Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч: “Стварэньне буйной элітнай партыі ў Беларусі непазьбежна”


Уладзімер Глод, Менск Ці паўплываюць вынікі выбараў у Дзярждуму Расеі на палітычную сытуацыю ў Беларусі?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што думскія выбары прымусяць і ў Беларусі стварыць буйную палітычную партыю:

“Зусім відавочна, што наша палітычная беларуская эліта (прычым уся эліта, незалежна ад таго, хто сябе ў якія шэрагі запісвае) ня можа не рэагаваць на вынікі думскіх выбараў. Мы павінны разумець, што стварэньне буйной элітнай палітычнай партыі ў Рэспубліцы Беларусь не-пазь-беж-на.

Чаму? Ёсьць “Белая Русь”, якая аформілася ў грамадзкую арганізацыю. Але ў палітычным сэнсе гэта нікчэмна. І калі хтосьці плянаваў фармаваць новы парлямэнт на аснове “Белай Русі”, гэта таксама нікчэмна.

Я думаю, трэба чакаць у бліжэйшай будучыні стварэньня вельмі сур’ёзнай палітычнай элітнай сілы. Яна ня будзе капіяваць “Единую Россию”, але стратэгічна будзе выконваць такія ж задачы.

Зусім відавочна, што калі вышэйшая рада палітычнай партыі “Белая Русь”, якая будзе прадстаўляць у новым беларускім парлямэнце асноўную масу выбарнікаў, сустрэнецца з вышэйшай радай “Единой России”, дык пасьля гэтага размовы беларускіх і расейскіх міністраў будуць ісьці ў зусім іншым ключы. Калі ім будуць папярэднічаць сур’ёзныя палітычныя дамоўленасьці на дадзеным узроўні”.

На думку старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча, пакуль што ствараць прапрэзыдэнцкую партыю няма неабходнасьці:

“У нас улада стварыла пэўныя структуры, якія могуць вельмі хутка стаць прапрэзыдэнцкімі партыямі. Але ў гэтым няма неабходнасьці. Тут які б варыянт ні быў, але калі ня зьменяцца прынцыпы фармаваньня выбарчых камісіяў і падліку галасоў, то ніякіх зьменаў ня будзе. У Беларусі адпрацавалі схему фальсыфікацыі, якой на сёньняшні дзень яшчэ нішто не пагражае.

Сытуацыя ў Беларусі якой была, такой і застаецца. Улада ў Расеі не мяняецца, а аўтарытарнасьць і элемэнты дыктатарства ўмацоўваюцца. Так што ніякіх зьменаў я тут не чакаю”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч цьвердзіць, што беларуска-расейскія дачыненьні будуць паглыбляцца і пасьля выбараў у Дзярждуму:

“Я лічу, што нельга спыніць цягнік, які ўжо набраў рух. Нельга яго спыніць. Таму гэты рух будзе адбывацца і ў далейшым”.

Нагадваю спадару Здановічу, што гэтым разам парлямэнцкія выбары ў Расеі ўпершыню праводзіліся толькі паводле партыйных сьпісаў. Можа, і ў Палату прадстаўнікоў трэба абіраць таксама выключна партыйцаў? Мой суразмоўца ставіцца да гэтага адмоўна:

“Бо за партыяй ня бачна канкрэтнага дэпутата. Я супраць гэтага. У нас маленькая краіна. У чым нэгатыў выбараў паводле партыйных сьпісаў? Выбаршчык галасуе не за канкрэтнага дэпутата Здановіча ці некага іншага. Ён галасуе за партыю. А хто потым з гэтай партыі апынецца ў парлямэнце — гэтае вялікае пытаньне. Чалавеку звычайнаму, простаму, лепей усё ж галасаваць за чалавека”.

Былы старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч лічыць, што курс Расеі ў дачыненьнях з Беларусьсю застанецца ранейшым:

“Я думаю, што выбары непасрэдна не паўплываюць на расейска-беларускія дачыненьні. Ёсьць іншыя фактары ўплыву. Прынамсі, гэта працяг з боку Расеі цяперашняй палітыкі ў гандлёвых стасунках. Гэта захаваньне расейскай палітыкі ў экспарце ў Беларусь энэрганосьбітаў — нафты і газу. І мне падаецца, што гэты курс будзе працягнуты.

Адзінае, што можа паўплываць на зьмяненьне палітыкі Расеі адносна Беларусі, гэта калі ў Маскве палічаць, што Беларусь зьяўляецца важным партнэрам для адказу Злучаным Штатам Амэрыкі на разгортваньне імі элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў Чэхіі ды Польшчы. Толькі гэта можа паўплываць”, — лічыць Аляксандар Вайтовіч.

• Барыс Нямцоў: “Пуцін стаў Лукашэнкам”, 2.12.2007 • Экзыт-пол ВЦИОМ: прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • Паводле экзыт-полу Фонду “Общественное мнение” ў Думу прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • На выбарах у заканадаўчы сход Камчаткі “Единая Россия” набірае больш за 70%, 2.12.2007 • 66% расейцаў упэўненыя, што выбары ў Думу несвабодныя, 2.12.2007 • Г.Каспараў: “Гэта выбары бяз выбару”, 2.12.2007 • І.Рынкевіч: “Парлямэнцкая кампанія ў Расеі ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу і ў гэтай краіне”, 2.12.2007 • Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Як галасавалася расейскім беларусам? , 2.12.2007 • Расея: Генадзі Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007 • А.Кароль: “У Расеі будзе “калектыўны Пуцін”, 1.12.2007 • Апытаньне: чым розьняцца і чым падобныя выбары ў Расеі і Беларусі? , 1.12.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG