9 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане стартуе ХХІІІ зімовая Алімпіяда. За мэдалі Гульняў-2018 у шасьці дысцыплінах пазмагаюцца больш за тры дзясяткі беларускіх спартоўцаў.
У іх ліку — без перабольшваньня легендарная асоба ўсясьветнага спорту: лыжнік Сяргей Далідовіч. Алімпіяда ў Пхёнчхане стане для яго сёмай, больш на рахунку толькі ў аднаго чалавека — японскага скакуна з трампліну Нарыякі Касаі.
Страта даверу і мэдалёвыя жарсьці
Паездка Далідовіча ў Паўднёвую Карэю да апошняга заставалася пад пытаньнем. Летась функцыянэры зь Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак паставілі пад сумнеў яго фізычныя кандыцыі, выкрасьліўшы 44-гадовага нараджэнца Воршы са сьпісу кандыдатаў.
Той адважыўся на адчайны крок: каб рыхтавацца самастойна, абвясьціў збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». На дзіва, неабходную суму — 30 тысяч рублёў — сабралі дастаткова хутка, магчымасьць трэніравацца і езьдзіць на зборы аднавілася.
Паралельна разгараліся жарсьці вакол зборнай Расеі, шматлікія чальцы якой рашэньнем камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні антыдопінгавых правілаў напярэдадні Сочы-2014. Па выніках дадатковых пробаў сярод іншых дыскваліфікаваныя расейскія лыжнікі Аляксандар Лягкоў і Максім Вылягжанін — уладальнікі золата і срэбра ў гонцы на 50 кілямэтраў. Сяргей Далідовіч, які фінішаваў пятым, аўтаматычна ўзьняўся на трэцюю прыступку.
Падобны паварот паспрыяў таму, што вэтэрана ўсё ж уключылі ў склад алімпійскай каманды, ён атрымаў дзяржаўнае фінансаваньне. Сродкі, якія засталіся ад краўдфандынгу, ужо пачаў пераводзіць дзецям-сіротам і на праекты, якія зачапілі — напрыклад, «Няня замест мамы».
Аднак у дзень ад’езду ў Пхёнчхан здарыўся форс-мажор: 1 лютага Спартыўны арбітражны суд у Лязане задаволіў апэляцыі 28 расейскіх спартоўцаў, ануляваўшы рашэньне МАК аб іх пажыцьцёвай дыскваліфікацыі. У ліку рэабілітаваных аказаліся пераможца і срэбны прызэр Сочы-2014 Вылягжанін і Лягкоў, Далідовіч адсунуўся на ранейшую пазыцыю. З марай пра мэдаль давялося разьвітацца. Праўда, Міжнародны алімпійскі камітэт і Сусьветнае допінгавае агенцтва яшчэ маюцца аспрэчыць вырак арбітражу ў Швайцарскім трыбунале.
Тым часам рэдакцыя газэты «Прессбол» назвала Сяргея Далідовіча «Чалавекам году» ў айчынным спорце — за грамадзянскую актыўнасьць у абароне сваіх правоў. А чытачы выданьня абсалютнай бальшынёй прагаласавалі, каб ён быў сьцяганосцам беларускай дэлегацыі на цырымоніі адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў.
Але кіраўніцтва спартовай галіны апынулася ў далікатнай сытуацыі: паставіўшы апальнага лыжніка пад сьцяг, яно тым самым прызнала б памылкі ўласнай кадравай палітыкі.
Аршанская лыжня і алімпійская траса
Сяргей Далідовіч нарадзіўся 18 траўня 1973 году ў Воршы. Пераможца і прызэр этапаў Кубка сьвету, быў за крок ад алімпійскай бронзы. Лыжамі пачаў займацца яшчэ ў школе, першыя кругі «накручваў» у парку на беразе Дняпра — побач з катком, дзе станавіўся на канькі іншы вядомы аршанец Ігар Жалязоўскі. У 7-й клясе пэрспэктыўнаму тынэйджэру прапанавалі пераехаць у Менск — трэніравацца ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзэрву № 1. Жыў і вучыўся ў спартовым інтэрнаце.
Падрыхтоўка дала плён — у 16 гадоў «выстраліў» на юніёрскім першынстве Саюзу. Яшчэ праз чатыры гады дэбютаваў у Кубку сьвету. Праўда, канкураваць са скандынавамі, якія становяцца на лыжы разам зь першымі крокамі, было складана. Да перамогі на этапах давялося ісьці доўга — вікторыя здарылася толькі ў 2001-м.
Браў удзел у 12 чэмпіянатах сьвету, найлепшы вынік — 4 месца ў дуатлёне на 30 кілямэтраў. На тых жа спаборніцтвах у мас-старце на 50 кілямэтраў ішоў у групе лідэраў, аднак за некалькі сотняў мэтраў да фінішу зламаў палку, паваліўся і замкнуў дзясятку.
У 1994-м трапіў на сваю першую Алімпіяду — у нарвэскім Лілехамэры зборная Беларусі атрымала права выступіць самастойнай камандай. Ад таго часу не прапусьціў ніводнай, найбольш блізка ад п’едэсталу быў у Сочы.
Свабода «вылавіла» Сяргея Далідовіча на так званым «перадсусьветным тыдні» ў Аўстрыі (праз тыдзень працягнулі гутарку ў Менску, на праводзінах беларускай дэлегацыі). На наступны год у гэтыя ж тэрміны недалёка ад курортнага Інсбруку пройдзе чэмпіянат сьвету, і арганізатары зьбіраюць удзельнікаў, каб пазнаёміць з трасай. Калі ня здарыцца форс-мажору, беларус давядзе ўдзел ва ўсясьветных першынствах да чортавага тузіна.
А вось у сьпіс удзельнікаў Алімпіяды ўвайшоў ледзь не апошнім сярод усіх прэтэндэнтаў — за два тыдні да яе пачатку. Мабыць, выпрабоўвалі на трываласьць нэрвы, — аджартоўваецца Сяргей на віншаваньні журналіста Свабоды.
«Нават не магу ўцямна сказаць, дзе тая рыса, якую пераходзіш і ўжо ня можаш зразумець, хто першы стаў у „позу“, — азіраецца ён на цярністы шлях у Пхёнчхан. — У любым выпадку, калі двое пачынаюць высьвятляць адносіны, гэта заўсёды выглядае як спрэчка дурняў... Але нюанс у чым? Хто апярэдзіў, у таго і перавага, другі мусіць апраўдвацца. І, на жаль, чым больш неверагодная хлусьня, тым хутчэй ёй даюць веры... Да чаго імкнуўся, — так, напэўна, гэтага дасягнуў. Хоць афіцыйнага зацьвярджэньня сьпісаў Нацыянальным алімпійскім камітэтам давялося чакаць да апошняга».
Пытаньне пра тое, што адчувае цяпер — палёгку ці, наадварот, высокую адказнасьць — выклікае ў суразмоўцы супярэчлівыя эмоцыі. З аднаго боку, градус напружаньня насамрэч зьнізіўся. Зь іншага, вонкавая ўвага як да «парушальніка спакою» нікуды не падзелася.
Шмат хто будзе чакаць, каб аступіўся, праваліўся; каб падняць на сьмех, раскрытыкаваць
«Груз адказнасьці сапраўды крыху меншы, — прызнаецца Далідовіч. — Бо калі толькі пачынаў праект са зборам сродкаў, цудоўна разумеў, што будзе вялікая ўвага, грамадзкі рэзананс. І тады, і цяпер не сумняюся: шмат хто будзе чакаць, каб аступіўся, праваліўся; каб падняць на сьмех, раскрытыкаваць. Зрэшты, так адбываецца практычна заўсёды: як бы ні выступіў, усё роўна будуць ганіць. Па вялікім рахунку, ужо прызвычаіўся — амаль за ўсе Алімпіяды „білі“, за выключэньнем хіба Сочы».
Заход на сёмы круг і страчаныя прызавыя
Сяргей Далідовіч кажа, што «рэгулярна зазірае ў пашпарт» і рэальна ацэньвае свае сілы, а таму размовы пра паўтарэньне подзьвігаў спартовай маладосьці лічыць бессэнсоўнымі. Топ-20 у асабістых гонках, на яго думку, ужо можна будзе лічыць посьпехам.
А ці падзяляе ён погляд, што існуе «парода» спартоўцаў, якім удаецца ўсё, апроч вянца кар’еры — статусу алімпійскага чэмпіёна? Яскравы прыклад — ягоны зямляк Ігар Жалязоўскі. У прафэсійным багажы славутага канькабежца ўсе магчымыя рэгаліі, апроч золата Алімпіяды, набегаў толькі на срэбра і бронзу.
«У Ігара сапраўды ня ўсё атрымалася і на гэта ёсьць аб’ектыўныя прычыны, сам быў іх сьведкам, — кажа Сяргей. — На ягонай апошняй (і маёй першай) Алімпіядзе ў Лілехамэры яўна не дапільнавалі з заточкай канькоў, сам ён своечасова не перайшоў на „клікі“. І ўсё роўна, наколькі мог, змагаўся. Здараюцца прыкрыя гісторыі, але ж гэта спорт. Сябе не залічваю да такіх вялікіх атлетаў, Жалязоўскі — гэта зусім іншы маштаб. Калі прааналізаваць, я не зусім стабільна выступаў, былі ўсплёскі, якія, на жаль, не прыпадалі на Алімпіяду. У Сочы — так, зоркі сышліся, быў мой дзень».
І хоць алімпійская ўзнагарода лічыцца вяршыняй біяграфіі, пра бронзу, якая ледзь не дагнала праз тры гады, яшчэ да навіны пра перагляд рашэньня спартыўным арбітражам, Сяргей Далідовіч гаварыў стрымана. Маўляў, пакуль не патрымаў у руках, самым важкім застанецца золата Кубка сьвету-2001, калі стаў найлепшым у сваёй дысцыпліне. Нават з улікам першапачаткова адхіленых расейцаў, на Гульнях-2014 двум супернікам усё ж саступіў, тлумачыць ён. Дарэчы, калі б усё пайшло паводле пляну камісіі МАК пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда, уганараваньне беларуса адбылося б у Пхёнчхане.
«Да 1 лютага на сайце FIS (Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту. — РС) я значыўся як уладальнік алімпійскага мэдаля Сочы-2014, — працягвае лыжнік. — Але пакуль канчаткова ня вырашыліся ўсе юрыдычныя пытаньні, „падвешанасьць“ заставалася. Апошняя інстанцыя — гэта CAS (Спартыўны арбітражны суд. — РС), больш ужо няма дзе абскарджваць. Там расейскія пазовы і разглядалі. Сьпяшаліся ўладзіць спрэчныя моманты да Алімпіяды, каб ведаць, што рабіць з мэдалямі. Каб не атрымалася, што спачатку далі, а потым назад вяртаць, зусім непрыгожая сытуацыя. Дэдлайн быў 1 лютага, вось CAS і абвясьціў рашэньне адным махам».
Апроч, як здавалася, стопрацэнтнай алімпійскай узнагароды Сяргей Далідовіч страціў шанец і на немалыя прэміяльныя — Беларусь за бронзавыя мэдалі выплачвае 50 тысяч даляраў.
Такім чынам, верагоднасьць вярнуцца з Паўднёвай Карэі з тытулам прызэра папярэдніх гульняў ня спраўдзілася. Павароты лёсу суразмоўца ўспрымае стаічна.
Старты вось-вось, максымальная канцэнтрацыя, таму пра той стары мэдаль няма калі і думаць
«Вось калі нагадваеш, тады і я ўспамінаю пра мэдаль, — кажа Сяргей. — Як пераходзіш на іншую тэму, з галавы адразу вылятае. Так чалавечая памяць наладжана — нават перамогі паступова забываюцца. Адзін трэнэр даў мудрую параду: новы сэзон пачынай як першаразраднік, бо калі будзеш лічыць сябе вялікім — усё, кар’ера скончыцца. Мэдалі — справа прыемная, але ў лепшым выпадку нешта азначаюць для паслужнога сьпісу... Дачасна пачалі цікавіцца алімпійскімі прызавымі. Пытаньне, кажу, не да мяне: будзе рашэньне — пачнём размаўляць. Бо старты вось-вось, максымальная канцэнтрацыя, таму пра той стары мэдаль няма калі і думаць».
Рэалізаваная мэта і сьцяганосная місія
Не рызыкуючы зазіраць далёка наперад, усё ж цікаўлюся ў патэнцыйнага кандыдата на пападаньне ў Кнігу рэкордаў Гінэса: Алімпіяда-2018 дакладна апошняя? Або падсьвядома існуе спакуса дагнаць іншага рэкардсмэна, 45-гадовага японца Нарыякі Касаі? Для яго гульні ў Пхёнчхане будуць ажно восьмымі.
«Далей будзе проста сьмешна, — адмахваецца Сяргей. — Нават пра чэмпіянат сьвету размовы ідуць з прыцэлам, каб сваім прыкладам падцягваць маладых. Будуць удалыя гонкі, адчую сябе гатовым — скажу „так“, гадок патрываю. А калі нічога яркага, з курсам на затуханьне, — міжволі задумаесься, ці варта. Была мэта трапіць на Алімпіяду. Цяпер задача — вынік. А раней заўсёды выходзіў з адной думкай — найлепш выступіць... Так што куды восьмая? Ужо ў тройцы рэкардсмэнаў: Касаі, які пераскакаў усіх, расейскі саначнік Дземчанка і я. Б’ёрндален у зборную Нарвэгіі ня трапіў, спыніўся на шасьці. У любым разе дасягненьне».
Тых, з кім на пачатку 1990-х пачынаў спаборнічаць на кубкавых этапах, на трасах даўно няма: адны перакачавалі ў трэнэрскія штабы, іншыя адышлі ад спорту, сталі функцыянэрамі ці займаюцца бізнэсам.
«Даўно саступілі лыжню, — усьміхаецца спартыўны доўгажыхар. — Вось фота маёй перамогі на Кубку сьвету-2001, шэсьць чалавек на кветкавай цырымоніі. Дык вось італьянец, які прыйшоў другім, цяпер трэнэр у нацыянальнай зборнай. Трэці, з Аўстрыі, таксама працуе са сваёй камандай. Чацьвёрты быў немец, у моладзевай зборнай. Пяты — Аляксей Пракурораў, алімпійскі чэмпіён, трэнэр жаночай зборнай Расеі, у 2008-м трагічна загінуў. Нарэшце, яшчэ адзін аўстрыец, цяпер мэнэджэр, выдае мне на спаборніцтвах лыжы. Нават па той карцінцы можна ўявіць, наколькі доўга я ў спорце».
Беларускія заўзятары салідарныя, што сукупнасьцю заслугаў ды тэрмінам «выслугі» Сяргей Далідовіч атрымаў поўнае маральнае права, каб стаць сьцяганосцам беларускай зборнай у Пхёнчхане. Чыноўнікі рабіць выбар не сьпяшаюцца, кажуць, што рашэньне будзе агучана «неўзабаве».
«Складана ім зьмірыцца, — лічыць суразмоўца. — Тут пэўная дылема: спачатку не хацелі браць, у абыход туды трапіў, а цяпер яшчэ і сьцяг дай. Мабыць, такая лёгіка. Каб не мінулагодняя сытуацыя, быў бы сьцяганосцам адназначна. Домрачава ў любым выпадку не панясе — № 1, яе трэба берагчы. Ёсьць вышэйшыя рангам, але самі не беларусы — гледзячы збоку, не зусім правільна ставіць на такую ролю. Хоць ня ведаю, можа, я і ня маю рацыі — усё ж чалавек мяняе грамадзянства, прыносіць узнагароды... Ну, і застаецца трэцяя кандыдатура — мая: мясцовы, сяміразовы ўдзельнік. Дадуць — не адмоўлюся, не дадуць — не пакрыўджуся».
Гістарычны пасыл і дзяржаўная рэформа
Антураж сваёй першай Алімпіяды 1994 году ў Лілехамэры, на якой Беларусь была заяўлена самастойнай камандай і выступала пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам, дэбютант памятае эпізадычна. Прызнаецца, што нават ня быў на цырымоніі адкрыцьця.
«Шчыра кажучы, адкрыцьцё прапусьціў — на наступны дзень была гонка на 30 кілямэтраў, — кажа Сяргей Далідовіч. — Мала таго, на закрыцьці таксама ня быў. Таму такога ўзрушэньня — вось ішоў пад сьцягам, зашкальвалі эмоцыі — папросту не перажыў. Бо, натуральна, калі сам у калёне, пачуцьці ахопліваюць міжволі. А так не было адчуваньня нечага незвычайнага — такое трэба перажыць асабіста. Дарэчы, ня толькі ў Нарвэгіі, многія прапускаў цырымоніі, бо так складаюць графік — старт ужо на наступны дзень. Калі не памыляюся, з шасьці папярэдніх Алімпіядаў пабываў на цырымоніях толькі двойчы — у Нагана і ў Сочы».
Па яго словах, за той кароткі час, пакуль гістарычная сымболіка была дзяржаўнай, на п’едэсталах гонару стаяць не пашчасьціла — кар’ера толькі пачыналася, канкурэнцыя зашкальвала. Адпаведна, старажытны сьцяг, адрозна ад цяперашняга афіцыйнага, у гонар беларускага лыжніка не ўздымалі.
Слаба памятаю той час і ўвесь ажыятаж з заменай сьцягоў. Не ад таго, што абараняю цяперашні чырвона-зялёны
«У 1993-м я трапіў у зборную, на наступны год паехаў на Алімпіяду, а потым здарыўся рэфэрэндум і сымболіку памянялі, — падлічвае ён. — Паколькі ў той час мэдалёў не заваёўваў, адпаведна, пад сьцягам на п’едэстале не стаяў — мне тады было 20 гадоў, цягацца з усясьветнымі грандамі было нерэальна. Дый, шчыра кажучы, ужо слаба памятаю той час і ўвесь ажыятаж з заменай сьцягоў. Не ад таго, што абараняю цяперашні чырвона-зялёны, што нейкі больш ці менш прыгожы. Проста былі іншыя задачы — трэніравацца і годна выступаць... Шкада, вядома, што не жывём 300–400 гадоў, каб памятаць, як было некалі. Тады і спрэчныя моманты вырашаліся б прасьцей (сьмяецца)».
Як паўплывалі працяглыя замежныя зборы, турніры, спаборніцтвы на працэс самаідэнтыфікацыі? Размылася ўсьведамленьне нацыянальнай прыналежнасьці — ці, наадварот, з узростам толькі ўмацаваўся ў пазыцыянаваньні сябе беларусам?
Крыві намяшана ўсялякай. Але я ўсьведамляю сябе толькі беларусам, гэта ўва мне засела раз і назаўжды
«Добра, што ёсьць людзі, заўзятыя прыхільнікі беларускасьці, — кажа суразмоўца. — З аднаго боку, я родную мову таксама ведаю, у арыгінале перачытаў Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча. Менш размаўляю, на жаль, няма ў нас такой звычкі. Зь іншага, тое, што было ў маладосьці, вельмі цяжка вымыць — ад дэманстрацый на 7 лістапада да камсамольскіх збораў. Можна гэта лічыць размытасьцю натуры? Зноў жа, у маёй радаслоўнай самыя розныя гены. Дзед паходзіў з Украіны, загінуў у Нямеччыне, бабуля нарадзілася ў Расеі. Крыві намяшана ўсялякай. Але я ўсьведамляю сябе толькі беларусам, гэта ўва мне засела раз і назаўжды».
Дэфіцыт беларускасьці і «Народны альбом»
Сяргей Далідовіч лічыць, што тры ягоныя дочкі цяпер існуюць у больш беларускамоўным асяродзьдзі, чым у свой час выпала яму. Ворша хоць і радзіма Ўладзімера Караткевіча, пачуць родную мову ў горадзе было амаль нерэальна. Дый сам штудзіраваць клясыкаў пачаў у дарослым узросьце, калі сфармаваўся як асоба. Але цяперашнія працэсы яго абнадзейваюць.
«Павінна прайсьці крыху часу, — мяркуе ён. — Прынамсі я спадзяюся, што мае дзеці, якія вывучаюць беларускую, будуць яе чуць ня толькі ў школе. Я сам дзьвюма рукамі за тое, каб мова гучала шырэй і больш. Сёньня нават улады ў гэтым сэнсе пачынаюць нейкія зрухі. Вядома, каб вызначыліся адразу пасьля развалу Саюзу, як мы толькі разьдзяліліся, каб была ўцямная лінія паводзінаў, за чвэрць стагодзьдзя ўсё ўтрэслася б. Цяпер перабудавацца складаней, знойдуцца незадаволеныя — прывыклі, ня трэба навязваць. Зноў сутыкненьне, канфлікты. Таму я прыхільнік таго, каб разуменьне прыйшло само, людзі зрабілі выбар сьвядома. Асабіста я гатовы».
Пачаў з таго, што калыханку малодшай дачцэ сьпявае па-беларуску. Старэйшым на роднай мове дэклямуе вершы. Пры гэтым згодны, што ў значнай часткі жыхароў веды пра гісторыю, культуру свайго краю збольшага павярхоўныя і рэдка выходзяць за рамкі таго, што дазавана выдаюць інфармацыйныя каналы. І дэманструе гэта на ўласным прыкладзе.
«Памёр Міхал Анемпадыстаў. Маштаб яго фігуры я адкрыў дзякуючы перапостам у Фэйсбуку, — прызнаецца Сяргей Далідовіч. — Ня думаю, што павальна ведалі і астатнія. Чуў пра „Народны альбом“, аднак не асацыяваў з гэтым чалавекам. Некалькі разоў наноў пераслухаў, за самую душу зачапіла. Ну не павінна так быць — здараецца гора, і даведваемся пра герояў постфактум. Не хацелася б пашыраць культурны кругагляд на навінах пра трагічны сыход. Гэта як адзін з прыкладаў прыводжу, бо колькі яшчэ таго, што існуе па-за звыклым вузкім кантэкстам? Відаць, такая наша будова, калі ня надта цікавімся тым, што ня ўпісваецца ў зададзеныя рамкі».
Праўда кулака і ратавальнае скрыжаваньне
Сёлета ў траўні Сяргей Далідовіч адзначыць 45-гадовы юбілей. Хацеў бы сабраць за сьвяточным сталом усіх блізкіх, але парадавацца змогуць ня ўсе: маці, бацькі, старэйшага брата ўжо няма, сталі ахвярамі алькагалізму. Прызнаецца, што ззамаладу моцныя напоі «дэгуставаў» і сам, але прыклад родных прымусіў стаць цьвярозьнікам, для тонусу хапае бутэлькі піва.
«Папраўдзе, у Воршы ўжо мала што трымае, — канстатуе ён. — Засталася толькі бацькава родная сястра, больш нікога. Ну і, натуральна, уласна бацькаўшчына — прыяжджаю на могілкі, даглядаю, прыбіраю, гэта абавязкова. На жаль, з жывых асабліва няма ўжо каго... Таму, аб’ектыўна кажучы, не такі ўжо я моцны аршанец, хоць Менск таксама мяне не „перамалоў“, так і застаўся недзе пасярэдзіне. Як і мая жонка, таксама недалёка адышла. Жартам хваліцца, што карэнная мянчанка, але вырасла ў прыватным сэктары на Ангарскай, а гэта па норавах амаль як Ворша. Так і кажу: нос асабліва не задзірай, аднаго поля ягады (сьмяецца)».
Сам ён не выключае, што ў яго выпадку паратункам стаў пераезд падлеткам у Менск, у спартовы інтэрнат алімпійскай вучэльні. Сям’я нічым дапамагчы ўжо не магла, ад 15 гадоў фактычна перайшоў на поўнае самазабесьпячэньне.
«Напэўна, у той час, як мяне адправілі ў Менск, дарога вывернула ў іншы бок, — мяркуе спартовец. — Гэта як скрыжаваньне, на якім рушыў у патрэбным кірунку. Быў фільм, ня памятаю назвы — кампутар праграмаваў, куды чалавеку павярнуць, налева ці направа. І вось, калі здавалася, што наканавана толькі наперад, раптам зьявілася магчымасьць збочыць. Думаю, тады маё жыцьцё і зьмянілася. І хоць я даўно ў іншым кантэксьце, аршанскі дух выбіць зь мяне немагчыма. Усё яшчэ сядзіць унутры, школьныя нехарошасьці як былі, так у памяці і засталіся. Калі паступаў у інстытут, завуч на гутарцы заявіў: „З Воршы? Напэўна, ня возьмем. Не хапала яшчэ, каб тут учыняў невядома што“. Урэшце прынялі».
Суровыя будні гораду, які прытуліў тры турмы, загартавалі. Сяргей згадвае, што пастаянна даводзілася быць у баявой гатовасьці — сцэнар «сьценка на сьценку», «раён на раён» для Воршы ягонага дзяцінства быў нормай. Шмат хто зь сяброў дрэнна скончыў: адны не перажылі ліхія 90-я, іншыя атрымалі працяглыя тэрміны за разборкі са сьмяротным фіналам.
Я да 7-й клясы нават не задумваўся, што ў мяне няма штаноў, апроч школьных
«Такі быў спосаб самавыяўленьня, — кажа ён. — Цяпер іншыя магчымасьці, і ў Воршы хлопцы апранаюцца не як мужчыны, за што ў свой час расправа было б бязьлітасная (сьмяецца). Сёньня можна паказаць сябе ў розных іпастасях. Не хачу казаць пра лепшыя ці горшыя часы, проста розныя прыярытэты. Я да 7-й клясы нават не задумваўся, што ў мяне няма штаноў, апроч школьных. Зусім не напружвала. Пакуль не прыехаў у Менск і не пабачыў прыгожыя рэчы, абутак. Нібыта 200 км адлегласьці, а як быццам мяжа. З інтэрнату прывозіў сябрам кока-колу, у Воршы такога цуду не было. Хто тыя бар’еры стварыў — штучна ці самі ўзьніклі — не разумею».
Лыжныя гены і адарванасьць ад дому
У сям’і Далідовічаў тры дачкі: старэйшай Вользе 17 гадоў, сярэдняй Дар’і — 13, малой Злаце толькі 2. Ці зьвяжуць яны сваё жыцьцё са спортам — будуць вырашаць самі. Хоць з бацькоўскай дапамогай большыя на лыжы ўжо становяцца. Жонка Ірына таксама пачынала на лыжні, у свой час была наймацнейшай юніёркай Беларусі. Апошнім значным выступам была зімовая Ўнівэрсіяда 1997 году ў паўднёвакарэйскім Муджу, неўзабаве пасьля якой атрымала прапанову рукі і сэрца.
Крыж на кар’еры Ірыны ў нейкім сэнсе паставілі трэнэры — пабаяліся, што прысутнасьць маладой жонкі на зборах і спаборніцтвах будзе адцягваць увагу Сяргея ад галоўнай мэты. Але калі зьявілася першае дзіця, усё вырашылася само сабой — маладая мама засяродзілася на сям’і. Цяпер ужо шматдзетнай.
А як перажываюцца працяглыя разьвітаньні? Асабліва ў перадалімпійскі цыкль, калі пабыўка дома падаецца раскошай.
«Па вялікім рахунку, да такога рэжыму ўжо прызвычаіліся, — удакладняе Сяргей Далідовіч. — Сапраўды, у „высокі сэзон“ дома ўдаецца быць толькі наездамі — два-тры дні, і зноў наперад. То бок ад’яжджаем як мага раней, у сярэдзіне восені, каб да пачатку афіцыйных стартаў набраць найлепшыя кандыцыі. Іншымі словамі, дзесьці ад кастрычніка і да канца лютага ў пастаянных разьездах. Затое летам я зь сям’ёй практычна пастаянна. Раўбічы побач, можна паўнавартасна і трэніравацца, і цешыцца жыцьцём. І калі браць у сукупнасьці, падзяліўшы хвіліны на працы за год, то журналіст Свабоды нават меней часу праводзіць у хаце, чым я (сьмяецца)».
Зборная беларускіх лыжнікаў у Пхёнчхане — другая паводле колькаснага складу, саступае толькі біятляністам. У мужчынскай камандзе разам зь Сяргеем Далідовічам на трасу выйдуць Міхаіл Сямёнаў, Юры Астапенка, Аляксандар Воранаў. У жанчын гэта Анастасія Кірылава, Паліна Сераносава, Юлія Ціханава, Валянціна Камінская.
Першай мэдалёвай дысцыплінай будзе скіятлён. Дзяўчаты стартуюць 10 лютага, на другі дзень пасьля афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця, хлопцы на дзень пазьней — 11-га. Таксама заплянаваныя камандны і індывідуальны спрынт і эстафэты. Маратонскія забегі — на 30 і 50 кілямэтраў адпаведна — закрыюць праграму ХХІІІ Алімпійскіх гульняў.