Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагнаць і перагнаць Захад у эканоміцы і дэмакратыі. Валер Карбалевіч — пра інтэрвію Лукашэнкі кампаніі «Мир»


Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир», 8 красавіка 2025 году
Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир», 8 красавіка 2025 году

Інтэрвію прайшло ў атмасфэры ўзаемнай сымпатыі. Аднак усё ж была адна тэма, якая зьяўляецца даволі хваравітай для Лукашэнкі. Гэта пытаньне пра дэмакратыю. Калі кранаюць за балючае месца, то ён пачынае хвалявацца, зрываецца. І пераходзіць у атаку, пачынае «выкрываць» заходнюю дэмакратыю.

Сьцісла:

  • Пытаньні, адрасаваныя Лукашэнку, былі камплімэнтарныя. Ніякіх вострых тэмаў стараліся не падымаць.
  • Лукашэнка імкнуўся спадабацца аўдыторыі тэлерадыёкампаніі «Мир», таму нагаварыў нямала фантазійных рэчаў.
  • У інтэрвію Лукашэнка ўсяляк даказваў, што ў Беларусі дэмакратыя сапраўдная, а на Захадзе яе няма.
  • Калі існаваньне дэмакратыі ў Беларусі трэба зацята даказваць, то сапраўды зь ёй нешта ня так.

Інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» Аляксандар Лукашэнка даў яшчэ тры дні таму, аднак у канчатковым варыянце яно зьявілася ў інфармацыйнай прасторы толькі вечарам 10 красавіка. Сам статус гэтага мэдыйнага рэсурсу задаў і фармат размовы. Справа ў тым, што МТРК «Мир» створаная была ў свой час як структура СНД — дзеля асьвятленьня падзей на постсавецкай прасторы. Таму паводле самой сваёй прыроды і мэтаў заснаваньня кампанія павінна прадукаваць толькі добрыя навіны пра краіны-заснавальнікі.

Атмасфэра ўзаемнай сымпатыі мела і свой нэгатыўны бок

У якасьці інтэрвіюера выступіў сам старшыня кампаніі Радзік Батыршын. Пытаньні, адрасаваныя Лукашэнку, былі камплімэнтарныя. Яны абодва падыгрывалі адзін другому. Нічога вострага: усё добра, а будзе яшчэ лепш. І тэматыка абмеркаваньня была адпаведная. Батыршын пытаўся пра значэньне 80-годзьдзя Перамогі, пра інтэграцыю на постсавецкай прасторы, пра падступны Захад, хакей, сямейнае выхаваньне. Лукашэнка адказваў як студэнт, які на экзамэне выцягнуў загадзя ўзгоднены білет.

Аднак такая атмасфэра ўзаемнай сымпатыі мела і свой нэгатыўны бок. Па-першае, інтэрвію апынулася менш цікавым, чым яно магло б быць, калі б пытаньні былі вострымі. Таму ня выклікала вялікага рэзанансу. А Лукашэнка ж любіць шырокі розгалас, заўсёды імкнецца апынуцца ў цэнтры ўвагі.

А па-другое, калі ад цябе чакаюць толькі добрых навін, то ствараецца сытуацыя, у якой, кажучы словамі клясыка, «Астапа панесла». І пайшлі нейкія дзіўныя фэнтэзі.

Вось напрыклад. «Тры, чатыры, пяць гадоў — калі мы будзем гэтым шляхам ісьці і глядзець на сваё разьвіцьцё эканомікі, мы іх (Захад — РС) дагонім і перагонім». Лёзунг «Дагонім і перагонім» — гэта з савецкага мінулага. Праўда тады давалі 20 гадоў дзеля пабудовы камунізму. Цяпер Лукашэнка скараціў гэты тэрмін да 3-5 гадоў. Мусіць, каб яшчэ пабачыць на свае вочы трыюмф над праклятым Захадам.

Яшчэ адзін сюжэт на падобную тэму:

«СНД, я думаю, само сабой адпадзе, паколькі ўсе рэспублікі паднімуцца на больш высокі ўзровень і ўвойдуць у склад ЕўрАзЭС… Думаю, што Ўкраіна будзе з намі».

Лукашэнка імкнецца спадабацца аўдыторыі. А дзеля папулярнасьці чаго ня зробіш

Усё гэта гаворыцца на фоне таго, што на постсавецкай прасторы адбываюцца дэзынтэграцыйныя працэсы, эліты краін СНД імкнуцца дыстанцыявацца ад Расеі, арыентавацца на іншыя цэнтры сілы. А разьлік на тое, што Ўкраіна вернецца ў інтэграцыйныя аб’яднаньні на чале з Расеяй пасьля расейскай агрэсіі настолькі далёкі ад рэальнасьці, што гэта неяк цяжка камэнтаваць. А аповед пра тое, як Беларусь, дзякуючы мудрасьці кіраўніка, выратавала брацкі народ Зымбабвэ ад голаду становіцца часткай афіцыйнай беларускай міталёгіі.

Але Лукашэнка імкнецца спадабацца аўдыторыі тэлерадыёкампаніі «Мир». А дзеля папулярнасьці чаго ня зробіш.

Аднак усё ж была адна тэма, якая, як выявілася, зьяўляецца даволі хваравітай для Лукашэнкі. Гэта пытаньне пра дэмакратыю. Калі кранаюць за балючае месца, то ён пачынае хвалявацца, зрываецца. І пераходзіць у атаку, пачынае «выкрываць» заходнюю дэмакратыю:

«Ніякай дэмакратыі, гэта суцэльны таталітарызм… Гэта жудасьць. Ніякай там дэмакратыі не было».

І тут Лукашэнка зьвяртаецца да прыкладаў, якія міжволі выклікаюць непрыемныя аналёгіі зь беларускай сытуацыяй. Больш чатырох гадоў ён фактычна ня ўзгадваў гісторыю з арыштам Віктара Бабарыкі, які быў галоўным фаварытам прэзыдэнцкіх выбараў. Бо то быў вельмі ўжо скандальны эпізод навейшай беларускай гісторыі, які ва ўсіх у памяці.

І вось цяпер, зважаючы на падзеі ў некаторых эўрапейскіх краінах, ён спрабуе апраўдацца за той сюжэт прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Лукашэнка ўзгадаў сытуацыю з Марын Лё Пэн у Францыі, Кэлінам Джорджэску ў Румыніі, якіх суды пазбавілі магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

Але Лукашэнка падыходзіць да прыкладаў вельмі выбарачна. Напрыклад, не ўзгадаў Турэччыну, дзе арыштавалі галоўнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ад апазыцыі Экрэма Імамаглу. Відаць, таму, што рэжым прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана шмат у чым падобны да беларускага рэжыму.

Падсьвядома, прыхавана, але выяўляецца адна думка: як гэта дзейны прэзыдэнт можа прайграць выбары?

Зважаючы на гэтыя прыклады, Лукашэнка дае волю свайму пафасу: «Вы навошта душыце?» Маўляў гэта незаконна, недэмакратычна. А вось Віктара Бабарыку, паводле ягонага меркаваньня, арыштавалі і судзілі «на абсалютна законных падставах». Больш чатырох гадоў чакаў, каб апраўдацца хоць бы перад сваімі прыхільнікамі, і дачакаўся.

Ён зноў і зноў зьвяртаецца да хваравітай для яго тэмы прэзыдэнцкіх выбараў. І выдае мэсыдж, які варты таго, каб прывесьці яго цалкам:

«А як у іх выбары праводзяцца? Вазьміце, да прыкладу, Злучаныя Штаты Амэрыкі, мінулыя выбары (2020 г. — РС), калі Трампа беднага „бамбілі“, „малацілі“, у турму ледзь не пасадзілі. Па пошце галасавалі, потым знаходзілі пад плотам. Байдэн стаў прэзыдэнтам. Дык яго ж (Трампа — Аўтар) потым па судах цягалі, потым стралялі… Гэта што, дэмакратыя?».

Тут шмат усяго звалена ў адну кучу, многа сумбуру. Але, калі прадрацца праз гэтую плынь сьвядомасьці, то падсьвядома, трохі прыхавана, але выяўляецца адна думка: як гэта дзейны прэзыдэнт можа прайграць выбары? Няважна дзе, у Беларусі ці ў ЗША. Але гэта не ўкладваецца ў галаве. Тое, што Трампу ў 2020 годзе, у адрозьненьні ад Лукашэнкі, не ўдалося захаваць уладу, з гледзішча Лукашэнкі зьяўляецца нонсэнсам. Гэта абуральна.

Калі існаваньне дэмакратыі ў Беларусі трэба зацята даказваць, то сапраўды зь ёй нешта ня так

На гэтым Лукашэнка не спыняецца. І працягвае абурацца. Прэзыдэнцкім выбарам 2020 году спадарожнічалі забурэньні, Захад іх не прызнаў. Прэзыдэнцкія выбары 2025 году прайшлі «ціха і спакойна». Але Захад іх усё роўна не прызнаў! І дзе ж справядлівасьць?

І яшчэ. Паводле Лукашэнкі, у Беларусі створана сацыяльная дзяржава, клапоцяцца пра людзей. «Гэта што, не дэмакратыя?» — пытаецца ён. То бок, зноў жа падсьвядома праводзіцца думка, што калі пра людзей клапоціцца дзяржава, то ім асабліва не надта патрэбна дэмакратыя з палітычнымі свабодамі, свабоднымі выбарамі і інш.

Усё гэта гучыць як апраўданьне. Але калі існаваньне дэмакратыі ў Беларусі трэба зацята даказваць, то сапраўды зь ёй нешта ня так.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG