Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. Удзельнікі, каляндар, прагнозы


9 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане пройдзе афіцыйная цырымонія адкрыцьця ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў. А першыя спаборніцтвы стартавалі на дзень раней у кёрлінгу, дзе беларусы ў мэдалёвых разборках ня ўдзельнічаюць. Пра шанцы беларускай дэлегацыі і праграму выступу — у аглядзе Свабоды.

Гендэрная роўнасьць

У Пхёнчхан вылецелі 32 алімпійцы зь Беларусі. Гендэрная роўнасьць абсалютная — па 16 мужчын і жанчын. Гэта ўдвая меней, чым у колькасна рэкордным Ванкувэры-2010 (тады масавасьці дадаў хакей), але на пяць болей, чым 4 гады таму ў Сочы.

Беларусы атрымалі ліцэнзіі ў шасьці дысцыплінах: біятлён, фрыстайл, лыжныя гонкі, канькабежны спорт, шорт-трэк, горныя лыжы. Самае шматлікае прадстаўніцтва ў біятляністаў — 10. За імі ідуць лыжнікі (8), фрыстайлісты (6), канькабежцы (5), гарналыжнікі (2) і адзіны шорт-трэкіст.

Цягам удзелу ў Алімпіядах, пачынаючы ад Лілехамэру-1994, беларуская зборная выступала ў дзесяці відах. У Паўднёвую Карэю гэтым разам не адабраліся каманды па хакеі, фігурным катаньні, скачках з трампліну і лыжным двухбор’і.

Палова — дэбютанты

Самым «узроставым» беларускім спартоўцам стаў лыжнік Сяргей Далідовіч — у працяглай кар’еры 44-гадовага нараджэнца Воршы гэта сёмая Алімпіяда. Для залатой трыюмфатаркі Сочы-2014, 38-гадовай фрыстайлісткі Алы Цупер з украінскага Роўна гульні будуць шостымі, у астатніх удзельнікаў паказьнікі сьціплейшыя.

«Лыжны акрабат» Антон Кушнір выступіць на найвышэйшым узроўні чацьвёрты раз, страляючыя лыжніцы Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна — трэці, яшчэ для некалькіх гэта будзе другая спроба. З больш чым трох дзясяткаў атлетаў большая частка дэбютанты — адразу 17 чалавек.

Стрэльбішча біятляністаў у Пхёнчхане
Стрэльбішча біятляністаў у Пхёнчхане

Тузін з 32 —​ легіянэры

Беларускія каманды ў некаторых дысцыплінах стопрацэнтна ці ў значнай ступені ўкамплектаваныя легіянэрамі. Так, гарналыжнікі Юры Данілачкін і Марыя Шканава — расейцы, беларускія пашпарты атрымалі некалькі гадоў таму. У лыжнікаў мабілізавана з Расеі палова асабовага складу — Паліна Сераносава, Юлія Ціханава, Анастасія Кірылава, Міхаіл Сямёнаў.

Біятлённая дзясятка таксама ўзмоцнена прывезенымі з Расеі Надзеяй Скардзінай, Надзеяй Пісаравай, нараджэнкай Казахстану Дзінарай Алімбекавай, украінцам Сяргеем Бачарнікавым. Наймацнейшыя фрыстайлісты Гульняў-2014 Ала Цупер і Антон Кушнір калісьці пераехалі ў Беларусь з Украіны.

Цалкам укамплектаваныя выхаванцамі беларускай спартовай школы — канькабежны спорт і шорт-трэк.

Белы тыгр Сугаран — адзін з талісманаў паўднёвакарэйскай Алімпіяды
Белы тыгр Сугаран — адзін з талісманаў паўднёвакарэйскай Алімпіяды

Самаму дасьведчанаму сьцяг не далі

Сьцяганосец зборнай Беларусі названы практычна за суткі да цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў — дзяржаўны сьцяг даручаны фрыстайлістцы і чэмпіёнцы Алімпіяды-2014 38-гадовай ​Але Цупер.

Ала Цупер, архіўнае фота
Ала Цупер, архіўнае фота

Хоць многія заўзятары і адмыслоўцы сыходзіліся на думцы, што ганаровую місію варта даручыць Сяргею Далідовічу, сяміразоваму ўдзельніку галоўных стартаў чатырохгодзьдзя. У сьвеце ёсьць толькі адзін спартовец, у актыве якога ўдзел у большай колькасьці Алімпіяд — японскі скакун з трампліну Нарыякі Касаі стартаваў на васьмі Гульнях.

У гутарцы са Свабодай Далідовіч пацьвярджаў, што маральна падрыхтаваны да такой ролі, хоць і не выключаў «помсты».

Лыжня Далідовіча. Сёмая Алімпіяда насуперак функцыянэрам ад спорту

Летась функцыянэры зь Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак паставілі пад сумнеў ягоныя фізычныя кандыцыі і выкрасьлілі са сьпісу кандыдатаў. Каб рыхтавацца самастойна, Далідовіч абвясьціў збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» і хутка сабраў неабходную суму — 30 тысяч рублёў. Неўзабаве Далідовіча вярнулі ў каманду, але крыўды за дэмарш, відаць, засталіся.

Сяргей Далідовіч
Сяргей Далідовіч

Мэдалёвыя спадзяваньні

Мэдалёвыя надзеі не сягаюць далей за традыцыйныя для Беларусі дысцыпліны — фрыстайл ды біятлён. Хоць авансам яшчэ называюць канькабежны спорт і лыжныя гонкі ў прывязцы да ўжо згаданага Далідовіча.

Ніводнага разу, пачынаючы ад самастойнай каманды 1994 году, выхаванцы Мікалая Казекі не вярталіся без узнагародаў. На вышэйшай прыступцы стаялі Аляксей Грышын, Антон Кушнір, Ала Цупер; крыху не хапіла Дзьмітрыю Дашчынскаму — ён двойчы здабыў статус прызэра.

Сёлета добрыя шанцы заскочыць на п’едэстал у Ганны Гуськовай і ў таго ж вэтэрана Антона Кушніра.

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава
Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава

Трыюмфатарка папярэдніх Гульняў Дар’я Домрачава стала трохразовай чэмпіёнкай і Героем Беларусі. Ад яе небеспадстаўна чакаюць калі не паўтарэньня залатога подзьвігу, то чагосьці падобнага. Хоць ня варта забываць, што гэты сэзон па-сутнасьці першы для беларускі пасьля вяртаньня з дэкрэту.

У Сочы «выстраліла» Надзея Скардзіна, якая фінішавала трэцяй. Стаўка на іншых мізэрная, асабліва што да мужчынскай часткі.

Пасьля застою ў некалі мэдаляносных каньках зьявіліся як мінімум два маладыя спартоўцы, якія прымусілі зьвярнуць на сябе ўвагу. Гэта Ігнат Галавацюк і Марына Зуева. Абое маюць шанец трапіць у дзясятку.

Днямі агенцтва Associated Press апублікавала прагноз, у якім беларусам «выдзелена» 4 гіпатэтычныя мэдалі: тры срэбры Скардзіне, Кушніру і Гуськовай, а таксама бронза Домрачавай. Золата ў сьпісе не фігуруе.

Валянтэры фатаграфуюцца каля алімпійскага сымбалю ў Пхёнчхане
Валянтэры фатаграфуюцца каля алімпійскага сымбалю ў Пхёнчхане

Сёмая Алімпіяда для сувэрэннай Беларусі

Гэта будзе сёмая па ліку зімовая Алімпіяда для беларускай зборнай. Дэбют адбыўся пад бел-чырвона-белым сьцягам у Нарвэгіі ў 1994 годзе.

Адзіны бел-чырвона-белы сьцяганосец Беларусі на Алімпіядах: «Цяперашні сьцяг глядзіцца прыгажэй»

За прамінулы час узнагароды ў скарбонку прыносілі прадстаўнікі толькі трох відаў — біятлёну, фрыстайлу і канькабежнага спорту. Усяго было заваявана паўтара дзясятка мэдалёў: 6 залатых, 4 срэбныя і 5 бронзавых. Першы алімпійскі п’едэстал — на рахунку канькабежца Ігара Жалязоўскага, які заваяваў срэбра Лілехамэра.

Ігар Жалязоўскі: Стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс мэдаль сваёй краіне

Беларускім дэвізам Пхёнчхану стаў беларускамоўны заклік «Разам з камандай!».

Алімпійскі дэсант

  • Біятлён. Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, Дынара Алімбекава; Уладзімер Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі.
  • Гарналыжны спорт. Юры Данілачкін, Марыя Шканава.
  • Канькабежны спорт. Марына Зуева, Тацяна Міхайлава, Ксенія Садоўская; Ігнат Галавацюк, Віталь Міхайлаў.
  • Лыжныя гонкі. Сяргей Далідовіч, Юры Астапенка, Міхаіл Сямёнаў, Аляксандар Воранаў; Юлія Ціханава, Паліна Сераносава, Анастасія Кірылава, Валянціна Камінская.
  • Фрыстайл (лыжная акрабатыка). Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусьцік, Ала Цупер; Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская.
  • Шорт-трэк. Максім Сяргееў. Трэнэр: Людміла Сяргеева.

