Пра высадку чырваналістых дубоў пры ўдзеле Лукашэнкі паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.
«Першы ўжо ў працэсе. На тэрыторыі парку высаджваюць чырваналістыя дубы (гутарковая назва дуба чырвонага, або Quercus rubra. — „Позірк“.). 80 саджанцаў у гонар 80-годзьдзя Вялікай Перамогі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Навукоўцы лічаць дуб чырвоны відам, які шкодзіць мясцовай флёры.
У 2020 годзе «Гродненская правда» пісала пра навуковы экспэрымэнт — барацьбу з дубам чырвоным у Белавескай пушчы, для якой гэтае дрэва сталася самым небясьпечным і чужародным відам.
Зьліквідаваная ўладамі ў 2021 годзе прыродаахоўная арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» расказвала пра плянавыя масавыя высечкі гэтага «захопніка» ў Белавескай пушчы ў 2016–2020 гадах, бо ўжо на той час дуб чырвоны стаў пераважным відам сярод дрэваў пушчы.
«Позірк» узгадвае працу старшага навуковага супрацоўніка сэктару кадастру расьліннага сьвету Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Леаніда Чумакова, які ў 2019 годзе пісаў пра шкоду чырвонага дуба ў навукова-папулярным часопісе «Родная прырода».
Натуральны арэал росту дуба чырвонага — Паўночная Амэрыка (паўночны захад ЗША і паўднёвы ўсход Канады). У Эўропу дуб чырвоны завезьлі ў канцы XVII стагодзьдзя. На пачатку XX стагодзьдзя від пачалі шырока вырошчваць у гадавальніках і на прысядзібных участках на тэрыторыі Беларусі, у другой палове — актыўна ствараць лясныя культуры.
Навуковец адзначаў, што сёньня гэты від расьце па ўсёй краіне, найбольш шырока — у Берасьцейскай вобласьці. «Дуб чырвоны, як выйшаў за межы пасадак, пачаў актыўна асвойваць натуральныя пасадкі. Шмат яго і непасрэдна ў зялёнай зоне Менску», — пісаў Чумакоў.
«Масавае пашырэньне гэтага віду ў лясах Беларусі можа нэгатыўна адбіцца на біялягічнай разнастайнасьці, бо ён, ствараючы гушчары ў лясных масівах, з часам можа выціснуць як многія пароды дрэваў, так і падполагавую травяністую расьліннасьць», — папярэджваў навуковец.
Форум