Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША рэспубліканцы працуюць над санкцыямі супраць краінаў, якія вядуць бізнэс з Расеяй


Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.
Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.

У ЗША рэспубліканцы працуюць над законапраектам, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць любой краіны, якая вядзе бізнэс з Расеяй. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп.

«Яны могуць дадаць да гэтага Іран. Я гэта прапаноўваў. Такім чынам, супраць любой краіны, якая вядзе бізнэс з Расеяй, будуць уведзеныя жорсткія санкцыі», — адзначыў Дональд Трамп.

Некаторыя амэрыканскія сэнатары, як адзначае Reuters, зараз аднавілі спробы дабіцца прыняцьця і падпісаньня прэзыдэнтам Трампам двухпартыйнага законапраекту аб санкцыях. Дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне пошлін у адносінах да краінаў, якія купляюць расейскую нафту і газ, а таксама санкцый супраць міжнародных кампаній, якія працуюць з расейскім энэргетычным сэктарам.

У канцы кастрычніка Вашынгтон увёў санкцыі супраць найбуйнейшых нафтавых кампаній Расеі — «Раснафты» і «Лукойла». Гэта былі першыя абмежаваньні супраць Масквы пасьля вяртаньня Трампа ў Белы дом.

Дзяржсакратар Марка Рубіё заявіў на мінулым тыдні, што Вашынгтон практычна вычарпаў магчымасьці для далейшых санкцый супраць Масквы за вайну ва Ўкраіне. Рубіё адзначыў, што апошні пакет абмежаваньняў быў накіраваны супраць найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаній, але павінен прайсьці некаторы час, каб іх дзеяньне адчулі.

Двухпартыйны законапраект аб увядзеньні другасных санкцый супраць Расеі, падрыхтаваны рэспубліканцам Ліндсі Грэмам і дэмакратам Рычардам Блюмэнталем, быў прадстаўлены вясной 2025 года. Дакумэнт прадугледжвае пошліны ў 500% на імпарт з краінаў, якія працягваюць купляць расейскую нафту, прыродны газ ці ўран, а таксама санкцыі супраць любых дзяржаў, якія набываюць расейскі ўран. Ініцыятыву падтрымалі больш за 80 са 100 сэнатараў.

Улетку Грэм заяўляў, што Трамп гатовы падтрымаць законапраект, і чакалася, што яго разгледзіць Сэнат, але пасьля саміту на Алясцы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША разгляд дакумэнта прыпынілі. Па дадзеных Bloomberg, Сэнат зрабіў паўзу да новай сустрэчы лідэраў у Будапэшце, якая ў выніку была адменена.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG