Рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs выставіла крэдытны рэйтынг Беларусі. Ён захаваны на найніжэйшым узроўні С з стабільным прагнозам, паведамляе Reform.news.
Пазыкавыя абавязаньні з рэйтынгам C — гэта аблігацыі з найніжэйшым рэйтынгам, звычайна ў стане дэфолту. Імавернасьць выплаты асноўнай сумы доўгу і працэнтаў з такіх аблігацыяў малая.
Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцыяў за вайну ва Ўкраіне Беларусь аб’явіла 28 чэрвеня 2022 году пра пераход на пагашэньне замежных даўгавых абавязаньняў у нацыянальнай валюце — усьлед за Расеяй. 22 чэрвеня ўказ аб выплатах па замежным дзяржаўным доўгу ў расейскіх рублях падпісаў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. 27 чэрвеня Moody’s паведаміла аб дэфолце Расеі ў эўрабондах.
Міністэрства фінансаў Беларусі ў 2022 годзе таксама зрабіла выплаты за эўрааблігацыі на $22,9 млн у беларускіх рублях, што ў міжнародным рэйтынгавым агенцтве ацанілі як нясплату доўгу.
Рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs тады заявіла, што Беларусь дапусьціла дэфолт у замежных даўгавых абавязаньнях.
«Стабільны прагноз указвае на тое, што крэдытны профіль Беларусі наўрад ці істотна палепшыцца ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве. C — найніжэйшы рэйтынг у шкале Moodyʼs, і малаімаверна, што рэйтынг Беларусі падымецца з актуальнай пазыцыі, калі ня будуць зьнятыя санкцыі, што стане ключавой папярэдняй умовай для аднаўленьня выплат у замежнай валюце за эўрааблігацыі. Нават у сцэнары зьняцьця санкцыяў ліквідная пазыцыя ўраду Беларусі, імаверна, застанецца вельмі слабой, што абмяжуе яго здольнасьць абслугоўваць свае абавязаньні», — гаворыцца ў сьвежым паведамленьні Moody’s.
У базавым сцэнары Moodyʼs выказваецца думка, што санкцыі супраць Беларусі застануцца ў сіле. Таксама экспэрты агенцтва чакаюць, што гандлёвая і фінансавая залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе і надалей расьці. Яны адзначаюць, што іхная крэдытная ацэнка заснаваная на агульнадаступнай інфармацыі.
Экспэрты агенцтва лічаць, што залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі ўзрасла, у тым ліку праз імпартазамяшчэньне і гандлёвую інтэграцыю з Расеяй.
«Рост заставаўся стабільным у 2024 годзе, пры гэтым рэальны ВУП павялічыўся на 4 працэнты на фоне інтэнсіўнага спажываньня хатніх гаспадарак. Аднак мы чакаем, што рост замарудзіцца да 2,5% у 2025 годзе, бо пабочныя эфэкты аслабленьня росту ў Расеі паўплываюць на эканоміку Беларусі.
Мы ацэньваем, што дзяржаўны доўг Беларусі застанецца ў цэлым стабільным — на ўзроўні каля 40% ВУП у 2025 і 2026 гадах, што адпавядае 2024 году, але ён надалей будзе вельмі чуйным да ваганьняў абменнага курсу і абмежаванага доступу да магчымасьцяў рэфінансаваньня», — гаворыцца ў паведамленьні Moodyʼs.
Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку 2025 году паскорылася да 5,9% — новага максымуму з кастрычніка 2024 году супраць 5,6% у лютым, рост адбыўся ў асноўным за кошт апераджальнага росту цэнаў на паслугі (6,6% супраць 6,5%) і прадукты харчаваньня (7,5% супраць 6,7%), — паведамляюць аналітыкі Moodyʼs.
Форум