Дзе і калі сачыць за беларусамі

Алімпійскія баталіі з Пхёнчхану будуць паказваць тры беларускія тэлеканалы: «Беларусь 1», «Беларусь 2» і «Беларусь 5». З праграмай алімпійскіх трансьляцыяў можна азнаёміцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Мы ж адабралі для вас дысцыпліны, у якіх будуць удзельнічаць беларускія алімпійцы. Пазначаны час — менскі.

9 лютага

Цырымонія адкрыцьця Гульняў. 14.00-16.00.

10 лютага

Біятлён. Жаночы спрынт 7,5 км.* 14.15-15.45.

Канькабежны спорт. 3000 м, жанчыны. 14.00-15.50

Лыжныя гонкі. 7,5×7,5 км, жаночы скіятлон. 10.15-11.20.

Шорт-трэк. 1500 м, мужчыны. 13.00.

11 лютага

Біятлён. Мужчынскі спрынт 10 км. 14.15-15.55.

Гарналыжны спорт. Хуткасны спуск, мужчыны. 05.00-07.05.

Лыжныя гонкі. 15×15 км, мужчынскі скіятлон. 09.15-11.10.

12 лютага

Біятлён. Жаночая гонка перасьледу 10 км.* 13.10-14.00.

Мужчынская гонка перасьледу 12,5 км. 15.00-15.55.

Гарналыжны спорт. Гіганцкі слалам, жанчыны. 04.15-05.55.

Канькабежны спорт. 1500 м, жанчыны. 15.30-17.10.

13 лютага

Гарналыжны спорт. Камбінацыя, мужчыны. 05.30-07.10.

Лыжныя гонкі. Спрынт, мужчыны. 11.30-12.45.

Спрынт, жанчыны. 14.00-16.00.

14 лютага

Біятлён. Жаночая індывідуальная гонка 15 км.* 14.05-16.00.

Гарналыжны спорт. Слалам, жанчыны. 04.15-05.50.

15 лютага

Біятлён. Мужчынская індывідуальная гонка 20 км. 14.00-16.00. Гарналыжны спорт. Супэргігант, мужчыны. 05.00-07.10.

Лыжныя гонкі. 10 км, жанчыны. 09.30-11.15.

Фрыстайл. Жаночая акрабатыка (кваліфікацыя).* 14.00-15.15.

16 лютага

Канькабежны спорт. 5000 м, жанчыны. 14.00-15.30.

Лыжныя гонкі. 15 км, мужчыны. 09.00-10.50.

Фрыстайл. Жаночая акрабатыка (фінал).* 14.00-15.20.

17 лютага

Біятлён. Жаночы мас-старт 12,5 км.* 14.15-15.10.

Гарналыжны спорт. Супэргігант, жанчыны. 05.00-06.55.

Фрыстайл. Мужчынская акрабатыка (кваліфікацыя).* 14.00-15.15.

18 лютага

Біятлён. Мужчынскі мас-старт 15 км. 14.15-15.15.

Гарналыжны спорт. Гіганцкі слалам, мужчыны. 04.15-06.10.

Лыжныя гонкі. Эстафэта 4×10 км, мужчыны. 09.15-11.10.

Фрыстайл. Мужчынская акрабатыка (фінал).* 14.00-15.20.

19 лютага

Канькабежны спорт. 500 м, мужчыны. 14.00-16.00.

20 лютага

Біятлён. Зьмяшаная эстафэта. 14.15-14.45.

21 лютага

Лыжныя гонкі. Камандны спрынт, жанчыны. 11.00-12.30.

Камандны спрынт, мужчыны. 13.00-14.20.

22 лютага

Біятлён. Жаночая эстафэта 4×6 км.* 14.15-14.45.

Гарналыжны спорт. Слалам, мужчыны. 04.15-06.10.

23 лютага

Біятлён. Мужчынская эстафэта 4×7,5 км. 14.15-14.45.

Канькабежны спорт. 1000 м, мужчыны. 13.00-14.35.

24 лютага

Канькабежны спорт. Мас-старт, жанчыны. 14.00-16.40.

Лыжныя гонкі. 50 км, мужчыны. 08.00-11.05.

25 лютага

Лыжныя гонкі. 30 км, жанчыны. 09.15-11.20.

Цырымонія закрыцьця. 14.00-16.00.

* адзначаныя дысцыпліны, дзе, на нашу думку, у беларусаў ёсьць шанцы на мэдалі.

Алімпіяда для Вадзіма. Як вазочнік рыхтуецца да спаборніцтваў у Карэі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG