсалоджвалі цукрам — і на здароўе.
На беларускае вішнёвае «ханамі» варта паехаць у Глыбокае — вішня стварае аблічча гораду-саду, квітнеючы ледзь ня ў кожным двары. Больш за тое, некалькі гадоў таму каля Глыбокага пасадзілі вішнёвы сад на паўтары тысячы дрэў і паставілі тэматычны помнік пад назвай «Глыбоцкая вішня». У ліпені некалькі дзён фэстывалю ў гонар кісла-салодкай ягады пераўтвараюць горад у вішнёвую сталіцу. Удзельнікі сьвята спрачаюцца за званьне найлепшага стралка вішнёвымі косткамі і робяць стаўкі ў забегу вішнёвых сьлімакоў. Тут танчаць у вішнёвым садзе, адзначаюць вішнёвае вясельле, абіраюць Вішнёвую каралеву і каштуюць вішнёвы пірог. Не абыходзіцца Вішнёвы фэстываль і без кірмашу, дзе можна набыць і сьпелыя вішні, і прыгатаваныя зь іх смакоцьці. Найбольш распаўсюджаныя вырабы — жэле, сыроп, сокі і сочыва. Вішня ня траціць смаку і ў сушаным выглядзе. Ягады з косткамі высушваюць на сонцы і ў печы, а пасьля дадаюць іх у мясныя і рыбныя соўсы, гатуюць посныя супы зь віном і цукрам. Запарваць сухія вішні можна і замест гарбаты.
Ягада-журавель з балота Ельня
Чырвоныя журавіны растуць на імшыстых балотах і ў Беларусі сустракаюцца паўсюдна. Аднак найбольшы запас гэтых надзвычай карысных ягад знаходзіцца на верхавым балоце Ельня на Мёршчыне. 18 травеньскіх дзён сьветла-пунсовыя і ружовыя кветкі на тонкай сьцяблінцы ўпрыгожваюць тутэйшы мох. Іх выгляд нагадваў беларусам шыю і галаву жураўля, таму і ягады сталі называць журавінамі. Падабенства ягады і птушкі заўважылі і англічане і пачалі называць журавіны «ягадай-жураўлём». Сьпеюць журавіны ў верасьні-кастрычніку і застаюцца на зіму, таму і зьбіраць іх можна нават пасьля cыходу сьнегу. Прыканцы верасьня на ўскрайку Ельні адбываецца экалягічнае сьвята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». На фэстывалі можна даведацца, як, дзе і калі зьбіраць журавіны, што зь імі рабіць, як захоўваць, паспатаць ягады ў розных апмлюа, а таксама набыць журавінаў на зіму. У Беларусі, якая займае адно зь першых месцаў паводле абʼёмаў збору кіслых чырвоных ягад, журавіны моцна шануюць, перадусім — за іх карысныя якасьці. Зь ягад робяць морсы, кісялі, сокі, квас, сочыва, а лісьце дадаюць у гарбату. На сьвяты гаспадыні ставяць на стол моцную журавінку, а ў падарунак замежным гасьцям вязуць журавіны ў цукры. Дарэчы, апошнія можна зрабіць самастойна. Для гэтага вільготныя журавіны трэба ўкачаць у цукровую пудру да ўтварэньня тоўстай абалонкі, падсушыць у цёплай духоўцы — і ласунак зь непаўторнай кісьлінкай унутры гатовы. Журавіны добра захоўваюцца і ў сырым выглядзе — іх дастаткова пакласьці ў дубовую бочку і заліць вадой. Так, ня страціўшы карысных рэчываў, ягады могуць прастаяць да наступнага ўраджаю.
На сьвяце журавін прысутнічаюць і птушкі, у гонар якіх ягады атрымалі сваю назву. Падчас восеньскай міграцыі на Ельні можна ўбачыць да чатырох тысяч журавоў. Заўсёдны ўдзельнік фэсту, арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», ладзіць журавінныя экскурсіі на чале з вопытным арнітолягам. Адʼехаўшы ўсяго некалькі кілямэтраў, удасца ўбачыць занесеных у Чырвоную кнігу прыгажуноў і як сьлед разглядзець іх праз абʼектыў падзорнай трубы.
20 мэтраў пальцам пханай каўбасы
2016-ы стаў годам нараджэньня фэстывалю старадаўняй ежы «Чарка-шкварка на Суле». У лістападзе ў парку-музэі інтэрактыўнай гісторыі гасьцей частавалі 20-мэтровай пальцам пханай каўбасой і смажаным баранам. На фэсьце працавалі два фуд-корты. «Шляхецкі пір» упрыгожвалі мясныя стравы з вострымі прыправамі — гвазьдзікай, перцам, імберцам, шафранам, мускатным арэхам — і напоі, якія прысутнічалі на стале беларускай шляхты XVII–XVIII стагодзьдзяў. На «Сялянскім падворку» падавалі больш простую, але ня менш смачную ліцьвінскую ежу. Лепшаму засваеньню страў спрыяла старадаўняя музыка ў выкананьні беларускіх гуртоў, а растрэсьці лішняе можна было падчас танцавальных майстар-клясаў. Сёлета фэстываль мае адбыцца прыканцы верасьня пад дэвізам «ежа і музыка». Гасьцям абяцаюць цікавыя майстар-клясы па прыгатаваньні ежы, лекцыі аб прадуктах і напоях і безьліч смачных сюрпрызаў. Ідэю паездкі на фэстываль ежы ахвотна падтрымліваюць турыстычныя агенцтвы, прапануючы трансфэр да месца падзеі.
Катаньне і дэгустацыя сырных галоў
Сярод гастранамічных падзей найбольшую папулярнасьць у сьвеце атрымалі сырныя фэстывалі, якія не абыходзіцца без дэгустацыі піва, сыдру і віна. На Вялікім Брытанскім фэстывалі сыру з паўтысячай гатункаў гэтага малочнага прадукту гуляюць у сырны боўлінг, у графстве Глостэршыр скочваюць сыр з пагорка Купэр-хіл — спаборніцтвы адбываюцца, нягледзячы на забарону мерапрыемства ўладамі, бо ў пагоні за сырам часта нярэдкія траўмы аж да пераломаў. А ў Вісконсіне падчас Сырнага фэсту выразаюць скульптуры з 40-фунтавых галоў чэдэру.
Адразу некалькі сырных падзей адбываецца і ў Беларусі. Адкрыты фэстываль сыру ў Гародні штогод пачынаецца з урачыстага падняцьця сырнай галоўкі на сцэну — на аўтамабілі, у карэце ці на руках вядомага спартоўца. У розныя гады сырныя сьвяты з дэгустацыяй, катаньнем сыроў і нават варажбою на галоўцы сыру праходзілі пад Менскам і ў Магілёве. Аднак самы першы сырны фэстываль адбыўся ў Слаўгарадзе (Прапойску). Сёлета ён пройдзе ў шосты раз. Па-за фэстывальнымі днямі ў Слаўгарадзе працуе сырная лаўка, дзе можна набыць прадукцыю ад некалькіх дзясяткаў мясцовых сыраробаў, якія зьбіраюць старыя рэцэпты і экспэрымэнтуюць, ствараючы новыя.
Спадабацца вам могуць і сыры з Наваградку і Менску. Менавіта ў гэтых мясьцінах пачалася вытворчасьць сыру ў прамысловых маштабах. Да XVIII стагодзьдзя на нашых землях быў вядомы толькі тварожны, або сьметанковы, сыр. У форме клінкоў ён займаў пачэснае месца на сьвяточным стале. Для яго захоўваньня і вытрымкі ў дварах будавалі драўляныя сырніцы. Гісторыя сычужных сыроў пачалася ў Гарадзеі ў маёнтку Адама Брахоцкага, які меў статак тырольскіх і галяндзкіх кароваў, а пасьля вывеў уласную малочную пароду. Спачатку «Брахоцкі», а пасьля «Літоўскі» сыр паступова стаў вядомы далёка за Гарадзеяй. Наваградзкі і Менскі паветы вельмі актыўна займаліся сыраварствам. Сыраварні былі ў Шчорсах, Гарадзеі, Снове, Вялікіх Жухавічах, Негарэлым, Навасёлках. Каб даведацца больш пра сырную гісторыю краіны, варта пагартаць кнігу Алеся Белага «Наша страва».
Сьвята чарніц на плошчы Францішка Скарыны
Чарнічны экафэст пачынаецца а шостай раніцы ў лесе пад Полацкам. Празь некалькі гадзін высьвятляюць, хто з удзельнікаў назьбіраў ягадаў больш за ўсіх. У горадзе чарнічнае сьвята працягваецца на праспэкце і плошчы Францішка Скарыны — зь песьнямі, танцамі, гульнямі ў гонар ягад, што чарняць рукі і рот. Чарніцы здаўна ўжываліся ў ежу і для падрыхтоўкі налівак, кісялёў і варэньня. Ягады елі сьвежымі, падсушвалі, варылі. Асабліва смачнымі атрымліваліся чарнічныя пірагі. Чарніцамі начыняюць і шматмэтровы полацкі пірог — галоўны пачастунак сьвята, пакаштаваць які можа кожны ахвочы.
Рулька зь печы і дзяльба кабанчыка
Пошукі дасканалай ежы знакамітага амэрыканскага кухара і пісьменьніка Энтані Бурдэна пачаліся з падарожжа ў Партугалію, дзе адмыслова да прыезду госьця маці яго калегі загадзя пачала адкормліваць парсючка. Калолі яго ўзімку — і кухару давялося ня толькі паназіраць за працэсам, аднак і пакаштаваць усялякія прысмакі — смажаніну, каўбасы, шынкі, рагу. Галоўнае, што ўразіла падарожніка — у прыгатаваньне страў ішло літаральна ўсё. Закалоць кабанчыка абяцалі і на адным з фэстываляў «Мотальскія прысмакі». На Палесьсі гэтая працэдура выглядае ня менш эфэктна, асабліва для шукальнікаў кулінарнай аўтэнтыкі. Кулінарны фэстываль у цэнтры Заходняга Палесься звычайна адбываецца ў жніўні. Мястэчка Моталь калісьці славілася вырабам ручнікоў і кажухоў, апошнія сто гадоў сюды едуць па мотальскія каўбасы. Фэстываль упрыгожваюць стравы палескай кухні, якія мясцовыя гаспадыні гатуюць паводле старадаўніх рэцэптаў. Рулька зь печы, бульбяная таркаванка з сушанымі яблыкамі, пірагі, стравы з рыбы, каша ў гарбузе, сыр, мёд, квас — толькі маленькая частка мотальскіх прысмакаў.
Падарожжа ў Моталь стане асалодай ня толькі для страўніка, але і для вачэй, і для вушэй. У мясцовасьці гучыць палеская гаворка, што па прыгажосьці параўноўваюць з францускай ці італьянскай. На ёй вам раскажуць пра выбітных мотальскіх асоб — першага прэзыдэнта Ізраілю, мэра Тэль-Авіва, музычных прадусараў, музыкаў, вучоных, дасьледчыкаў і грамадзкіх дзеячаў.
Агурок з дубовым лістом
Альшаны на Берасьцейшчыне называюць агурковай сталіцай. Амаль 90% жыхароў вёскі афіцыйна лічацца беспрацоўнымі, аднак менавіта сюды на працу едуць людзі з усёй вобласьці. Як і ў даўнія часы, альшанцы жывуць зь сельскай гаспадаркі — вырошчваюць перадусім агуркі і іншую гародніну, якую прадаюць у межах і за межамі краіны. Аднак сьвята агурка ўжо дзесяць гадоў адзначаюць у Шклове, які мясцовыя жыхары таксама называюць агурковай сталіцай. У 2007 годзе тут нават устанавілі какетлівы помнік зялёнай і калючай гародніне, каля якой звычайна пачынаецца сьвята.
Нездарма кажуць, што агурок сьніцца да новага знаёмства. Сьвята агурка — гэта тэатральнае шэсьце з удзелам, вядома, Агурка Шклоўскага, дэгустацыяй агуркоў, гульнямі, майстар-клясамі ад умелых рамесьнікаў, а таксама выставай-кірмашом разнасолаў па адмысловых рэцэптах. Асаблівую цікавасьць выклікаюць старыя спосабы засолкі гуркоў. Так, згодна зь «Літоўскай гаспадыняй», дно бочкі высьцілалі дубовымі і вішнёвымі лістамі, пасечанымі лістамі і каранямі хрэну, кропу. Агуркі ставілі адзін пры адным.У закрытай бочцы рабілі дзьве дзіркі: праз адну выходзіла паветра, у другую залівалі падсоленую рачную ваду. Асмоленую па шчылінах бочку затаплялі ў ваду і прывязвалі да калоў, каб не выплыла наверх ці каб яе ня зьнесла вадой. Бочкі маглі захоўвацца ў склепах на драўляных падстаўках альбо ўкапанымі ў зямлю да самага верху.
Варта скарыстацца сьвежым агурком і старым рэцэптам, каб прыгатаваць уласную этычную касмэтыку. Ачышчаныя ад лупін агуркі трэба нарэзаць і напалову запоўніць імі падрыхтаваную бутэльку. Рэшту заліць гарэлкай і паставіць на сонцы на 12 дзён, пасьля чаго захоўваць у сухім і халаднаватым месцы. Агурковая вада асьвяжае скуру, а таксама ўмацоўвае вочы.
Смачныя вандроўкі з гастранамічнай мапай
На жаль, існыя фэстывалі не ахопліваюць усяго багацьця і разнастайнасьці беларускай кухні. Больш за тое, многія кулінарныя брэнды, папулярныя некалькі стагодзьдзяў таму, цяпер забытыя. Так, у Міры мог зьбіраць удзельнікаў фэстываль пернікаў. Смаргоні калісьці славіліся абаранкамі, у Дзісьне рабілі найсмачнейшае сьметанковае масла, а Браславу не зашкодзіў бы штогадовы фэстываль рыбы. Тым ня менш, Беларусь застаецца ўдзячнай пляцоўкай для гастранамічнага турызму. У дапамогу аматарам смачнай ежы зьявіліся адмысловыя мапы з падказкамі, дзе і што зьесьці: 34travel, belkraj, gastinia.