Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны бел-чырвона-белы сьцяганосец Беларусі на Алімпіядах: «Цяперашні сьцяг глядзіцца прыгажэй»


Яўген Рэдзькін пасьля перамогі на Алімпіядзе-1992 у Альбэрвіле
Яўген Рэдзькін пасьля перамогі на Алімпіядзе-1992 у Альбэрвіле

1 лютага ў паўднёвакарэйскі Пхёнчхан выправіцца асноўная група беларускіх алімпійцаў — чальцы біятлённай і лыжнай камандаў (агулам 17 спартоўцаў, а таксама трэнэры і сэрвісмэны).

Тым часам Свабода знайшла на Ўрале алімпійскага чэмпіёна 1992 году біятляніста Яўгена Рэдзькіна, які застанецца ў гісторыі беларускага спорту першым і адзіным бел-чырвона-белым сьцяганосцам на Алімпіядах.

На Гульні-2018 заяўлена 28 беларускіх атлетаў, якія выступяць у шасьці дысцыплінах — акрамя біятлёну, таксама горныя лыжы, лыжныя гонкі, канькабежны спорт, фрыстайл і шорт-трэк.

Гэта будзе сёмая «белая» Алімпіяда для Беларусі. За адпраўны пункт бярэцца 1994 год, калі ў Лілехамэры экс-савецкія рэспублікі атрымалі права на самастойныя зборныя. За два гады да таго — зімой у францускім Альбэрвілі і летам у гішпанскай Барсэлёне — аб’яднаныя каманды СНД выступалі пад сьцягам Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Парадаксальна, але першым сьцяганосцам Рэспублікі Беларусь быў не беларус. Дакладней, адпачатку на гэтую місію дэлегавалі канькабежца Ігара Жалязоўскага, але ў штабе місіі вырашылі не нагружаць яго псыхалягічна перад стартам, прызначаным на наступны дзень. На чале калёны пад бел-чырвона-белым сьцягам стаў біятляніст Яўген Рэдзькін, які ўжо нёс сьцяг з алімпійскімі кольцамі падчас праходу калёны СНД у Альбэрвілі.

Родам з расейскага Ханты-Мансійску, Рэдзькін зьявіўся ў распалажэньні беларускай зборнай незадоўга да Алімпіяды-1992 і сэнсацыйна заваяваў золата ў індывідуальнай гонцы на 20 кілямэтраў для абязьлічанай СНД. Сутнасна гэта быў фармат усё таго ж СССР, за выняткам краін Балтыі.

Праз два гады, калі летнія і зімовыя гульні разьвялі па цотных гадах, у беларускіх спартовых ведамствах небеспадстаўна разьлічвалі на паўтарэньне трыюмфу, вывеўшы малады талент на першыя ролі. Але дэжа-вю ня здарылася: на 20-кілямэтровай дыстанцыі ён адзначыўся шасьцю промахамі на стрэльбішчы і заняў выніковае 53-е месца.

Яўген Рэдзькін нясе бел-чырвона-белы сьцяг на адкрыцьці Алімпіяды-1994 ў нарвэскім Лілехамэры
Яўген Рэдзькін нясе бел-чырвона-белы сьцяг на адкрыцьці Алімпіяды-1994 ў нарвэскім Лілехамэры

Чым сёньня займаецца Яўген Рэдзькін, які застанецца ў гісторыі беларускага спорту ўжо тым, што на цырымоніі адкрыцьця Лілехамэру-1994 прайшоў з нацыянальным сьцягам у руках?

«Ішоў перад трыбунамі з пачуцьцём выкананага доўгу»

Зімовыя гульні ў Нарвэгіі аказаліся адзінымі, у часе якіх афіцыйна выкарыстоўвалася гістарычная сымболіка. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» трапілі ў апалу, прыналежнасьць да краіны стала абазначацца на бээсэсэраўскі ўзор.

Радыё Свабода знайшло 48-гадовага героя. У Югру ён вярнуўся неўзабаве пасьля сьцяганоснай місіі — вынікі пакідалі жадаць лепшага, імклівы ўзьлёт замяніла стагнацыя. Лавіць у Беларусі не было чаго, пацягнула дадому. Там распачаў кар’еру спартовага функцыянэра.

Дык ці пасьпеў сам адчуць важнасьць моманту пераломных 1990-х? І як ацэньвае ўласны ўнёсак у беларускую справу?

«Адкуль бы ні паходзіў, але калі выступаў за краіну, нёс яе сьцяг, гэта ў любым выпадку нешта значыць, — кажа Свабодзе Яўген Рэдзькін. — Так атрымалася ці проста зьбег абставін, але ня бачу нічога, што можа асуджацца. У 1992 годзе, ужо пасьля распаду СССР, на цырымоніі закрыцьця гульняў у Альбэрвілі мне даверылі прайсьці з алімпійскім сьцягам на чале нашай дэлегацыі, сабранай са спартоўцаў колішніх савецкіх рэспублік. Праз два гады я нёс сьцяг Рэспублікі Беларусь, дзе на той момант жыў і вучыўся. З пачуцьцём выкананага доўгу, з гонарам ішоў перад трыбунамі, было прыемна, што даручылі гэта зрабіць».

Беларуская дэлегацыя падчас цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Лілехамэры

«Тое, што паставілі пад сьцяг — безумоўна, нечакана»

Яўген Рэдзькін ня лічыць сябе чужым у Беларусі, хоць непасрэдных сувязяў з гэтым краем і ня мае. Хіба ўмоўныя «беларускія лініі». Так, ягоны айчым, дыплямаваны будаўнік, у свой час пераехаў у Ханты-Мансійск зь Віцебшчыны. Другая зачэпка — продкі сьвярдлоўскага трэнэра Ўладзіміра Путрова паходзілі зь вёскі Путры (цяпер Слабада) на Мёршчыне. У гады калектывізацыі былі сасланыя ў Сыбір, дзе і аселі. Калі на пачатку 1990-х настаўнік наважыўся прыехаць на зямлю дзядоў, сьледам рушыў і ягоны 20-гадовы выхаванец.

Путроў меў добрыя стасункі з кіраўнікамі беларускага біятлёну, дапамог з паступленьнем у Дзяржаўны інстытут фізычнай культуры і спорту (раней Рэдзькін скончыў Сьвярдлоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню, афіцэр унутраных войскаў). Пэрспэктыўнага расейца, як і некаторых іншых прадстаўнікоў сыбірскай школы біятлёну, узялі на заметку, выдалі беларускі пашпарт. Так ён стаў «тутэйшым». А на першай для краіны Алімпіядзе пасунуў нават абарыгенаў.

«Тое, што паставілі пад сьцяг — безумоўна, нечакана, такія рэчы чаканымі і не бываюць, — працягвае Яўген Рэдзькін. — Цудоўна разумею, што былі людзі больш вартыя, той жа Ігар Жалязоўскі — знакаміты канькабежац, з усіх бакоў паважаны чалавек. Наколькі ведаю, адпачатку гэтая місія была даручана менавіта яму, але зь нейкіх прычын потым рашэньне памянялі, перайгралі на маю карысьць. Ну, а калі ўжо даверылі, дык пастараўся з гонарам выканаць пастаўленую задачу».

Ці адклалася ў памяці колішняга сьцяганосца, што тагачаснае палотнішча радыкальна адрозьнівалася ад дзяржаўнага атрыбуту пазьнейшага часу? І навошта, на яго думку, першаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку закарцела памяняць сымболіку — нават у Расеі, дзе моцная настальгія па СССР, да падобнага не дадумаліся.

Як на мяне, дык з нацыянальным узорам прыгажэй глядзіцца — той, што цяпер

«Канечне, бачу, што сьцяг быў адзін, цяпер іншы, — кажа суразмоўца. — Шчыра кажучы, асабліва пра гэта нават не задумваўся. Калі ў той час дзяржава прыняла рашэньне, што ён павінен выглядаць менавіта так, мая якая тут роля? Ухвалілі кіраўнікі і ўхвалілі, штосьці ацэньваць не ўпаўнаважаны. Для мяне гэта наагул не прынцыпова. Мабыць, ёсьць нейкія гістарычныя нюансы, значыць, на той момант было патрэбна, каб сьцяг меў такі выгляд. Потым падумалі і прынялі рашэньне, што хай лепш застанецца звыклы варыянт, як пры СССР. Як на мяне, дык з нацыянальным узорам прыгажэй глядзіцца — той, што цяпер».

Пры гэтым Яўген Рэдзькін ужо ня памятае, як выглядаў ягоны беларускі пашпарт — хоць у першай палове 1990-х на сіняй вокладцы ўсё ж мусіла фігураваць гістарычная «Пагоня», варыяцыя на тэму герба БССР зьявілася пазьней. Спроба растлумачыць на пальцах, што сабой сымбалізуе вершнік для нашчадкаў ВКЛ, паставіла суразмоўцу ў тупік.

