Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі арыштавалі пару, якая ўвозіла зь Беларусі ды іншых краін экзатычных драпежнікаў сямейства каціных і прадавала іх онлайн


Экзатычныя драпежнікі сямейства каціных, якіх незаконна разводзілі ў Гішпаніі. Фота: interior.gob.es
Экзатычныя драпежнікі сямейства каціных, якіх незаконна разводзілі ў Гішпаніі. Фота: interior.gob.es

Гішпанская паліцыя заявіла, што арыштавала двух чалавек, якія падазраюць у онлайн-продажы экзатычных драпежнікаў сямейства каціных, у тым ліку такіх відаў пад аховай, як белыя тыгры і пумы. Паліцыя падазрае, што жывёлін увозілі ў Эўразьвяз зь Беларусі і прадавалі з падробленымі дакумэнтамі, паведамляе AFP.

На востраве Маёрка супрацоўнікі паліцыі арыштавалі пару, якую падазраюць у разьвядзеньні стэпавых рысяў і сэрвалаў (дзікіх катоў, якія жывуць у Афрыцы), а таксама гібрыдаў, выведзеных скрыжаваньнем гэтых відаў з свойскімі катамі, гаворыцца ў заяве паліцыі. Падчас апэрацыі сканфіскавалі 19 жывёлін.

Расьсьледаваньне паказала, што дзейнасьць пары была толькі «вяршыняй айсбэргу» міжнароднай апэрацыі гандлю ахоўнымі відамі жывёлы, такімі як белыя тыгры і чорныя пантэры, «з удзелам гадоўцаў, перавозьнікаў і вэтэрынараў», заявілі ў паліцыі. Сярод іншых відаў, якія пара прапаноўвала на продаж у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках, былі эўрапейскія рысі, гіены і пумы.

Паліцыя падазрае, што жывёлін увозілі ў Эўразьвяз праз Польшчу зь Беларусі, а потым прадавалі па ўсім ЭЗ з падробленымі дакумэнтамі.

«Большасьць жывёлін, прапанаваных на продаж, прыбылі з такіх краін, як Расея, Беларусь і Ўкраіна, іх кантрабандай увезьлі ў Эўразьвяз», — заявілі ў паліцыі.

У рамках апэрацыі супрацоўнікі паліцыі сканфіскавалі ў пары дымаватую пантэру (адзін з самых рэдкіх і няўлоўных відаў каціных у сьвеце), якую хацелі прадаць за 60 000 эўра, каракала — стэпавую рысь, вядомую адметнымі доўгімі кутасікамі на вушах, двух сэрвалаў і 16 гібрыдных катоў. Таксама сканфіскавалі больш за 40 пашпартоў жывёлін зь Беларусі, Расеі і Кітаю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG