«Што тычыцца транзыту ўгнаеньняў, то гэта санкцыі Эўрапейскага Зьвязу і нацыянальныя захады Літвы. Мы пра гэта не размаўлялі, гэта не ўваходзіць у агульны сьпіс тэмаў для абмеркаваньня. Гэта наша справа», — сказаў Кястуціс Будрыс у этэры тэлеканалу LRT.
«ЗША, вядома ж, каардынуюць, інфармуюць, але робяць гэта на двухбаковай глебе. Нашы санкцыі — гэта справа Эўрапейскага Зьвязу. Такой тэмы не было. Былі асьцярогі, што выставяць патрабаваньні і гэтак далей, у якасьці ўмовы, але гэтага не было», — дадаў літоўскі міністар.
На гэтым тыдні Кястуціс Будрыс сустрэўся ў Вашынгтоне зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё і спэцыяльным пасланьнікам ЗША для Беларусі Джонам Коўлам.
Транзыт грузаў «Беларуськалію» церазь Літву ў Клайпедзкі порт спынілі 1 лютага 2022 году, калі ўрад пацьвердзіў, што дамова паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем», якая мусіла дзейнічаць да канца 2023 году, не адпавядае інтарэсам бясьпекі краіны.
Цяпер паміж краінамі ўвогуле спынілі аўтамабільны памежны рух.
11 лістапада ў МЗС Літвы выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі, каб выказаць рашучы пратэст з прычыны няспынных парушэньняў паветранай прасторы Літвы. Апошнія інцыдэнты адбыліся 8 і 10 лістапада, калі паветраныя балёны зноў стварылі небясьпеку для цывільнай авіяцыі і грамадзкай бясьпекі. У часе гэтай сустрэчы літоўскі бок папярэдзіў, што можа прадоўжыць забарону на перасячэньне мяжы.
Форум