«Чалавека на кані ня памятаю», — прызнаўся колішні «страляючы лыжнік».

«Захоўваем цёплыя стасункі, сувязі зь беларусамі не парушаныя»

У спартыўным багажы Яўгена Рэдзькіна ня так шмат гучных дасягненьняў. Трамплінам для мэдалёвай, але зусім кароткай спартовай біяграфіі стала перамога ў 15-кілямэтровай гонцы на юніёрскім першынстве сьвету 1990 году. Праўда, трэнэру давялося прыкласьці нямала намаганьняў, каб вучня паставілі ў чаргу на прагляд у зборную СССР.

Дэбют на вышэйшым узроўні расьцягнуўся амаль на два гады — акурат да часу, калі Савецкі Саюз пачаў дыхаць на ладан. Рэдзькін сам прысьпешыў падзеі пасьля першага месца на традыцыйнай «Іжэўскай вінтоўцы» ва Ўдмуртыі. Згодна з умовамі спаборніцтваў пераможца турніру атрымліваў права прадстаўляць на Алімпіядзе 1992 году аб’яднаную зборную СНД, складзеную зь біятляністаў былых савецкіх рэспублік.

На саміх Гульнях здольнасьці дэбютанта паставілі пад сумнеў, заявіўшы толькі на адну 20-кілямэтровую гонку, і тое ў апошні момант. Але навічок паклаў у цэль усе 20 патронаў і пры ня самай высокай хуткасьці на лыжні сэнсацыйна выйграў алімпійскае золата.

Тэлевізійны сюжэт пра перамогу Рэдзькіна на Алімпіядзе ў Альбэрвіле


Неўзабаве пасьля Альбэрвіля ён пасьпеў спрычыніцца да каманднага трыюмфу на першынстве сьвету ў Новасыбірску. Зноў жа, у складзе каманды СНД — апошняя для яго вышэйшая ўзнагарода дарослага чэмпіянату плянэты.

Да Лілехамэру-1994 Яўгена Рэдзькіна падводзілі ўжо беларускія куратары — мэдалёвы багаж 23-гадовага біятляніста пасяляў надзеі на першы п’едэстал для сувэрэннай краіны.

Нацыянальная зборная таго ўзору проста стракацела вядомымі прозьвішчамі натуралізаваных расейцаў. У мужчын гэта былі Віктар Майгураў, Аляксандар Папоў, Яўген Рэдзькін, Ігар Хахракоў, Вадзім Сашурын, Алег Рыжанкоў. У жанчын — Людміла Лысенка, Сьвятлана Парамыгіна, Натальля Пермякова, Ірына Какуева, Натальля Рыжанкова.

Аднак з усяго багацьця мэдалёвых варыянтаў сьвята для беларусаў здарылася толькі аднойчы — срэбра Парамыгінай у індывідуальнай гонцы. Рэдзькін ня справіўся з псыхалягічным ціскам і на кароннай дыстанцыі фінішаваў у шостым дзясятку. «Сэнсацыя Альбэрвіля» гэтым разам нікога не зьдзівіла.

Як паказалі далейшыя этапы Кубкаў сьвету, кар’ера алімпійскага чэмпіёна пайшла долу. Пасьля некалькіх гадоў менска-раўбіцкага пэрыяду разам з трэнэрам Путровым, які адкрыў для яго Беларусь, Рэдзькін вярнуўся на ўральска-сыбірскае сумежжа.

«Пасьля таго ў Беларусі ня раз бываў, па-ранейшаму сябрую з хлопцамі, зь біятлённай фэдэрацыяй нармальныя адносіны, з алімпійскім чэмпіёнам Сяргеем Булыгіным пастаянна ў кантакце, — кажа Яўген Рэдзькін. — Вашы спартоўцы рэгулярна прыяжджаюць да нас на зборы. Цяперашні старшы трэнэр беларускай зборнай Юры Альберс — некалі і мой трэнэр. Летась у кастрычніку-лістападзе прывозіў сваіх выхаванцаў у Ханты-Мансійск на „першы сьнег“. Так што захоўваем нармальныя, цёплыя стасункі, сувязі не парушаныя».

«Замежныя таварышы нешта гавораць, а вочы пры гэтым апускаюць»

Спартовая кар’ера пасьля ад’езду зь Беларусі не задалася, але Яўген Рэдзькін прыйшоўся да месца на функцыянэрскай пасадзе — за паўтара дзясятка гадоў даслужыўся да дырэктара Дэпартамэнту па фізычнай культуры і спорту Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югра, нямала зрабіў дзеля таго, каб Заходняя Сыбір стала адным з цэнтраў усясьветнага біятлёну. Пакуль міжнародныя структуры не абклалі Расею санкцыямі за допінгавую праграму, Ханты-Мансійск некалькі разоў прымаў чэмпіянаты сьвету і кубкавыя этапы.

Рэдзькін-функцыянэр
Рэдзькін-функцыянэр

«Пакуль што адышоў ад вялікіх спраў, — кажа Рэдзькін. — А да таго амаль 20 гадоў адпрацаваў у рэгіянальным спорткамітэце: 12 гадоў быў намесьнікам старшыні дэпартамэнту, а потым 4,5 года яго ўзначальваў. Апошнія 2 гады працую ў цэнтры падрыхтоўкі, дзе сканцэнтраваныя ўсе спартоўцы Ханты-Мансійскай акругі — адсюль выяжджаюць на зборы, на спаборніцтвы. Высокіх пасадаў не займаю. Шчыра кажучы, насьпела патрэба адпачыць. Заняўся сям’ёй, шмат назапасілася асабістых пытаньняў. Кірую ўпраўленьнем па статыстыцы, аналітыцы, мэтодыцы. Але паглядзім, можа, сёлета ці на наступны год трэба ўжо рухацца некуды далей».

За алімпійскімі баталіямі Яўген Рэдзькін зьбіраецца сачыць хіба са спартыўнага інтарэсу — маўляў, расейскіх атлетаў так «зацкавалі», што настрой зусім ня той, атмасфэры сьвята няма. Нават адмовіўся ад паездкі ў Пхёнчхан — праўда, спасылаецца на сямейныя прычыны, не на сьвядомы байкот.

«У нас працуе Расейскі саюз спартоўцаў, які ўзначальвае славутая фэхтавальшчыца, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Галіна Гарохава. Я кірую рэгіянальным падразьдзяленьнем саюзу ў нашай акрузе, — кажа былы біятляніст. — Дык вось мяне сапраўды запрашалі ў Пхёнчхан, фінансавалі, аднак з асабістых прычын я адмовіўся. Спачатку — так, хацеў паехаць, настроіўся. І ніяк не атрымліваецца — люты аказаўся надзвычай заняты іншымі справамі».

Як і бальшыня расейцаў, ён абураны беспрэцэдэнтнай «антырасейскай кампаніяй», разгорнутай на ўсіх узроўнях і па ўсіх франтах. Аднак допінгавыя абвінавачаньні Міжнароднага алімпійскага камітэту і ягоных экспэртаў лічыць беспадстаўнымі і ангажаванымі.

Шкада, што расейскіх спартоўцаў прэсуюць, трэціруюць

«Шкада, вядома, што нашых спартоўцаў прэсуюць, трэціруюць, — абураецца суразмоўца. — Па вялікім рахунку — дый не па вялікім — наагул нічога не даказана, ніхто нікому не прад’явіў, усё толькі на словах. Нашы замежныя таварышы нешта гавораць, а вочы пры гэтым апускаюць. Толкам нават ня ў курсе, хто ўрэшце паедзе. Пацаны, якія туды трапяць, незразумела паводле якога прынцыпу. Ня той, хто мацнейшы, а хто самы нявопытны. Галоўнае, каб дагэтуль нідзе не засьвяціўся. Чаго пры такім раскладзе чакаць — ня ведаю. Ну што ж, значыць, будзем заўзець за беларусаў» (сьмяецца).

Калі ў жаночай камандзе Беларусі заўзець яшчэ ёсьць за каго, то «моцная палова» даўно замацавался ў хвасьце разам з заштатнымі аўтсайдэрамі. Чым тлумачыць падобны рэгрэс алімпійскі чэмпіён з-за Ўралу, які, пераехаўшы ў Беларусь, фармальна здабыў адзінае ў гісторыі беларускага мужчынскага біятлёну золата ў індывідуальнай гонцы?

«Беларусь не такая вялікая краіна. Зноў жа, зімы хісткія, непрадказальныя, — кажа ён. — Дзеля таго каб зьяўляліся таленты, патрэбныя больш-менш стабільныя ўмовы — прынамсі для заняткаў лыжамі. А калі сьнегу няма, пра якія лыжы можа ісьці гаворка? Таму ад выпадку да выпадку нейкія імёны ўсплываюць, і тое добра. На маю думку, пацаны і дзяўчаты, якія сёньня бегаюць за Беларусь, выступаюць нармальна. Ваша і наша Даша Домрачава, якая нарадзілася ў Нягані нашай Ханты-Мансійскай акругі (Домрачава нарадзілася ў Менску ў 1986-м, у Нягань пераехала з бацькамі ў 1990-м. — РС) і пачынала бегаць са Сьветай Сьляпцовай, — гэта ўжо легенда. Так, зьехала ў Беларусь, але мы за яе перажываем, падтрымліваем як сваю»

.

Лідэр беларускай алімпійскай зборнай Дар'я Домрачава
Лідэр беларускай алімпійскай зборнай Дар'я Домрачава

«Фізычна немагчыма, каб пастаянна перамагалі адны і тыя ж людзі»

Яўген Рэдзькін засмучаны, што з прычыны допінгавага скандалу ў Паўднёвую Карэю ня змогуць паехаць наймацнейшыя расейскія алімпійцы — напрыклад, біятляніст Антон Шыпулін, лыжнік Сяргей Усьцюгаў, шорт-трэкіст Віктар Ан, цэлая група хакеістаў. Аднак міжнародным экспэртам, на яго думку, варта было б не зацыклівацца на Расеі, а зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў іншых зборных. Замест гэтага тыя проста заплюшчваюць вочы, перакананы ён.

Але француз, мабыць, зялёную таблетку рэгулярна ўжывае

«Зоркі, як я ўжо казаў, кожны год не нараджаюцца — добра, калі нехта варты зьявіцца раз на 5 ці нават 10 гадоў, — кажа алімпійскі чэмпіён 1992 году. — Дый фізычна немагчыма, каб пастаянна перамагалі адны і тыя ж людзі. Хіба што Мартэн Фуркад выключэньне, можа гэта рабіць бесьперапынна. Але француз, мабыць, зялёную таблетку рэгулярна ўжывае, адно што пра гэта ўсе маўчаць, засяродзіліся чамусьці толькі на расейскіх спартоўцах. Значыць, некаму можна, некаму — не. Дзе ж тады алімпійскі прынцып роўных умоваў для ўсіх?»

Хто з расейскіх біятляністаў будзе выступаць у алімпійскім Пхёнчхане пад нэўтральным сьцягам — невядома дагэтуль. А вось склад беларускай дэлегацыі ўжо названы — ад 1 лютага спартоўцы і трэнэры пачнуць акліматызацыю ў высакагор’і.

Жаночая каманда:

  • Дар’я Домрачава,
  • Надзея Скардзіна,
  • Ірына Крыўко,
  • Надзея Пісарава,
  • Дынара Алімбекава.

Мужчынская каманда:

  • Уладзімер Чапелін,
  • Сяргей Бачарнікаў,
  • Максім Верабей,
  • Раман Ялётнаў,
  • Антон Смольскі.

Домрачава чатыры гады таму ў Сочы заваявала тры залатыя ўзнагароды,

Нарвэжац Уле-Эйнар Бʼёрндален паедзе ў Пхёнчхан разам зь беларусамі
Нарвэжац Уле-Эйнар Бʼёрндален паедзе ў Пхёнчхан разам зь беларусамі

Скардзіна атрымала бронзу. Апошнім уганараваным мужчынам быў Сяргей Новікаў, які ў 2010-м падзяліў другую прыступку п’едэсталу зь легендай усясьветнага біятлёну Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам.

Дарэчы, сёлета нарвэжац мае дадаць упэўненасьці беларусам. Пасьля таго як нечакана застаўся па-за бортам сваёй зборнай, пацьвердзіў, што паедзе ў Пхёнчхан разам з камандай Беларусі. Перадусім каб маральна падтрымаць сваю жонку Дар’ю Домрачаву — а да таго ж возьме на сябе некаторыя трэнэрскія функцыі.

Каб пра незапатрабаванасьць 44-гадовага вэтэрана ў Менску стала вядома крыху раней, тэарэтычна ён мог бы ня толькі суправаджаць сваю цудоўную палову, а прымераць форму алімпійца зборнай Беларусі. Натуралізацыя замежнікаў з уручэньнем беларускіх пашпартоў — звыклая практыка ў хакеі, фрыстайле, горных лыжах, ня кажучы пра традыцыйна «імпартазалежны» біятлён.

Ігар Жалязоўскі: Стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс мэдаль сваёй краіне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG