«Гэта магло б выглядаць амаль як у Бэрліне пасьля Другой сусьветнай вайны, калі былі расейская зона, француская зона, брытанская зона і амэрыканская зона», — прыводзіць газэта словы Келага.
Згодна з плянам, Расея будзе кантраляваць тыя тэрыторыі, якія яна акупуе на дадзены момант. Францыя і Вялікабрытанія (а таксама іншыя краіны «кааліцыі жадаючых») разьмесьцяць свой кантынгент («міратворчыя сілы») на ўкраінскіх тэрыторыях зь мяжой па правым беразе Дняпра. У астатніх украінскіх рэгіёнах, напрыклад, у Сумскай і Харкаўскай вобласьцях, будуць прысутнічаць толькі ВСУ.
На лініі размежаваньня паміж расейскімі, украінскімі і саюзьніцкімі войскамі будзе створаная дэмілітарызаваная зона шырынёй амаль 30 кілямэтраў. Удзел войскаў ЗША ў гэтым пляне не прадугледжаны.
Брытанская газэта падкрэсьліла: плян Келага азначае, што ЗША прызнаюць «фактычны кантроль Расеі над тэрыторыяй, якую яна зараз займае». На думку спэцпасланьніка Трампа, прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін «можа не прыняць» прапанову аб зонах кантролю.
Пасьля публікацыі артыкула Кіт Келаг напісаў у сацсетцы X, што яго словы сказілі.
«Я казаў аб сілах забесьпячэньня ўстойлівасьці пасьля спыненнья агню ў падтрымку сувэрэнітэту Украіны. Гаворачы аб падзеле, я меў на ўвазе раёны або зоны адказнасьці саюзных сіл (без амэрыканскіх войскаў). Я НЯ меў на ўвазе падзел Украіны», — адзначыў ён.
Форум