Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асацыяцыя перавозьнікаў Літвы: «Сытуацыя з фурамі на беларускай мяжы пагаршаецца, перавозьнікі стомленыя і злыя»


Фуры на мяжы, архіўнае фота
Фуры на мяжы, архіўнае фота

Прэзыдэнт літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас расказаў Свабодзе пра сытуацыю на беларускай мяжы, дзе захрасьлі каля тысячы літоўскіх фураў з кіроўцамі.

«Сытуацыя стала горшай, чым была ў пятніцу. Беларуская міліцыя пачала ставіць фуры на адмысловыя пляцоўкі, не дае магчымасьці даехаць да мяжы. Значыць, перавозьнікі будуць вымушаныя плаціць за стаянку. Калі адкрыюць межы, можа ўжо не патрэбныя будуць гэтыя фуры, гэта стане эканамічна нявыгадна», — паведаміў суразмоўца.

Паводле прэзыдэнта асацыяцыі, становішча ўскладняецца бракам санітарных умоваў для кіроўцаў, вымушаных быць побач з фурамі. Некаторыя зь іх беларускія грамадзяне, яны таксама ня могуць накіравацца дамоў адпачываць, каб ня кідаць транспарт.

«Становішча вельмі сур’ёзнае, перавозьнікі стомленыя і злыя. На мяжы каля тысячы цягачоў, мы таксама ня ведаем, колькі машын яшчэ ў Беларусі. Дойдзем да таго, што кіроўцы проста кінуць тэхніку і пакінуць яе без нагляду. Вядома, што і многія грузы могуць проста сапсавацца», — гаворыць Эрландас Мікенас, прэзыдэнт літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў.

10 лістапада стала вядома, што на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на стаянках ля пунктаў пераходу, узялі пад ахову і патрабуюць аплаты за захоўваньне.

«Хачу заявіць: мы гатовыя да адкрыцьця мяжы даўно. Мы яе не закрывалі. Цягам некалькіх гадзін яна з нашага боку можа аднавіць сваю працу. Памежнікі ў цэлым да гэтага гатовыя», — сказаў Лукашэнка на нарадзе 10 лістапада, піша БелТА.

Лукашэнка паведаміў, што літоўскі бок зьвярнуўся на ўзровень Лідзкага памежнага атраду, каб вярнуць свае машыны, што захрасьлі на беларускім баку пасьля закрыцьця мяжы.

Мытны камітэт Беларусі заявіў, што літоўскія грузавікі пакінуць Беларусь толькі пасьля адкрыцьця Літвой мяжы. Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.

А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам. Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG