Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў Пачобута «вечнай праблемай», згадаў зьнікненьне Мельнікавай і распавёў пра 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана


Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніку, 12 красавіка 2025 году
Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніку, 12 красавіка 2025 году

Выступаючы падчас рэспубліканскага суботніку на месцы будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музэю і парку Народнага адзінства, Лукашэнка зрабіў некалькі гучных заяваў.

На суботніку таксама пры ўдзеле Лукашэнкі высадзілі чырвоныя дубы. Нягледзячы на тое, што яны моцна шкодзяць мясцовай флёры.

У сваіх прамовах Лукашэнка назваў палітыку Польшчы ў адносінах да Беларусі «кан’юнктуршчынай», зноў паскардзіўся, што Беларусь хацела выдаць Польшчы затрыманага журналіста Пачобута, але тая адмовілася, і падрабязна патлумачыў, якіх 150 тысяч пакістанцаў чакае ў Беларусі.

«Зразумела, Пачобут гэты — вечная праблема (Анджэй Пачобут— асуджаны ў Беларусі па палітычных матывах вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі). І нейкая яшчэ тэма. „Для таго каб размаўляць з намі, беларусы павінны зрабіць гэта“. Я кажу: „Ды пашліце вы іх“. Мы нікому нічога не вінныя. Хочаце — сядаем ды размаўляем», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Прадстаўнікі польскіх уладаў раней неаднаразова агучвалі патрабаваньні, выкананьне якіх для Менску абавязковае на шляху да нармалізацыі стасункаў: спыненьне міграцыйнага крызысу на мяжы, вызваленьне зьняволеных палякаў, у прыватнасьці Пачобута, а таксама выдача нелегала, якога Варшава лічыць вінаватым у сьмерці польскага салдата Матэвуша Сітэка, зьвяртае ўвагу "Позірк".

Паводле Лукашэнкі, Беларусь «у свой час хацела выдаць» Польшчы Пачобута, аднак тая, паўтарыў ён у чарговы раз, нібыта «адмовілася»: «А Пачобут сказаў: „Я туды не паеду“. У нас гэта ўсё запісана. І ўсе нас папракаюць, што мы прыціскаем некага. Нікога мы не прыціскаем. Месца ўсім хапае».

Кажучы пра Польшчу, Лукашэнка без аніякай прывязкі згадаў пра зьнікненне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай: «Яны ж там страцілі сьпікерку гэтую. Знайсьці не могуць! Знайсьці не могуць. Дык знайдзіце хоць».

Камэнтуючы сваю заяву пра гатоўнасьць прыняць да 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана, Лукашэнка патлумачыў, што падыход да адбору будзе дыфэрэнцаваны.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь зацікаўленая «перш за ўсё ў прыцягненьні адмыслоўцаў, а не проста моладзі». «І лепш — сем’ямі. Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць», — цытуе яго прэс-служба.

«Гэта значыць, мы цяпер [з пакістанскімі ўладамі] выпрацоўваем падыходы адпаведныя. Я [ім] кажу: мы гатовыя ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай вобласьцях прыняць вашую працоўную сілу. Але мы мусім бачыць кожнага», — дадаў ён.

Як вынікае з заяваў Лукашэнкі, улады асабліва зацікаўленыя прыцягнуць пакістанскіх адмыслоўцаў на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднаньне ў Берасьцейскай вобласьці. «Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў», — паабяцаў Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што тым, хто прыедзе працаваць у аграпрамысловым комплексе, Беларусь дапаможа з жыллём.

Нагадаем, што ў Беларусі тым часам працягвае нарастаць дэфіцыт кадраў: на 11 красавіка ў службе занятасьці агулам па краіне — больш за 198 тысяч вакансій (для параўнаньня: 3 сакавіка шукалі 188,7 тысячы работнікаў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG