З пачатку 2025 году Міністэрства абароны зафіксавала 128 парушэньняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, заявіў 13 красавіка ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў Беларусі Андрэй Лук’яновіч.
«У нас баявое ўжываньне (было. — Рэд.) 23 разы: нашы дзяжурныя сілы зьнішчылі 18 бесьпілётных лётных апаратаў самалётнага тыпу», — заявіў Андрэй Лук’яновіч, якога цытуе БЕЛТА.
Неўзабаве ВПС Беларусі атрымаюць на ўзбраеньне «мадэрнізаваныя ўзоры зэнітна-ракетнага комплексу», як вынікае з рэпартажу СТВ, адпаведную пастанову падпісаў міністар абароны Віктар Хрэнін.
- 23 сакавіка намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што ў Беларусь «вельмі часта» залятаюць бесьпілётнікі з тэрыторыі Украіны. Карпянкоў дэ-факта прызнаў, што беларуская сыстэма абароны не спраўляецца з такімі баявымі дронамі. Іх паходжаньня ён не назваў.
- 2 сакавіка рэгіянальнае выданьне «Флагшток» з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што маштабнае адключэньне цеплазабесьпячэньня ў Мазыры (Гомельская вобласьць) 27–28 лютага было зьвязанае з падзеньнем расейскага бесьпілётніка: была пашкоджаная адна з высакавольтных лініяў электраперадачы, а з прычыны некарэктнай працы аўтаматычнай сыстэмы абароны аварыйна адключыліся і суседнія высакавольтныя лініі, цалкам абясточыўшы ЦЭЦ. Раней «Флагшток» паведамляў, што невядомы лётны апарат уначы 27 лютага ўпаў на гаспадарчую пабудову ў Гомельскім раёне і ўзарваўся, адбыўся пажар.
- 4 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок іх зьбівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расейскія. Афіцыйныя ведамствы не камэнтуюць залётаў расейскіх дронаў у Беларусь.
- Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
Форум