Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы прыняў папраўку да Закону аб іншаземцах, гэта тычыцца й беларусаў


Сьцяг Польшчы
Сьцяг Польшчы

Новае палажэньне зьмяняе форму падачы заявак на атрыманьне дазволаў, у тым ліку на часовае жыхарства, з папяровай на электронную.

Папраўка да Закону аб іншаземцах зьмяняе парадак падачы заявак на атрыманьне дазволаў на часовае і пастаяннае жыхарства і дазволаў на доўгатэрміновае жыхарства ў Эўразьвязе з папяровай на электронную форму, з выкарыстаньнем онлайн-службы праз адмысловы Модуль абслугоўваньня (Moduł Obsługi Spraw). Удакладняльныя папраўкі маюць тэхнічны і заканадаўчы характар, іх прынялі аднагалосна, піша Польскае радыё.

Цяпер іншаземцы маюць падаваць заявы на атрыманьне гэтых дазволаў толькі ў папяровай форме і асабіста ў ваяводзкай адміністрацыі.

Як падкрэсьліла Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ў сваім абгрунтаваньні, зьмены, сярод іншага, накіраваныя на спрашчэньне працэдураў легалізацыі знаходжаньня іншаземцаў у краіне і скарачэньне часу чаканьня ў дэпартамэнце. Яны таксама зьвязаныя з патрэбай апрацоўваць усё больш заявак на легалізацыю жыхарства ў Польшчы.

MOS будзе захоўваць зьвесткі, зьвязаныя з працэдурамі. Сыстэма таксама пакажа, якія абавязковыя дадаткі трэба далучыць да заявы. Гэта павінна спрасьціць адміністрацыйныя працэдуры легалізацыі ваяводзкімі ўстановамі знаходжаньня іншаземцаў у Польшчы.

Закон таксама мае на мэце стварэньне лічбавай формы заяўкі з пашыраным электронным подпісам.

Палажэньне прадугледжвае стварэньне інстытуцыі, якая будзе інструктаваць іншаземца што да абавязку неадкладна пакінуць тэрыторыю краіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG