Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, дзе ў Беларусі можа зьявіцца другая АЭС


БелАЭС у Астраўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
БелАЭС у Астраўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Цяпер разглядаюць два месцы для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі — дадатковы блёк БелАЭС у Астраўцы і новая АЭС у Магілёўскай вобласьці, паведаміў РІА «Новости» дырэктар другога дэпартамэнту краін СНД МЗС Расеі Аляксей Палішчук.

«Цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі альбо дадатковага, трэцяга, энэргаблёка ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, альбо новай двухблёкавай АЭС у Магілёўскай вобласьці», — сказаў Палішчук.

Паводле Палішчука, цяпер Мінэнэрга Беларусі распрацоўвае тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне праекту, працу над ім павінны завяршыць да сярэдзіны 2025 году.

Для абмеркаваньня тэхнічных і фінансавых умоваў будаўніцтва другой АЭС профільныя ведамствы дзьвюх краін «сфармавалі экспэртную працоўную групу», яна ўжо правяла некалькі сустрэч, на якіх абмяркоўвалі лякацыю будучай станцыі, кошт праекту, тып рэактараў, тэрміны будаўніцтва і іншыя аспэкты, распавёў дыплямат. Таксама гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у іншых фарматах, у тым ліку падчас сустрэч кіраўніцтва «Расатаму» з урадам Беларусі, дадаў ён.

  • Другую АЭС для Беларусі 13 сакавіка абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін. Тады Лукашэнка папрасіў Пуціна, каб «Росатом» збудаваў у Беларусі яшчэ адну станцыю.
  • Такую ідэю Лукашэнка агучваў і раней. Нядаўна ён загаварыў пра гэта, наведваючы Менскі тэхнапарк. Яшчэ ў жніўні 2023 году Лукашэнка зазначаў, што станцыю можна было б пабудаваць на ўсходзе краіны. Намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Павел Сьнікарс на гэта адказаў, што ў Расеі да ініцыятывы ставяцца «стрымана і з асьцярожнасьцю». У кастрычніку таго ж году Лукашэнка паўтарыў сваю прапанову, дадаўшы, што другая АЭС была б для краіны «вельмі-вельмі выгаднай».
  • Пад узьвядзеньне першай АЭС, якую збудавалі ў Астраўцы, Менск атрымаў ад Расеі крэдыт на 10 млрд даляраў, плюс каля 10% кошту праекту плянавалася выдаткаваць зь бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Лукашэнка ацэньваў кошт праекту ў 7 млрд даляраў.
  • Пытаньні наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва існуюць ня толькі да патэнцыйнай другой АЭС, але і да ўжо дзейнай, як з экалягічнага, так і з эканамічнага боку. Абодва блёкі першай беларускай АЭС ня раз прастойвалі, пра іх рамонт не заўжды своечасова паведамлялі грамадзкасьці. Таксама былі праблемы з дастаўкай корпусу рэактара, не да канца зразумелае рашэньне пра лёс адкідаў паліва. Улады нярэдка замоўчваюць інфармацыю датычна БелАЭС.
  • І пасьля запуску БелАЭС паслугі электраэнэргетыкі для насельніцтва ў Беларусі рэгулярна даражэюць, хоць раней Лукашэнка і ягоныя міністры шмат разоў гаварылі, што АЭС дапаможа ўтрымліваць цэны на электраэнэргію без павышэньня. Апошняе такое падаражэньне адбылося 12 сакавіка.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG