Раней беларускія кантрабандныя цыгарэты траплялі ў Літву схаванымі ў іншых грузах, іх хавалі ў жвір, у драўніну. Цяпер жа 80% кантрабандных цыгарэт зь Беларусі ў Літву адпраўляюць паветраным шляхам, а таксама плытамі па вадзе.
Як мянялася кантрабанда зь Беларусі ў Літву, чаму балёнамі дастаўляць грузы цяпер зручней і колькі гэта каштуе? Свабода расказвае.
27 кастрычніка Літва вырашыла на месяц закрыць мяжу з Беларусьсю. Такая рэакцыя на прылёты зь беларускага боку паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, празь якія некалькі разоў спынялі працу літоўскія аэрапорты. Гэта закранула каля 140 рэйсаў і 20 тысяч пасажыраў. Агульныя страты аэрапортаў ацэньваюць у 81 тысячу эўра.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што аэрастаты, выяўленыя на тэрыторыі краіны, ня ёсьць сродкамі кантрабанды. Паводле яго, іх прылёты — «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
28 кастрычніка, выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы ў Менску, Лукашэнка назваў рашэньне Літвы закрыць мяжу зь Беларусьсю празь вялікую колькасьць залётаў паветраных балёнаў «вар’яцкай афэрай».
Кантрабанда цыгарэт на беларуска-літоўска мяжы існавала задоўга да палітычнага крызісу, які пачаўся ў 2020 годзе. Расказваем, як яна зьмянілася за гэты час, колькі на ёй зарабляюць і чаму менавіта цяпер гэты груз перапраўляюць паветрам.
Раней — ва ўгнаеньнях і жвіры, цяпер балёнамі й дронамі
У службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пры міністэрстве ўнутраных справаў у адказ на запыт Свабоды расказалі, што з пачатку году ім удалося пераняць 545 балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. 65 зь іх — у кастрычніку, а найбольш балёнаў было ў сакавіку — 77.
Цяпер, паводле інфармацыі літоўскіх памежнікаў, 80% кантрабандных цыгарэт у Літву зь Беларусі дастаўляюць менавіта паветрам — дронамі й балёнамі. Але так было не заўсёды.
Напрыклад, у 2019 годзе, яшчэ да палітычнага крызісу і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, калі ўсе межы былі адкрытыя, цыгарэты ў Літву дастаўлялі іншым шляхам — хаваючы іх у грузах чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту. Цыгарэты перавозілі ў драўніне, у калійных угнаеньнях. Пасьля ўхваленьня першых санкцый у 2020 годзе цыгарэты сталі хаваць у прадуктах харчаваньня, будаўнічых матэрыялах, у спэцыяльных схованках у транспарце. У 2023–2025 гадах літоўскі бок усталяваў сыстэмы рэнген-кантролю ў пунктах пропуску, і правозіць цыгарэты такім чынам стала складаней.
Вось як мяняўся аб’ём знойдзеных кантрабандных цыгарэт зь беларускага боку:
- 2019 год — 7 мільёнаў пачкаў
- 2020 год — 15,4 мільёнаў пачкаў
- 2021 год — мінімум 16 мільёнаў пачкаў. Ува ўсіх справаздачах пазначана, што агулам было амаль 19 мільёнаў пачкаў, 84% зь іх вытворчасьці горадзенскай фабрыкі «Нёман». Аднак агульная колькасьць кантрабандных цыгарэт зь Беларусі не называецца.
- 2022 год — 8,3 мільёна пачкаў
- 2023 год — 11,9 мільёна пачкаў
- 2024 год — 2,3 мільёна пачкаў.
Гэта статыстыка літоўскай мытні, якая ня ўлічвае перакіду цыгарэт дронамі, паветранымі балёнамі, плытамі, што да мінулага году здаралася ня так часта.
Літоўскія памежнікі паведамлялі пра канфіскацыю 2,5 мільёна пачкаў у 2023 годзе і 1,9 мільёна ў 2024 годзе. Гэта якраз шляхі, якія абмінаюць памежныя пераходы. Ранейшай статыстыкі няма.
Паводле зьвестак памежнай службы Літвы, апошнімі гадамі прылётаў паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі было ўсё больш. У 2022-м не было зафіксавана ніводнага, у 2023 годзе — усяго 3, але ў 2024-м — ужо 226 выпадкаў. За 10 месяцаў 2025 году ў параўнаньні з усім мінулым годам — рост амаль у два з паловай разы.
У 2025 годзе літоўскія памежнікі паведамлялі пра 1,6 мільёна пачкаў зь Беларусі, якія трапілі ў Літву з студзеня па верасень. Гэта кантрабанда, якая ішла не праз памежныя пераходы, а перакідвалася дронамі, плытамі, балёнамі. Яшчэ 6 мільёнаў пачкаў за гэты час мытнікі знайшлі ў пунктах пропуску, паведамляецца, што «значная частка іх былі з Беларусі».
Як бачым, агульны аб’ём кантрабанды сёлета (памежныя пункты пропуску + паветраныя шляхі) усё адно меншы, чым аб’ёмы ў 2020 і 2021 гадах, як мінімум удвая.
У розныя гады адзначалася, што большасьць сканфіскаваных цыгарэт — вытворчасьці горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», яе марак «Мінск» і NZ.
Цыгарэтаў менш, небясьпекі больш
Паводле літоўскага вайсковага экспэрта Даруса Антанаціса, Літва ня першая краіна, якая сутыкаецца зь небясьпекамі ад прылёту паветраных балёнаў. Падобныя праблемы маюць Паўднёвая Карэя, Ізраіль, ЗША. Праблема ў тым, што такія балёны ляцяць на вялікай вышыні, таму іх цяжка зьбіць.
«Вышыня ягонага палёту каля 13 кілямэтраў. Тут важныя ня толькі тэхнічныя сродкі, але і крымінальная выведка. Калі мы ня можам нічога зрабіць зь людзьмі, якія запускаюць балёны ў Беларусі, то трэба змагацца з тымі, хто пасьля прадае гэтыя цыгарэты ў Літве. Вядома, балёнамі не пашлеш столькі кантрабанды, як фурай ці цягніком. Калі балён ляціць, ты яго бачыш, але ня можаш дастаць, таму трэба шмат тэхнічных выдаткаў, каб за ім сачыць. А каб сабраць такі балён і напоўніць яго геліем, ня трэба быць доктарам навук у квантавай фізыцы», — разважае экспэрт.
Гэтыя балёны нясуць небясьпеку для людзей, мяркуе суразмоўца.
«Калі балён выбухае і груз вагой да 40 кіляграмаў ляціць з вышыні на зямлю, ён разьвівае вялікую хуткасьць, гэтыя 40 кіляграмаў могуць забіць чалавека, разьбіць машыну, прычыніць шкоду будынку. Гэта і небясьпека для камэрцыйных і некамэрцыйных палётаў. Самалёт можа сутыкнуцца з такім аб’ектам у паветры, пашкодзіць шыбу ці рухавік. Гэтая вялікая небясьпека для людзей», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Канчатковая мэта такой кантрабанды — гэта рынкі далейшых краін ЭЗ, заўважае Дарус Антанаціс.
«Мяркую, тут ёсьць сувязь з рэжымам Лукашэнкі. Думаць, што гэта робяць самі кантрабандысты, без дазволу ўладаў, вельмі наіўна», — дадае суразмоўца.
Чаму менавіта мэтэаралягічныя балёны і наколькі гэта дорага
Мэтэазонд — гэта паветраны балён з элястычнага палімэрнага матэрыялу, найчасьцей лятэксу. Яго напаўняюць лёгкім газам: вадародам, геліем ці іх сумессю. Уверх такі балён штурхае архімэдава сіла, дзякуючы ёй зонд можа несьці і нейкую нагрузку.
Для беларускага навукоўца-хіміка і аналітыка тэхналёгіяў Сяргея Бесараба такія мэтэаралягічныя балёны — складнік ягонага хобі: папулярызацыі прыродазнаўчых навук і інжынэрыі. Калі прымацаваць на такі балён камэру, можна убачыць шлях да космасу, падняцца на 30-40 кілямэтраў і зрабіць уражальныя здымкі, а можна вымераць касмічную радыяцыю падчас сонечнай буры ці назіраць маланкі-спрайты. Кошт такога балёну можа вагацца ад дзясяткаў да сотняў даляраў, паведамляе Сяргей Бесараб.
«Для хобі, дасьледаваньняў набываюць найлепшыя балёны. Яны каштуюць сотні даляраў, на іх не эканомяць, бо купляюць тое, што падымецца вышэй, у стратасфэру. Ён падымаецца да нейкай вышыні, дзе ягоная абалонка разрываецца. Велізарная вага аматарам непатрэбная, яны часцей падымаюць толькі камэру ды яшчэ нейкае абсталяваньне. А кантрабандысты, хутчэй за ўсё, купляюць што таньнейшае, а наладоўваюць як мага шчыльней. Аднак каб такі балён нёс да 50 кіляграмаў, то самымі таннымі варыянтамі не абыдзесься», — кажа суразмоўца.
Каб балён мог падняць 40-50 кіляграмаў, ён разам з газам і іншымі патрэбнымі атрыбутамі можа каштаваць каля 500 эўра, лічыць Бесараб. І нават пры такой цане перапраўка цыгарэт застаецца выгаднай адпраўнікам. Напрыклад, адзін балён нясе 1500 пачкаў цыгарэт «Мінск». У Беларусі яны каштуюць 3 рублі 90 капеек ці 1,1 эўра. А ў Літве, з словаў аднаго з суразмоўцаў Свабоды, такія ж кантрабандныя цыгарэты каштуюць 2 эўра 30 цэнтаў. То бок з кожнага пачку прыбытак 1 эўра 20 цэнтаў, з 1500 пачкаў гэта ўжо 1800 эўра. Нават з улікам цаны балёну 500 эўра кантрабанда выходзіць у плюс. Пры гэтым цыгарэты можна набываць на фабрыцы гуртам і без акцызаў — таньней.
Сяргей Бесараб таксама называе мітам тое, што маршрут балёнаў залежыць ад кірунку ветру. Імі можна кіраваць.
«Вецер, які дзьме на паверхні і на вышыні, — гэта дзьве велізарныя розьніцы. Наверсе вецер пастаянны, таму балёны і падымаюць на такую вышыню. Кантрабанда ж робіць гэта наўздагад. У навуцы выкарыстоўваюць адмысловыя кляпаны, якія могуць спускаць газ і садзіць балён ці пераключацца з аднаго кірунку на іншы», — гаворыць навукоўца.
Што да шкоды, то навукоўца згадвае, як пры блякадзе Ленінграду часоў Другой усясьветнай вайны такія аэрастаты выкарыстоўвалі, каб нямецкія самалёты ня трапілі ў паветраную прастору гораду.
«Запускаць такія балёны масава ў Беларусі незаўважана для спэцслужбаў немагчыма, гэта фантастыка. І такі масаваны налёт цалкам можа спыніць паветраны рух», — сьцьвярджае навуковец. Напрыклад, у ноч з 3 на 4 кастрычніка Літва паведамляла пра прылёт 25 балёнаў зь беларускага боку.
Праблема і ў тым, каб зьбіць такія паветраныя балёны. Многія дроны на такой вышыні замярзаюць, замярзае змазка на дэталях, для акумулятараў задалёкая адлегласьць, дый не разьлічаныя тыя акумулятары на такія нізкія тэмпэратуры. У стратасфэру прывычным нам дронам уваходу пакуль няма.
«Такі балён трэба толькі спальваць, бо ракета можа праскочыць празь яго і паляцець незразумела куды. У выніку страчваецца ракета, якая каштуе мільён, дзеля балёну, які каштуе некалькі сотняў», — разважае навуковец.
Колькі ў Беларусі вырабляюць цыгарэт
Беларускія тытунёвыя фабрыкі працуюць пад санкцыямі. Гэта значыць, што міжнародным гігантам давялося ці то спыніць супрацу зь Беларусьсю, ці то арганізаваць яе ў новых формах. У Беларусі вядомыя тры гіганты тытунёвай індустрыі: дзяржаўная Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а таксама прыватныя «Тытунь-Інвест» і «Інтэр Табакка».
Як відаць з статыстыкі, у асноўным за мяжу кантрабандай трапляе прадукцыя дзяржаўнай фабрыкі «Нёман». Толькі гэтая фабрыка выпускае прыкладна 23 мільярды цыгарэт штогод, або па 2524 пачкі на кожнага жыхара Беларусі.
Але ў Беларусі кураць крыху больш за 2 мільёны чалавек. Калі нават уявіць, што кожны зь іх выкурвае па пачку ў дзень і выключна фабрыкі «Нёман», усё адно застаецца яшчэ 8,4 мільярда цыгарэт на год, якія некуды трэба збываць. І гэта без уліку іншых гульцоў на рынку, якія не афішуюць аб’ёмаў вытворчасьці. Аднак вядома, што фабрыка «Нёман» займае 80% вытворчай долі цыгарэт у Беларусі.
Куды ідуць кантрабандныя цыгарэты
Суразмоўцы Свабоды, якія жывуць у далейшых ад беларускай мяжы рэгіёнах ЭЗ, паведамляюць, што бачылі, як беларускія цыгарэты прадавалі нелегальна. Напрыклад, акрамя Літвы, паводле нашых суразмоўцаў, беларускія маркі можна купіць у Нямеччыне, у некаторых раёнах Парыжу. Вядома, робіцца гэта неафіцыйна: у пэўны час у абумоўленае месца прыяжджае машына, пра што загадзя ведаюць пакупнікі.
На запыт «цыгарэты + назва краіны ЭЗ» па-расейску ў мэсэнджары Telegram можна знайсьці мноства тэматычных суполак, дзе людзі купляюць ці прадаюць цыгарэты. У асартымэнце ня толькі беларускія маркі, а і цыгарэты з Украіны, Турэччыны. Напрыклад, у адной з такіх групаў пазначаныя Францыя, Бэльгія й Італія, у групе больш за 700 удзельнікаў. У адной з абвестак чалавек шукае набыць гуртам беларускія цыгарэты маркі NZ у Хэльсынкі. Тут жа чалавек у Літве прадае 50 блёкаў такіх жа цыгарэт за 700 эўра. Атрымліваецца па 1,4 эўра за пачак.
У іншай групе, геаграфічна скіраванай на Літву, Латвію і Эстонію, карыстальнік шукае, як купіць беларускія цыгарэты «Карона». Тутсама яшчэ адзін карыстальнік прадае цыгарэты NZ у Таліне. Такія групы, а таксама чат-боты ёсьць з пазначанай геаграфіяй у Гішпаніі, Партугаліі, Нямеччыне ды іншых краінах ЭЗ.
Беларускія кантрабандныя цыгарэты часткова ідуць на рынак тых краін, у якія яны трапляюць адразу пасьля мяжы. У Літве іх таксама прадаюць праз тэматычныя групы ў Telegram, напрыклад студэнцкія ці іншыя тэматычныя суполкі з абвесткамі. Пра гэта Свабодзе расказалі суразмоўцы, якія сутыкаліся з падобнымі схемамі.
Іх таксама прадаюць праз знаёмых, зь якімі ўжо завязаліся кантакты і якіх прадавец ведае. Адбываецца гэта неафіцыйна, у здымных памяшканьнях, здымных кватэрах, а таксама на рынках.
Арганізацыя Transnational Crime Research Centre пры Каталіцкім унівэрсытэце Міляну ў Італіі ў 2016 годзе выпусьціла вялікае дасьледаваньне «Беларускі вузел нелегальнага гандлю тытунём». У дасьледаваньні, заснаваным на запытах да праваахоўнікаў, мытнай статыстыцы і экспэртных ацэнках кантрабанды, прыводзяцца кантрэтныя шляхі беларускіх цыгарэт у краіны ЭЗ. Дасьледнікі прыходзяць да высновы, што памежныя краіны — Літва, Латвія і Польшча — не заўсёды канчатковыя рынкі для беларускіх кантрабандных цыгарэт. Вось так, паводле зьвестак дасьледнікаў, канчаткова разьмяркоўваліся беларускія кантрабандныя цыгарэты:
- Нямеччына — 30%
- Польшча — 22,6%
- Вялікая Брытанія — 17,8%
- Італія — 9,7%
Вялікія аб’ёмы, паводле інфармацыі дасьледнікаў, дастаўляюцца ў краіны канчатковага спажываньня грузавікамі. Таксама ёсьць зьвесткі аб пераняцьці грузаў на цягніках і легкавых аўтамабілях. Для перавозкі такіх грузаў выкарыстоўваюць, сярод іншага, падробленыя сэртыфікаты.
Эўрапейская служба барацьбы з махлярствам OLAF у 2021 годзе ў сваім прэс-рэлізе згадвала Беларусь як краіну-пастаўніка тытунёвай кантрабанды ў краіны ЭЗ. У 2016 годзе служба адзначала, што 10% чорнага тытунёвага рынку ЭЗ — гэта беларускія цыгарэты.
Форум