Ідэя штучнага стварэньня на базе прадпрыемстваў ці рэгіёнаў нейкіх «маякоў», якія б бралі за ўзор іншыя суб’екты гаспадараньня ці тэрытарыяльныя адзінкі, выцякае з савецкага досьведу. Лукашэнку цяжка даецца спроба выйсьці за межы ўласнага жыцьцёвага вопыту, таму ён цягам усяго прэзыдэнцтва спрабуе рэалізаваць такія праекты.
Сьцісла:
- З гарадзкога пасёлка Копысь паспрабавалі стварыць «прэзыдэнцкі запаведнік». Аднак вынік атрымаўся дрэнным.
- Лукашэнка загадаў зрабіць Аршанскі раён узорна-паказальным. Цяпер там выявілі масавы скон быдла, які мясцовыя ўлады спрабавалі хаваць.
- Днямі Лукашэнка запатрабаваў рэанімаваць Шклоўскі раён. За 30 гадоў не змаглі прывесьці ў парадак нават ягоную радзіму.
У часы гарбачоўскай перабудовы саўгас «Гарадзец», які ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка, рэклямаваўся ў якасьці перадавога вопыту па ўкараненьні арэнднага падраду. Паколькі яму цяжка даецца спроба выйсьці за межы ўласнага жыцьцёвага досьведу, таму ён цягам усяго прэзыдэнцтва спрабуе рэалізаваць падобнага кшталту праекты, ствараць узоры, на які б арыентавалася краіна. І ў якасьці такіх узораў ён выбірае месцы, дзе нарадзіўся, жыў, працаваў. Такая настальгія па малой радзіме. Вось і цяпер ён паехаў на месцах свайго дзяцінства, маладосьці: Аршанскі раён, Копысь, Шклоўскі раён.
Копысь
Тут мы бачым паўтор пройдзенага. Зьвернемся да кароткай гістарычнай рэтраспэкцыі. 30 жніўня 2002 года, у дзень свайго нараджэньня, Лукашэнка наведаў Копысь — месца, дзе ён нарадзіўся. Убачыўшы, у якім стане знаходзіцца яго радзіма, прэзыдэнт расчуліўся і распарадзіўся вылучыць грошы на абнаўленьне гарадзкога пасёлка. Была прынята спэцыяльная пастанова ўраду, і Копысь атрымаў амаль 4 млн даляраў з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Такіх грошай не атрымліваў у Віцебскай вобласьці ніводны гарадзкі пасёлак. Была пастаўлена задача стварыць тут «прэзыдэнцкі запаведнік».
І вось 21 красавіка 2025 году правіцель зноў прыяжджае ў Копысь. Як адзначыла ягоная прэсавая служба, «Аляксандр Лукашэнка крытычна адазваўся аб убачаным» на прадпрыемства па вытворчасьці сыроў, бо яно загружанае толькі напалову. І хлебапякарня працуе не з тымі аб’ёмамі. Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю «разабрацца».
Паводле статыстыкі, за апошнія пяць гадоў колькасьць насельніцтва Копыся скарацілася з 700 да 600 чалавек. Ня вельмі пераканаўчы паказьнік пасьпяховасьці мястэчка.
Якія высновы робіць Лукашэнка? Правільна. Ператварыць аграгарадок Копысь у «прататып „вёскі будучыні“. 23 гадоў было недастаткова.
Аршанскі раён
Падобная сытуацыя складваецца ва ўсім Аршанскім раёне, у якім знаходзіцца Копысь. Зноў жа кароткая гістарычная рэтраспэкцыя.
21 красавіка 2017 году, выступаючы са штогадовым пасланьнем у парлямэнце, Лукашэнка даручыў «падняць з руін і попелу ў бліжэйшы час» Аршанскі раён. Ураду было загадана паказаць, «як у кароткі прамежак часу трэба разьвіваць буйны і вельмі складаны рэгіён», зрабіць Аршанскі раён узорна-паказальным. Каб затым на гэтым прыкладзе распрацаваць плян па разьвіцьцю іншых тэрыторый Беларусі.
Такім чынам, Аршанскі раён павінен быў стаць лякаматывам рэгіянальнага разьвіцьця краіны. Прычым, Лукашэнка паспрабаваў патлумачыць, чаму менавіта гэты раён быў выбарны ў такой якасьці: «Гэта не таму, што я там нарадзіўся…».
Ураду было даручана цягам года істотна палепшыць сытуацыю ў Аршанскім раёне, а да 2020 года ўсе стратныя прадпрыемствы павінны былі правесьці мадэрнізацыю, стварыць новыя працоўныя месцы, наладзіць эфэктыўную працу і павысіць заробкі. Выконваючы загад, урад у траўні таго ж году правёў адмысловае паседжаньне, прыняў «комплексны плян першачарговых мер».
Дзеля гэтага выдзелілі немалыя грошы «ў межах ліміту дырэктыўнага крэдытаваньня, устаноўленага для Банка разьвіцьця», льготныя працэнты і інш. Паводле тагачаснага кіраўніка Віцебскай вобласьці Мікалая Шарстнёва, сума датацый дзесяці раёнаў вобласьці складала суму датацый Аршанскага раёну.
Праз год 13 жніўня 2018 году кіраўнік Беларусі прыехаў у Воршу, каб паглядзець, як гэты населены пункт, паводле яго рашэньня, ператварыўся ў «горад-сад». Высьветлілася, што практычна ўсе прадпрыемствы раёна — праблемныя. «Ня зроблена практычна нічога… Пакуль гэта ідыёцкае стаўленьне да майго даручэньня… Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязьніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 даляраў у месяц!» — абурыўся Лукашэнка.
31 сьнежня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 506 «Аб разьвіцьці Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці», паводле якога прадпрыемствы раёна мусілі атрымаць шматлікіяі льготы і прэфэрэнцыі.
Прайшло яшчэ 7 гадоў. З 2020 па 2025 гады колькасьць насельніцтва ў Аршанскім раёне скарацілася на 8 тысяч чалавек (да 140 тысяч). Тут адзін з самых вялікіх у краіне дэфіцыт рабочых рук. Бюджэт выявіўся дэфіцытным, 21,4% яго склалі датацыі.
Высьветлілася, што ў раёне масавы склон быдла, а мясцовыя чыноўнікі гэта хаваюць. Лукашэнка нават назваў галоўнага вэтэрынарнага лекара раёну «ворагам народу», прыгразіў кіраўнікам раёну і Віцебскай вобласьці жорсткімі карамі.
Вось такі атрымаўся ўзорна-паказальны раён. Але ў гэтым ёсьць вялікі сымбалізм. Гэта і ёсьць сапраўдны ўзор беларускай правінцыі пэрыяду кіраваньня нязьменнага ўладара. Вынік функцыянаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі імя Лукашэнкі.
Шклоў
22 красавіка Лукашэнка прыехаў у родны Шклоў. Галоўны ляйтматыў ягоных указаньняў такі: «Чаму пачынаем са Шклоўскага раёну рэанімацыю, аднаўленьне — таму што я ведаю тут кожны мэтар. Уся краіна будзе капіяваць гэты вопыт… Усё трэба прыводзіць у парадак. Калі ўжо прыйшлі сюды, усё трэба прывесьці ў парадак… Усё трэба рэанімаваць, усё павінна быць задзейнічана. Каб ніводнага кавалка да новага года недагледжанага не засталося. Шклоў трэба прывесьці ў парадак».
То бок за 30 гадоў кіраваньня не змаглі прывесьці ў парадак нават радзіму Лукашэнкі. Аказалася, што раён трэба «рэанімаваць». Парадак наводзіцца там, дзе пануе беспарадак.
Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, «галоўная мэта рабочай паездкі — на прыкладзе Шклова і Шклоўскага раёну задаць курс для разьвіцьця іншых рэгіёнаў».
«Са Шклоўскага раёна ты павінен зрабіць узорна-паказальны раён. Зробіш — прыходзь прасі ўсё, што палічыш патрэбным», — сказаў Аляксандр Лукашэнка старшыні райвыканкама Сяргею Барташу.
Такім чынам, ствараецца чарговая «пацёмкінскія вёска».
Форум