Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашая задача — ня даць Лукашэнку нас падмануць», — старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Як Офіс Ціханоўскай ацэньвае вынікі перамоваў адміністрацыі Трампа з уладамі Беларусі? Дзякуючы чаму выйшаў на волю Сяргей Ціханоўскі? Якія аргумэнты на карысьць працягу ціску Захаду на рэжым Лукашэнкі?

На гэтыя і іншыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказаў старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

— Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію выданьню Politico зьвярнулася да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. «Мы не павінны нармалізоўваць гандаль палітычнымі зьняволенымі, калі людзей вызваляюць за нейкія саступкі з вашага боку — зьмякчэньне санкцыяў або публічную ўвагу, а потым бяруць новых палітычных зьняволеных. Лукашэнку неабходна пакараць, а не заахвочваць», — заявіла Ціханоўская. Ня ўсе згодныя з такой пазыцыяй.

Вы тлумачылі гэтую пазыцыю, вам пярэчылі, вы адказвалі. Дзякуй, што згадзіліся працягнуць гутарку.

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Кіт Келаг наведаў Менск, абдымаўся з Лукашэнкам, больш за 6 гадзінаў размаўляў. Ніводная краіна ЭЗ не накіроўвае ў Менск прадстаўнікоў такога ўзроўню. А ЗША — накіравалі. На ваш погляд, такая «публічная ўвага» да Лукашэнкі — недарэчная і шкодная?

— У інтэрвію Politico Ціханоўская сказала, што пакуль працягваюцца рэпрэсіі, пакуль ня вызваленыя ўсе палітычныя вязьні, не павінна быць саступак, эканамічных у першую чаргу. І там былі абазначаныя ўмовы скасаваньня санкцыяў, і Лукашэнка іх ведае. Рэжым спадзяецца, што ён даб’ецца зьняцьця санкцыяў у абмен на аднаго Ціханоўскага. Ціханоўская дала ясна зразумець, што гэтага недастаткова.

Калі казаць пра амэрыканскую палітыку адносна Беларусі, то яна з прыходам да ўлады Трампа не памянялася. Я бачу, што розныя мэдыя спэкулююць на гэты конт, але яна не зьмянілася. І ў прынцыпе тыя людзі, якія ў амэрыканскіх уладных структурах займаліся Беларусьсю, застаюцца на сваіх месцах і працягваюць тую ж самую працу. Што памянялася — дык гэта сытуацыя ў Лукашэнкі. Яму вельмі неабходна зараз аднавіць кантакты з Захадам. Ён спадзяецца, што з Трампам будзе прасьцей зьняць санкцыі. Ён спадзяецца таксама захаваць нейкую сваю легітымнасьць, выкруціцца, пазьбегнуць адказнасьці. Калі раней Лукашэнка ня быў гатовы размаўляць пра вызваленьне нават невялікай групы палітвязьняў, зараз у яго гэтая гатоўнасьць зьявілася. І амэрыканцы проста гэтым скарысталіся.

А тое, што Менск наведаў Кіт Келаг, дык мы гэта падтрымлівалі. І мы ж разумеем, зь якой ён місіяй прыяжджаў. Безумоўна, афіцыйна гаворка ішла пра сытуацыю ва Ўкраіне, ён жа прадстаўнік прэзыдэнта для Ўкраіны, але мы ведалі, што ехаў ён менавіта з умовай, што будуць вызваленыя людзі.

І гэта не дзяржаўны сакратар, гэта не дарадца ў нацыянальнай бясьпецы, гэта спэцыяльны пасланьнік. А задача спэцыяльнага пасланьніка акурат разьвязваць крызісы, сустракацца з кім бы там ні было, нават зь людажэрамі, абы вырашаць праблемы, якія стаяць перад амэрыканскай адміністрацыяй. Ну і ён пасьпяхова вызваліў ня толькі беларускіх грамадзянаў, але таксама некалькі амэрыканцаў, некалькі латвійцаў, эстонцаў, японцаў, паказаўшы моц амэрыканскай палітыкі.

— Вы сказалі, што палітыка не зьмянілася. Ну як жа не зьмянілася? Апошнія 5 гадоў амэрыканскія чыноўнікі рангу Келага, нават і спэцыяльныя пасланьнікі, у Менск не прыяжджалі. Цяпер прыехаў. Санкцыі дзейнічаюць шмат гадоў. А Сяргея Ціханоўскага вызвалілі толькі пасьля візыту Келага. Гэта плён санкцыяў ці дыялёгу, «публічнай увагі»? Гэта заахвочваньне, а не пакараньне.

— Зьмены палітыкі няма. Месяц таму прэзыдэнт Трамп працягнуў на год дзеяньне ўсіх амэрыканскіх санкцыяў адносна Беларусі. Стратэгічны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі працягваецца. ЗША ў міжнародных арганізацыях падтрымліваюць усе нашыя ініцыятывы з асуджэньнем рэжыму Лукашэнкі. Што памянялася, дык гэта палітыка Вашынгтону адносна Расеі. Але ў выпадку зь Беларусьсю ў прынцыпе тое, што было, працягваецца пры Трампу.

Візыт Келага адбыўся ў тым ліку і дзеля таго, каб вызваліць людзей. Ён ехаў з гэтай мэтай. Гэта ня стала вынікам, гэта было перадумовай. І мы ў прынцыпе падтрымліваем такія намаганьні. Калі ставяць строгія ўмовы для Лукашэнкі, то мы будзем мець магчымасьць і вызваляць людзей. Але павінна быць выканана яшчэ адна ўмова, якая ня выкананая — гэта спыненьне рэпрэсіяў. Лукашэнка цягам апошніх трох месяцаў камунікацыі з амэрыканцамі і іншымі заходнікамі ўкладае ім у вушы думку, што рэпрэсіі скончыліся. Маўляў, людзей увесь час вызваляюць, ужо 300 чалавек на волі. А мы бачым у статыстыцы, што рэпрэсіі нарастаюць, а зараз, напярэдадні 9 жніўня, робяцца нават больш маштабнымі. І трэба нагадваць амэрыканцам, што рана рабіць саступкі, пакуль Лукашэнка ня выканаў сваю частку дамоўленасьці.

— Наконт нязьменнасьці амэрыканскай палітыкі — усё ж спрэчная вашая тэза. Мне здаецца, навідавоку пасьлядоўнасьць, нязьменнасьць палітыкі самога Трампа. У 2020 годзе яго дзяржаўны сакратар Пампэо тэлефанаваў Лукашэнку, каб вызваліць амэрыканскага грамадзяніна Шклярава. Сёлета краіны Эўразьвязу асудзілі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, а Дзяржаўны дэпартамэнт Марка Рубіё красамоўна прамаўчаў, адно вітаў вызваленьне амэрыканскай грамадзянкі. Цяпер у Менск прыехаў Келаг. Вы ня бачыце ў гэтым пэўную палітычную філязофію Трампа, у якой проста няма такога паняцьця, як пакараньне дыктатараў? У яго няма думак пра пакараньне ані Кім Чэн Ына, ані Пуціна, ані Лукашэнкі. У вас і ў Ціханоўскай — ёсьць, а ў яго няма. Хіба не?

— Дзяржаўны дэпартамэнт зрабіў заяву аб непрызнаньні выбараў за некалькі дзён да таго, як яны адбыліся.

— А пасьля выбараў — не зрабіў, а калі прадстаўніца ЗША ў АБСЭ паспрабавала зрабіць заяву пасьля выбараў, ёй рот заткнулі.

— Гэта няпраўда. Заява была зробленая ў АБСЭ і яна была зафіксаваная. Заява Дзяржаўнага дэпартамэнту аб непрызнаньні выбараў была зроблена адначасова з усімі эўрапейскімі заявамі за пяць дзён да правядзеньня выбараў.

— Яе зрабіў дзяржаўны сакратар папярэдняй адміністрацыі Энтані Блінкен, «кульгавая качка». А Марка Рубіё толькі вітаў вызваленьне амэрыканскай грамадзянкі.

— Заява была зробленая. Дзярждэпартамэнт — гэта інстытуцыя. Калі мяняецца пазыцыя, тады абазначаецца нейкая новая пазыцыя. Мы ўчора сустракаліся з амэрыканскімі дыпляматамі, і эўрапейскія і амэрыканскія дыпляматы гавораць сугучна, сынхронна. Амэрыканскія прадстаўнікі кажуць, што вызваленьні — гэта вынік супольных намаганьняў: і ціску, і салідарнасьці, і дыпляматычных намаганьняў.

Некаторыя кажуць, што амэрыканцы гуляюць ролю добрага копа, а эўрапейцы — кепскага копа. Але гэтыя намаганьні даюць вынік — вызваленыя Ціханоўскі і 15 іншых палітвязьняў.

Я думаю, што Трамп не сфакусаваны на Беларусі, гэта не стаіць у сьпісе яго прыярытэтаў. Але ёсьць людзі ў Дзярждэпартамэнце, у Белым доме, у Кангрэсе, якія Беларусь выдатна ведаюць. Там няма ніякай наіўнасьці. Усе выдатна разумеюць, хто такі Лукашэнка. Яны бачаць магчымасьць скарыстацца сілай Трампа, яго непрадказальнасьцю, каб дамагчыся нейкага геапалітычнага посьпеху. Але я ня думаю, што гэта прывядзе да зьмены палітыкі ЗША ў дачыненьні да Лукашэнкі і да Беларусі. Гэта немагчыма сёньня.

— Вы сказалі, што нейкія амэрыканцы выдатна разумеюць, хто такі Лукашэнка. Але і Трамп разумее. Ён таксама выдатна разумее, хто такі Кім і хто такі Пуцін. Можа ён проста бачыць сьвет інакш, чым вы або Ціханоўская.

— Можа быць, але прадстаўнікі новай адміністрацыі ЗША занялі вельмі праактыўную пазыцыю ў дачыненьні да нашых палітвязьняў, яны патрабуюць гэтага вызваленьня, яны робяць намаганьні, каб іх вызваліць. Таму я бачу пакуль што ў цэлым пазытыў ад таго, што адбываецца. І наша задача — проста гэтым карыстацца, але быць таксама акуратнымі і ня даць Лукашэнку нас падмануць.

— Пэрсанал амбасады ЗША быў адкліканы зь Менску не пасьля 2020 году, а ў 2022 годзе, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Але вядзе вайну Расея. Аднак з Масквы пэрсанал амбасады ЗША не адкліканы. Калі Трамп вырашыць вярнуць амэрыканскіх дыпляматаў у Менск, вы будзеце лічыць гэта недарэчным заахвочваньнем дыктатара?

— У 2020 годзе мы прасоўвалі ініцыятыву вяртаньня амэрыканскага амбасадара ў Беларусь. Лукашэнка больш за 10 гадоў блякаваў прысутнасьць амэрыканскага амбасадара ў Менску. Вядома, зараз сытуацыя памянялася, памяняўся кантэкст. Тады Джулі Фішэр, прызначаная амбасадаркай, не была прынятая Менскам, Менску вельмі не падабалася гэтае прызначэньне, яна стала спэцпасланьніцай. Зараз можа ісьці гаворка пра павелічэньне колькасьці дыпляматычнага пэрсаналу ў Беларусі, але я ня думаю, што на ўзроўні амбасадара.

Трамп выступае за скарачэньне дыпляматычных місіяў і амбасадарскіх прызначэньняў ува ўсім сьвеце. Але калі вырасьце колькасьць супрацоўнікаў амбасадары ЗША ў Менску, яны змогуць дапамагаць беларусам, выдаваць візы. Гэта трэба вітаць, але, на мой погляд, гэта блякаваў Менск. Скарачэньне пэрсаналу амбасады ЗША было зьвязанае з пытаньнямі бясьпекі, Менск штучна абмежаваў колькасьць дыпляматаў. Калі зараз атрымаецца павялічыць дыпляматычную прысутнасьць, мы гэта вітаем, але, зразумела, мы не падтрымліваем вяртаньня на ўзроўні амбасадара.

— Але я памятаю сюжэт з францускім амбасадарам, які прыехаў у Менск пасьля 2020 году, у Менску знаходзіўся, але адмовіўся ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. І яго выслалі. Хіба з амэрыканскай амбасадаркай была не такая ж сытуацыя? Яна не хацела ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку, а ён не хацеў яе на такіх умовах прымаць.

— Менск хоча прымаць толькі тых амбасадараў, якія яму ляяльныя, як прызначаны нядаўна славацкі амбасадар. Зь ім Лукашэнка ўжо раней працаваў досыць доўгі час, славацкі амбасадар хадзіў на афіцыйныя парады, вечарыны і хваліў Лукашэнку. Вось такіх амбасадараў Лукашэнка прымаць гатовы. Амбасадарам, якія будуць крытыкаваць рэжым, Менск адмаўляе ў прысутнасьці. Тыя амбасадары, якія заставаліся да 2022 году, некаторыя нават да 2023 году, не маглі нармальна працаваць. За імі сачылі, супрацоўнікі амбасадаў часта зазнавалі ціск. Дагэтуль некаторыя дыпляматычныя супрацоўнікі знаходзяцца ў зьняволеньні. І гэта таксама ўплывае на гатоўнасьць заходніх краінаў вяртаць амбасадараў і пашыраць свае місіі ў Беларусь.

— Ці правільна я зразумеў вашую пазыцыю, што вызваленьне палітвязьняў можа быць галоўнай мэтай гуманітарных і праваабарончых арганізацыяў, але не палітычнай сілы? Як на вайне — вызваленьня сваіх палонных дамагаецца кожны бок, але гэта ня можа быць галоўнай мэтай ніводнага боку. Гэта дарэчная аналёгія?

— Не, мы ставім галоўнай мэтай вызваленьне палітвязьняў, але гэта першы крок. Тыя патрабаваньні, якія былі вылучаныя яшчэ ў 2020 годзе — вызваленьне людзей, пакараньне вінаватых, пачатак нацыянальнага дыялёгу, правядзеньне свабодных выбараў, спыненьне рэпрэсіяў — гэта тое, з чаго мы павінныя пачаць. Таму, зразумела, гэта мэта ў рамках больш доўгатэрміновай задачы — сыстэмных зьменаў у Беларусі. Бо проста спыніцца на вызваленьні Сяргея Ціханоўскага, ня вызваліўшы ўсіх астатніх, не спыніўшы рэпрэсіі, — гэта не рашэньне. Усё роўна сотні тысяч людзей ня могуць вярнуцца дадому, а Беларусь будзе далей паглынацца Расеяй. Гэта ня тое, што мы можам дазволіць. Таму, вядома, гэта адна з задачаў, але мэта павінна быць больш доўгатэрміновая і стратэгічная.

— Тэзы з інтэрвію Ціханоўскай для Politico: «Мы ня можам нават казаць пра зьмякчэньне санкцыяў, пакуль рэпрэсіі працягваюцца і больш за 1000 чалавек знаходзяцца за кратамі. Першая ўмова — спыненьне рэпрэсіяў — павінна быць выкананая. І я ўпэўненая, што прэзыдэнт Трамп з усёй сваёй уладай можа гэтага дасягнуць». Але варта прыгадаць папярэднія раўнды нармалізацыі стасункаў Беларусі з Захадам (2008–2010 і 2015–2020). Тады на пэўным этапе пачаліся перамовы, яны вяліся, пэўная колькасьць палітвязьняў заставалася за кратамі, потым бакі заключылі ўгоду — вызваленьне ўсіх палітвязьняў і пэўнае дыстанцыяваньне Менску ад расейскіх замежнапалітычных авантураў у Грузіі і Ўкраіне за зьняцьцё санкцыяў. Вы супраць такой формулы зараз?

— Я за тое, каб былі зьнятыя санкцыі зь Беларусі. Але для гэтага павінны быць выкананыя ўмовы: спыненьне саўдзелу Беларусі ў вайне, прыцягненьне да адказнасьці ўсіх, хто ўчыняў злачынствы, аднаўленьне вяршэнства права, спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, зразумела. І тады Эўразьвяз і ЗША, зразумела, здымуць санкцыі. Проста да гэтага трэба дайсьці, гэта не адбудзецца ў адзін момант, але гэта нашая мэта. Мы бачым, што Сырыя, у якой адбыліся раптоўныя і кардынальныя зьмены, дагэтуль ня можа дамагчыся скасаваньня санкцыяў. І мы разумеем, што нават калі ўжо Лукашэнка сыдзе і будуць праведзеныя выбары, нам трэба будзе ўсё роўна дамагацца скасаваньня ізаляцыі Беларусі і наступстваў, да якіх прывёў Беларусь Лукашэнка. Калі Беларусь стане сапраўды незалежнай, калі будзе адбывацца транзыт улады, выбары, дэмакратызацыя, рэформы — зразумела, мы будзем дамагацца зьняцьця санкцыяў.

— Але прыгадаем досьвед папярэдніх раўндаў нармалізацыі стасункаў з Захадам. Тады таксама вылучаўся вялікі сьпіс умоваў — і свабодныя выбары, і дэмакратызацыя, і шмат што іншае. Быў тады дакумэнт — 12 умоваў Эўразьвязу. Але ў рэшце рэшт задаволіліся тым, што Беларусь крыху дыстанцыявалася ад расейскіх войнаў і вызваліла палітвязьняў. І за гэта зьнялі ўсе санкцыі. Вам такі сцэнар, я так разумею, не падабаецца. Але ці не атрымліваецца так, што санкцыі ў істоце можна абмяняць толькі на палітвязьняў, а ніяк не на шырокамаштабную дэмакратызацыю?

— Калі вельмі гіпатэтычна дапусьціць, што Лукашэнка выходзіць з вайны і выводзіць расейскую ядзерную зброю, я думаю, што ён мае шанец на паляпшэньне адносінаў і зьняцьцё санкцыяў. Проста гэта вельмі нерэалістычны сцэнар. Пасьля 2022 году Лукашэнка як незалежны субʼект перастаў існаваць для міжнароднага поля. Яго ўспрымаюць у вайскова-палітычным пляне як марыянэтку, як губэрнатара, падначаленага Крамлю. Але ў тэорыі такі рэзкі разварот магчымы. І ясна, што Лукашэнка тады, разварочваючыся на Захад, зможа сказаць: «Я адвёў Беларусь ад Пуціна, ратуйце мяне цяпер ад Расеі і здыміце санкцыі».

Тады для захаваньня незалежнасьці, для падтрымкі субʼектнасьці і сувэрэнітэту Беларусі пытаньне зьняцьця некаторых эканамічных абмежаваньняў можа разглядацца.

Ёсьць санкцыі, уведзеныя за вайну, ёсьць санкцыі, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека. Калі будуць спыненыя рэпрэсіі і вызваленыя ўсе людзі, натуральна пойдзе размова пра зьняцьцё санкцыяў за парушэньне правоў чалавека. Большая частка амэрыканскіх санкцыяў менавіта за парушэньне правоў чалавека, большая частка эўрапейскіх — за ўдзел у вайне.

Калі Беларусь выйдзе з вайны, пакарае вінаватых, калі б Лукашэнка заявіў, што гатовы выплаціць рэпарацыі Ўкраіне, — я мяркую, што многія скажуць, што яго варта падтрымаць. Але гэта не выглядае рэалістычна.

— Так, гэта не выглядае рэалістычна. Гэта выглядае як яго капітуляцыя, і ёю гэта і будзе. І тут узьнікаюць два пытаньні. Чаму ён пойдзе на капітуляцыю? І чаму Трамп будзе гэтага дамагацца? Менавіта Трамп.

— У інтарэсах Злучаных Штатаў забясьпечыць, па-першае, мір ва Ўкраіне, гэта было перадвыбарнае абяцаньне Трампа. Па-другое — гэта запэўніць бясьпеку ўсходняга флянгу NATO. ЗША нясуць вялікую частку выдаткаў у абароне ўсходу Альянсу, амэрыканскія брыгады знаходзяцца на мяжы зь Беларусьсю. І вывад Беларусі з вайны, забесьпячэньне для яе нэўтральнага статусу, вывад расейскіх войскаў зь Беларусі — у нацыянальных інтарэсах ЗША.

У Трампа ёсьць інтарэс у патэнцыйных гандлёвых угодах зь Беларусьсю. Амэрыканцы былі б зацікаўленыя прадаваць у Беларусь сваю нафту. Было ж некалькі спробаў зрабіць гэта.

— Вельмі сымбалічна, што апошні танкер з амэрыканскай нафтай для Беларусі прыплыў у Клайпеду роўна 9 жніўня 2020 году.

— Ну так, ЗША зацікаўленыя ў інвэстыцыях. Беларусь — адзіная краіна рэгіёну, якая не прайшла прыватызацыю. Тут, вядома, раздольле для амэрыканскага бізнэсу магло б быць. Тут можна знайсьці вельмі шмат патэнцыйных інтарэсаў. Проста яны не такія маштабныя, каб зараз Беларусь стала радком нумар адзін у сьпісе прыярытэтаў прэзыдэнта Трампа. Ну, а нашая задача, задача дэмакратычных сілаў — максымальна вышэй яе падняць у гэтым сьпісе.

Гэта тое, што мы зараз спрабуем рабіць, наладжваючы адносіны з новай адміністрацыяй. І гэтыя адносіны вельмі добра складваюцца. Мы зараз плянуем стратэгічны дыялёг, у нас кансультацыі з амэрыканскімі дыпляматамі адбывацца кожныя тры-чатыры дні. У нас ёсьць агульнае бачаньне. Мы спрабуем выкарыстоўваць гэтае вакно магчымасьцяў для вызваленьня палітвязьняў. Асаблівага аптымізму, шчыра скажу, няма, бо Менск будзе максымальна блякаваць працэс і спрабаваць атрымаць усё, не даючы нічога. Чым вышэй мы будзем у сьпісе прыярытэтаў Трампа, тым болей шансаў, што ён будзе інвэставаць у Беларусь свой палітычны капітал.

— У параўнаньні з 2019 годам таварны гандаль Беларусі з ЗША зьнізіўся больш чым у 10 разоў — да мізэрных 30 мільёнаў даляраў летась. Экспарт тавараў зь Беларусі ў ЭЗ — зьменшыўся ўтрая. Пры гэтым — 300 палітвязьняў, вызваленых рашэньнямі Лукашэнкі за год. А на іх месца пасадзілі прыкладна столькі ж новых. І за кратамі прыкладна 1200 палітвязьняў. І ніякага спыненьня рэпрэсіяў, дыялёгу з грамадзтвам, свабодных выбараў няма і блізка. Дык як, на вашую думку, павінны быць узмоцненыя санкцыі, каб дасягнуць пералічаных вамі цудоўных мэтаў?

— У першую чаргу праз узмацненьне ціску на Расею. Чым мацнейшыя санкцыі на Расею, тым слабейшы Лукашэнка. І ён будзе рэагаваць найбольш балюча і адчувальна на любыя зьмены ў расейскай эканоміцы і ў эканамічна-палітычнай сытуацыі таксама. Таму законапраект, які прапаноўваецца ў Сэнаце Ліндсі Грэмам супраць Расеі, можа зачапіць вельмі моцна лукашэнкаўскі рэжым і ў цэлым памяняць расстаноўку сіл.

Другое — ёсьць інструмэнт другасных санкцыяў. І другасныя санкцыі не былі задзейнічаныя да гэтай пары. А яны якраз ударылі б па ўсіх партнэрах, якія дапамагаюць Лукашэнку абыходзіць санкцыі, — гэта і расейскія кампаніі, і кітайскія, і індыйскія, і кампаніі дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі.

— А якая матывацыя ў Трампа ўводзіць другасныя санкцыі, якіх ня ўводзіў Байдэн?

— Калі ёсьць задача, мы бачым, як Трамп дзейнічае, калі гатовы ісьці на рашучыя крокі. Калі ў яго Беларусь будзе ў прыярытэтах і будзе задача скончыць беларускі крызіс за два тыдні, ён будзе дзейнічаць.

— За 24 гадзіны?

— Калі б такая задача адносна Беларусі ў яго стаяла, ён мог бы яе вырашыць хутка. Адна справа — разабрацца з гіганцкай Расеяй, зь яе рэсурсамі, і зусім іншая — з лукашэнкаўскім рэжымам, які залежны ад Расеі, але Расея таксама мае пэўныя абмежаваньні ў падтрымцы гэтага рэжыму. І калі б быў такі прыярытэт, Трамп мог бы дзейнічаць рашуча.

А ў практычным пляне можа быць істотны эфэкт ад фінансава-банкаўскіх абмежаваньняў. Абмежаваньні на працу з валютай абмяжоўвалі б працу і ў пастаўках зброі, і ў абыходзе санкцыяў. Гэта таксама не задзейнічана на 100%. Таму інструмэнтаў у прынцыпе хапае. А для Лукашэнкі, які знаходзіцца ў такой поўнай залежнасьці ад Расеі, зараз любы ўдар, любая зьмена, ды нават твіт Трампа быў бы вельмі-вельмі балючым. Ён спрабуе ўсяляк пазьбегнуць эскаляцыі ў адносінах з амэрыканцамі. І, магчыма, таму і вызваліў Ціханоўскага ў якасьці жэсту добрай волі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG