Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў канфіскацыяй літоўскіх фураў і анансаваў перамовы з дэлегацыяй ЗША


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

На загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на пунктах пераходу, узялі пад ахову і патрабуюць платы за захоўваньне.

«Хачу заявіць: мы гатовыя да адкрыцьця мяжы даўно. Мы яе не закрывалі. Цягам некалькіх гадзін яна з нашага боку можа аднавіць сваю працу. Памежнікі ў цэлым да гэтага гатовыя», — сказаў Лукашэнка на нарадзе 10 лістапада, піша БелТА.

Лукашэнка паведаміў, што літоўскі бок зьвярнуўся на ўзровень Лідзкага памежнага атраду, каб вярнуць свае машыны, што захрасьлі на беларускім баку пасьля закрыцьця мяжы.

«Я нават не даслухаў гэты даклад. Сказаў: добра, як толькі будуць гатовыя эвакуаваць, дамовяцца з нашым бокам... У нас жа там ні мытнікаў фактычна на пункце пропуску, ні памежнікаў. Закрылі — закрылі. Нашыя службы пераразмеркаваныя на іншыя ўчасткі — гэта было маё рашэньне. Будуць гатовыя — будзем дамаўляцца. Хочаце эвакуаваць — эвакууйце», — заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым органы ўнутраных справаў 9 лістапада на загад Лукашэнкі і пад кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі сабралі ўсе літоўскія аўтамабілі на пунктах пераходу і ўзялі іх пад ахову.

«Каб нас потым не абвінавацілі, што мы там нешта дрэннае зрабілі. Узялі іх пад ахову. Хочуць эвакуаваць, што ж, будзем дамаўляцца», — сказаў Лукашэнка.

«Аўтамабілі сабраныя, стаяць пад аховай. Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 эўра за содні. Заплацілі за ахову. Колькі содняў будуць стаяць — памножыць на 120 эўра, — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў бліжэйшыя некалькі дзён гэтага ня будзе зроблена, мы прымем захады ў адпаведнасьці з нашымі законамі, як заявіў МЗС. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны ня могуць сноўдацца па дарогах — 1100 ці 1200 вялізных фураў, якія стаялі дзесьці там на дарозе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён сказаў, што кіроўцаў даставяць проста ў пункт пропуску на мяжу, а атрымальнікі грузаў у Літве хай зьвяртаюцца да сваіх уладаў для вырашэньня гэтых пытаньняў. Кіроўцаў, паводле Лукашэнкі, 1100 ці 1500 чалавек.

«Будуць эвакуаваць — няхай эвакууюць. Гэта не нашы пытаньні. І ўвогуле мы, напэўна, амаль нічога ня возім праз гэтую мяжу ў сувязі з санкцыямі. Пра ўсё астатняе мы яшчэ пагаворым у бліжэйшы час на перамовах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адчуваю, што бязь іх тут не абышлося», — дадаў Лукашэнка.

9 лістапада Дональд Трамп заявіў, што вылучыў Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ў Беларусі. Коўл раней прыяжджаў у Беларусь, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Тады з турмаў вызвалілі і вывезьлі зь Беларусі 51 палітвязьня.

Пасьля закрыцьця Літвой памежных пераходаў зь Беларусьсю на беларускім баку застаюцца больш за 1000 літоўскіх фураў. Менск адмовіў Вільні ў магчымасьці іх вяртаньня на гэтым этапе, як вынікае з заявы прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова ад 6 лістапада.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG