Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні ўладаў Менскай вобласьці, цяпер права на адстрэл дзікоў маюць толькі 20 арганізацый. У 2024 годзе такое права мелі 33 арганізацыі.
Сярод такіх арганізацый — рэгіянальныя аддзяленьні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, лясгасы, установы запаведнікаў, прадпрыемствы кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама прыватная мэблевая фабрыка «Лагуна» і Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт.
Мэблевай фабрыкай «Лагуна» валодае Ўладзіслаў Дземьянец. Прадпрыемства мае 4 вытворчыя пляцоўкі ў Баранавічах, Слуцку, Жлобіне і Косаве. Фабрыка, у сваю чаргу, зьяўляецца ўласьніцай прыватнай паляўнічай гаспадаркі ў Клецкім раёне Менскай вобласьці, яе плошча перавышае 60 тысяч гектараў.
Дзікоў у Беларусі прыкметна паменела пасьля 2013 году праз адстрэл у межах барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней. У 2019 годзе папуляцыя складала 1,5–2 тысячы асобін, а да пачатку 2025 году дасягнула прыблізна 8 тысяч.
У 2013 годзе папуляцыя дзікоў налічвала амаль 83 тысячы асобін.
Форум