Лілія Яноўская нарадзілася ў Івянцы, але ўжо даўно і стала жыве ў Канадзе. Ёй 65, мае пяцёх унукаў. Можна было б спакойна адпачываць, але Лілія ходзіць па гарах. Па самых высокіх і небясьпечных гарах у сьвеце. Апошняй на гэты момант вяршыняй Ліліі стала Анапурна. Пра тое, што беларуска скарыла гэтую вяршыню, стала вядома 7 красавіка. Лілія пакуль знаходзіцца на гары, спуск з Анапурны і вяртаньне у цывілізацыю займае час.
Разам з сэртыфікаваным горным гідам Кірылам Якімовічам Свабода расказвае, чаму нават найвышэйшая ў сьвеце гара Эвэрэст у параўнаньні з Анапурнай можа здацца простым горным шпацырам, а дасягненьне беларускі ўнікальнае ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго сьвету.
5 з 14
Анапурна далёка ня першы васьмітысячнік Ліліі Яноўскай. У 2024 яна пасьпяхова паднялася на пік Макалю – пятую паводле вышыні гару ў сьвеце (8485 мэтраў). На сёньняшні дзень беларуска скарыла ўжо 9 з 14 такіх вяршыняў: Чо-Ою, Манасьлю, Эвэрэст, К2, Гашэрбрум II, Дгаўлагіры, Льхоцэ, Макалю, Анапурну. Застаюцца пяць.
«Горы, напэўна, адказваюць на мае просьбы. У гарах думаю пра сям’ю, дзяцей, унукаў. На K2 было такое, што сядзела і думала, што не змагу спусьціцца. Вось там была на мяжы сьмерці. Хоць узыходжаньне было простае, хуткае і нармальнае, але спуск прайшоў вельмі цяжка. Тады, памятаю, сядзела і думала пра малодшую ўнучку Вілію, пра будучую дачку Дашы, якіх мне трэба ўбачыць. Вось убачыла», – расказвала Лілія ў размове з Свабодай летам 2024 году.
У Канаду Лілія разам зь сям’ёй эмігравала яшчэ ў 90-я. Спачатку сям’я Яноўскіх зьбіралася ў Аўстралію, але на гэта не хапіла грошай. Канаду Лілія лічыць другім домам. Краінай, якая дала ёй магчымасьць раскрыцца, хадзіць у горы, займацца тым, што яна любіць. Калі дзеці вырасьлі, а Ліліі было 50 гадоў, яна вырашыла, што хоча прабегчы маратон і трапіць на гару Кіліманджара (найвышэйшая вяршыня Афрыкі, 5985 мэтраў. – РС). У выніку беларуска замест аднаго прабегла тры маратоны, скарыла Кіліманджара і не змагла спыніцца.
Лілія расказвала, што ўзыходжаньне на афрыканскую вяршыню не дало ёй зразумець, што такое горы, альпінізм. Такой вышыні аказалася для гэтага недастаткова. Таму яна пачала займацца скалалажаньнем – на скаладроме і рэальных скалах, і айсклаймінгам – лажаньнем па лёдзе. Потым зразумела, што ўсё гэта можна знайсьці ў гарах, асабліва на васьмітысячніках.
Самая рызыкоўная з усіх
Вяршыня Анапурна, як і большасьць іншых васьмітысячнікаў, знаходзіцца ў Гімалаях на тэрыторыі Нэпалу. Гэта нават не адна асобная высокая гара, а цэлая група зь дзесяці вяршыняў, вышыня якіх ад 7 да больш як 8 кілямэтраў. Найвышэйшая зь іх – Анапурна І – мае 8091 мэтар. Гэта на 800 мэтраў ніжэй, чым Эвэрэст, але такі факт ня мусіць уводзіць у зман. Сярод прафэсійных альпіністаў менавіта Анапурна лічыцца самай складанай гарой у сьвеце, што само па сабе робіць узыходжаньне Ліліі Яноўскай асобным дасягненьнем. З гэтаю думкаю згодны і сэртыфікаваны горны гід Кірыл Якімовіч, які шмат гадоў водзіць арганізаваныя групы ў Альпах.
«Я даўно сачу за Ліліяй, мы камунікавалі зь ёю. Разумею, наколькі ў яе сур’ёзныя мэты, – кажа ў размове з Свабодай Кірыл. – Я ведаю, што Лілія зьбіраецца скарыць усе 14 васьмітысячнікаў, таму вялікім дзівам навіна пра яе ўзыходжаньне на Анапурну для мяне не была. Яна ўжо была на Эвэрэсце, на іншых сур’ёзных вяршынях. Я вельмі пільна сачу за ёй. Аб’ектыўна Анапурна, на мой погляд, самая рызыкоўная гара з усіх чатырнаццаці васьмітысячнікаў».
Першымі, хто ўзышоў на вяршыню Анапурны, былі французы Марыс Эрзог і Люі Ляшэналь. Гэта адбылося ў 1950 годзе. Пасьля, у адрозьненьне ад таго ж Эвэрэсту, пра Анапурну гаварылі збольшага толькі ў прафэсійных альпінісцкіх колах. І вельмі часта з жалобнай нагоды. Анапурна рэгулярна забірала жыцьці самых дасьведчаных альпіністаў, якія перад ёйю скарылі куды вышэйшыя горы. Адной з ахвяраў Анапурны стаў, напрыклад, знакаміты казахстанскі альпініст Анатоль Букрэеў, вядомы па выратавальнай апэрацыі на вяршыні Эвэрэсту ў 1996 годзе, калі там загінулі адразу 8 чалавек зь дзьвюх камэрцыйных экспэдыцыяў. Пра гэтую гісторыю ў 2015 годзе быў зьняты вядомы мастацкі фільм «Эвэрэст». У 1997-м Букрэеў, які раней меў адразу некалькі пасьпяховых узыходжаньняў на Эвэрэст і іншыя васьмітысячнікі і ў сярэдзіне 90-х лічыўся адным з самых пасьпяховых альпіністаў сьвету, загінуў пад лавінай на схіле Анапурны.
У кастрычніку 2014 году ў ваколіцах Анапурны пад лавінамі і моцнымі завірухамі загінулі адразу 43 горныя турысты, яшчэ каля 50 чалавек зьніклі бязь вестак. Гэтая падзея па сёньняшні дзень застаецца найбуйнейшай па колькасьці ахвяраў трагедыяй у гісторыі альпінізму. Сэртыфікаваны інструктар Кірыл Якімовіч пацьвярджае, што Анапурна асабліва небясьпечная нават на фоне Эвэрэсту, К2 і іншых знакамітых вяршыняў.
«Пасьля васьмі тысяч мэтраў пачынаецца так званая «зона сьмерці». Чалавечы арганізм ня можа там ані прыстасавацца, ані адаптавацца. Ён можа толькі паміраць. Але васьмітысячнікі таксама розныя, – гаворыць Якімовіч. – Эвэрэст можна назваць больш-менш трэкінгавай гарой (з адносна простымі, пакатымі схіламі. – РС). Калі ўлічыць, што гэта тэхнічны трэкінг на вышыні амаль 9 кілямэтраў. І сярод васьмітысячнікаў ёсьць некалькі гор, якія вельмі асобна стаяць. Яны надзвычай складаныя. А Анапурна сярод гэтых некалькіх вылучаецца яшчэ больш».
Чатыры ахвяры на дзесяць спробаў
Прычынай асаблівай небясьпечнасьці Анапурны Кірыл Якімовіч называе акурат лавіны. Яны сустракаюцца на ўсіх васьмітысячніках, але на Анапурне лавіны асабліва небясьпечныя і непрадказальныя праз асаблівы рэльеф і прыродныя ўмовы.
«Сярод складаных гор ёсьць такія, дзе важная тэхніка праходжаньня. Вось К2, напрыклад. Там важная тэхніка, скалалажаньне. Дык на Анапурне усё тое самае, плюс яшчэ падвышаная небясьпека лавінаў, – кажа Кірыл. – І гэта вельмі складаная зьява, якая шматкроць узрастае на такой вышыні. Разьлічыць, пралічыць амаль нічога немагчыма. У ХХ стагодзьдзі сьмяротнасьць сярод альпіністаў, якія ішлі на Анапурну, даходзіла нават да 40%. То бок зь дзесяці чалавек чатыры гарантавана гінулі».
Для параўнаньня – сьмяротнасьць на Эвэрэсце складае каля 2%. Гэта значыць, што з сотні альпіністаў, якія паспрабавалі дасягнуць вяршыні, з гары не вяртаюцца два чалавекі. У апошнія дзесяцігодзьдзі паказьнікі сьмяротнасьці на Анапурне зьнізіліся да 15%. Сваю ролю адыгрываюць ратавальныя службы Нэпалу, лепшы рыштунак у альпіністаў і тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць рабіць больш дакладныя прагнозы надвор’я. Але Анапурна ўсё адно застаецца самай небясьпечнай гарой у Гімалаях.
«На Эвэрэсце ў базавым лягеры камфорт. Не сказаць, што гатэль, але там цябе накормяць, напояць, абагрэюць, – працягвае Кірыл Якімовіч. – Электрычнасьць, інтэрнэт, цёплы душ. Усё што можна за твае грошы. На Анапурне такога няма. Там што сам на сабе прынёс, тое і будзеш мець. У дадатак узрост. У Ліліі выдатная фізычная форма, але на Анапурне пажылых жанчын яшчэ не было. Яна першая».
«Гэта дакладна не папсовая гара»
І гэта яшчэ адна дэталь, якая робіць дасягненьне беларускі ўнікальным у сусьветным маштабе. Як кажа Кірыл, зь ягонага досьведу жанчыны лепш за мужчын пераносяць горную хваробу, але ўсё адно ісьці на Анапурну складаней, чым на шмат якія іншыя васьмітысячнікі. Прыходзіцца несьці на сабе кіслародныя балёны, іншы рыштунак, ня проста кошкі і ледаруб, як гэта часта бывае на Эвэрэсце, узыходжаньне на які моцна камэрцыялізаванае.
«На Анапурне проста няма каму працягнуць вяроўкі (яны дапамагаюць пераадольваць асабліва складаныя для пад’ёму ўчасткі. – РС), пракласьці драбіны ў расколінах, – дадае Кірыл. – На тым жа Эвэрэсце ў пачатку сэзону ўсё пракладваецца. Нельга сказаць, што там супэрпроста, але там усё падрыхтавана, забясьпечана. У альпінізьме самае небясьпечнае тое, што ты ня можаш пралічыць, што ня можаш забясьпечыць сабе. На Анапурне вельмі складана з гэтым. Калі ты цэлы дзень вымушаны ісьці па лавінным схіле, то тут вельмі цяжка нешта прадбачыць. Застаецца толькі рызыкаваць».
Праз усё гэта ўзыходжаньні на Анапурну наўрад ці некалі стануць масавымі. За год яе скараюць некалькі дзясяткаў чалавек, у той час як на Эвэрэст альпіністы арганізавана падымаюцца сотнямі.
«Гэта дакладна не папсовая гара, не хайповая. Не такая, што можна 40 тысяч эўра заплаціць, схадзіць на вяршыню, як на Эвэрэсце, і пасьля вярнуцца ў офіс, – дадае Кірыл Якімовіч. – Анапурна патрабуе вельмі сыстэмнага падыходу, жыцьцёвага досьведу вялікага. Я б пакуль не рызыкнуў туды ісьці, нягледзячы на кваліфікацыю. Мне трэба ня раз, ня два і, напэўна, ня дзесяць на восем тысяч яшчэ падняцца, перш чым зрабіць такое. Што Лілія ўжо зрабіла. Вельмі ганаруся ёю як суайчыньнік».
Форум