Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыбіральні толькі на адной вуліцы». Як Лукашэнка 30 гадоў паляпшае жыцьцё на вёсцы, дзе за гэты час стала на 1,3 мільёна менш жыхароў


У вёсцы. Ілюстрацыйнае фота
У вёсцы. Ілюстрацыйнае фота

Парытэт цэнаў, аграгарадкі, «вёскі будучыні», а цяпер заклікі скупляць дамы «за капейкі». Расказваем, як Лукашэнка 30 гадоў «ратуе» вёску.

Шостага ліпеня, падчас наведваньня сьвята «Александрыя зьбірае сяброў», Аляксандар Лукашэнка заклікаў расейцаў і ўкраінцаў набываць участкі ў беларускіх вёсках. Маўляў, так іх можна ўратаваць.

«Паважаныя беларусы і найбліжэйшыя нашы сябры з Украіны і Расеі, падумайце над маёй прапановай аб набыцьці за грошы, за капейкі невялікіх участкаў у так званых непэрспэктыўных сёлах. Вы ведаеце, што вёска ў нас выратаваная. Мы будуем больш за паўтары тысячы аграгарадкоў, ужо вызначана, дзе яны будуць. У нас засталіся сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат людзей», — прапанаваў Лукашэнка.

У Беларусі існуе адзіны рэестар дамоў, якія пустуюць: у ім больш за 19 тысяч аб’ектаў. Будынкі, якія такімі прызнала дзяржава, у асноўным у вёсках: гаспадары памерлі ці іх немагчыма знайсьці.

Ёсьць дамы, якія прадаюць за 1 базавую велічыню, сёньня гэта 40 рублёў. Напрыклад, дом у Аршанскім раёне, у Зубаўскім сельскім савеце, на 60 квадратаў зь бярвеньня. Знос — 60%.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такія дамы прадаюць на аўкцыёне. Гэта значыць, выніковая цана можа вырасьці падчас таргоў.

Цагляны дом у Шчучынскім раёне ў аграгарадку Каменка таксама прадаюць за 1 базавую. Знос таксама 60%.

Гэта ня першая спроба Лукашэнкі неяк палепшыць справы на сяле. Такую мэту ён агучваў яшчэ ў час перадвыбарнай кампаніі 1994 году. Пасьля былі аграгарадкі, «вёскі будучыні», заклікі ратаваць вёску да прадпрымальнікаў. Расказваем, што з усяго гэтага атрымалася.

«Парытэт цэнаў, а не датацыі»

Яшчэ ў сваёй перадвыбарнай праграме ў далёкім 1994 годзе Лукашэнка абяцаў ратаваць вёску. Сярод рэцэптаў ён прапаноўваў наступнае:

«Дзяржава павінна гарантаваць сельскай гаспадарцы не пастаянныя датацыі, а парытэт цэнаў на сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю».

«Прэзыдэнт будзе выступаць супраць развалу сыстэмы калгасаў і саўгасаў, але будзе падтрымліваць працэсы іх натуральнага пераўтварэньня ў гаспадаркі, якія дзейнічаюць больш эфэктыўна і з большай выгадай для сялян».

Сельская гаспадарка пры гэтым засталася датацыйнай сфэрай. Без уліку дзяржаўнай падтрымкі доля стратных арганізацый там — 60,3%. Такія дадзеныя дае беларуская статыстыка.

Агульная плошча пасяўных культур у 1995 годзе складала 6,1 мільёна гектараў, у 2023 годзе — 5,7 мільёна гектараў (на 0,4 мільёна менш).

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзясяткі мільярдаў даляраў у аграгарадкі

У 2004 годзе Лукашэнка анансаваў дзяржаўную праграму падтрымкі вёскі на 2005-2010 гады. Укласьці ў гэта плянавалася каля 32 мільярдаў даляраў паводле тагачаснага курсу.

Згодна з гэтай праграмай, у вёсках мусілі зьявіцца аграгарадкі, якія плянавалася зрабіць «праваднікамі новых тэхналёгій і высокіх сацыяльных стандартаў».

Тады ж зьбіраліся перадаваць стратныя сельскагаспадарчыя арганізацыі прыватным прадпрыемствам. Свае калгасы зьявіліся нават у банкаў. Толькі «Беларусбанк» тады ўзяў пад свой кантроль пяць стратных гаспадарак.

У 2011 годзе Лукашэнка зноў прызнаў праблемы на сяле. Ён наведаў мясцовасьць Хімы Аршанскага раёну, дзе тады жыло толькі 10 чалавек, усе пэнсіянэры. І заклікаў стварыць «вытворчую базу», каб адрадзіць вёску.

Пазьней высьветлілася, што ў гэтай вёсцы 14 участкаў купіў набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Сяргей Цяцерын. Агульная плошча зямлі — 29 гектараў. Цяцерын раней узначальваў Беларускую фэдэрацыю тэнісу, трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.

Ці атрымалася наладзіць вытворчую базу, незразумела. Згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансій, ніводнай вакансіі ў вёсцы Хімы няма.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новыя «вёскі будучыні»

У 2017 годзе тагачасны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы загаварыў пра новы шлях адраджэньня вёсак. Прапаноўвалася ствараць «Вёскі будучыні» з максымальна камфортнымі ўмовамі, каб спыніць адток кадраў з сельскай мясцовасьці.

Праз год, у 2018-м, пра гэтую ідэю выказаўся Лукашэнка.

«Даручаю ўраду сумесна з рэгіёнамі распрацаваць эфэктыўны мэханізм рэалізацыі канцэпцыі „вёскі будучыні“ з улікам рэгіянальных асаблівасьцяў», — казаў Лукашэнка на нарадзе аб разьвіцьці сяла.

Згодна з гэтай канцэпцыяй, жыхары сяла мусілі разам зь вясковым ладам жыцьця атрымаць усё неабходнае для камфортнага пражываньня: разьвітую інфраструктуру, аб’екты культурнага прызначэньня, хуткасны інтэрнэт. Прадугледжвалася стварыць у тым ліку безбар’ернае асяродзьдзе, дзіцячыя пляцоўкі, роварныя дарожкі. Плянавалася, што за год так будуць перабудоўваць па 2-3 пасёлкі з 62.

Аднымі зь першых мусілі стаць тры аграгарадкі Шклоўскага раёну: Любінічы, Славені, Акунёўка, а таксама аграгарадок Астрамечава ў Берасьцейскай вобласьці.

У аграгарадку Любінічы праз 6 гадоў знаходзім на мапе дзьве крамы і фэльчарска-акушэрскі пункт. Ніводнай кавярні на мапе не відаць, як і банкамата. Няма і абяцаных роварных дарожак.

Згодна з агульнарэспубліканскай базе вакансій, на сёньня ў Любінічах шукаюць 15 супрацоўнікаў, усе на адно прадпрыемства — «Любінічы-агра». Жывёлаводу прапануюць да 1500 рублёў, трактарысту — да 1800.

У аграгарадку Акунёўка ёсьць аддзяленьне «Белпошты». Мапа не паказвае тут нават крамы, ня кажучы пра кавярню. Няма і роварных дарожак.

У аграгарадку Астрамечава ёсьць школа, садок, Дом культуры, гасьцініца, амбуляторыя і дзьве крамы. Кавярні і роварных дарожак таксама няма. У аграгарадку 29 вакансій. Падсобнаму рабочаму абяцаюць 800 рублёў, настаўніку — 900 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Людзі рабілі масткі на дарозе, каб па ёй прайсьці»

Беларуская актывістка Аліна Нагорная разам зь сям’ёй пражыла два гады ў беларускай вёсцы Перасека Рагачоўскага раёну. Гэта быў сьвядомы выбар пераехаць за горад: хацелася сваё жытло. Дагэтуль актывістка ніколі не жыла ў вёсцы.

«У нас на вёсцы было дзьве вуліцы, прыбіральні ў дамах былі толькі на адной, дзе пабудаваныя новыя дамы. Жудасныя дарогі. Чалавек ня можа пасушыць бялізну: праедзе трактар — і яна ўся ў пыле. Пасьля дажджу немагчыма па гэтай дарозе прайсьці, людзі рабілі масткі з дошак. Ёсьць сьвятло — і ўсё. Гэтага недастаткова, каб жыць. Заробкі там нізкія, калі ты не працуеш дыстанцыйна», — расказвае Аліна.

Цяпер Аліна Нагорная жыве за мяжой, сям’я выехала зь Беларусі праз палітычны перасьлед, а дом прадалі. На яе думку, каб нешта зрабіць на вёсцы, патрэбен прапрацаваны падыход, а ня проста ініцыятыва.

«Ёсьць нейкае памкненьне ад аднаго чалавека, але няма ніякага пляну. Напрыклад, ёсьць вёска Ціхінічы ў Рагачоўскім раёне, дзе хацелі зрабіць узорны гарадок. Пабудавалі круты спартовы комплекс. А там няма наведнікаў. Я адна хадзіла туды ў басэйн. Проста пасяліць людзей у вёску — бяз працы, без нармальнага жыцьця, дзе кепская вада, — так не працуе», — кажа Аліна.

Актывістка кажа, што вырашаць праблемы на вёсцы могуць і самі жыхары. Могуць дапамагчы звароты да мясцовых уладаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вёска ў лічбах

У 1994 годзе, калі Лукашэнка толькі пачынаў «адраджаць» беларускую вёску, там жылі 3,3 мільёна чалавек. Цяпер — 1,9 мільёна чалавек, менш на 1,36 мільёна жыхароў, ці ў 1,7 раза.

Колькасьць асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасьці, з 1995 году скарацілася ў 1,5 раза. З 1,3 мільёна штук да 927,2 тысячы.

Падае і колькасьць супрацоўнікаў у арганізацыях сельскай гаспадаркі. У 2007 годзе ў гэтай сфэры працавала 383,1 тысячы чалавек. У 2022 годзе ўжо 251,3 тысячы чалавек. На 131,8 тысячы менш за 15 гадоў.

У 2006 годзе ў Беларусі было 1903 сельскагаспадарчыя арганізацыі, у 2022 годзе — 1468. Іх стала менш на 435 адзінак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG