Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт Беларусі заявіў, што літоўскія грузавікі пакінуць Беларусь толькі пасьля адкрыцьця Літвой мяжы

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Іх адправяць на спэцстаянку, а кіроўцам дазволяць часова вярнуцца ў месцы свайго сталага пражываньня.

Літоўскія грузавікі пакінуць Беларусь толькі пасьля адкрыцьця Літвой мяжы, заявілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

З 9.00 10 лістапада рух літоўскіх грузавікоў спынены ў абодвух напрамках беларуска-літоўскай мяжы.

«Калі Літва працягне недружалюбную палітыку і ня пойдзе насустрач літоўскім перавозьнікам, беларускі бок мае права прыняць адносна гэтых транспартных сродкаў прадугледжаныя заканадаўствам захады. Фуры змогуць пакінуць стаянкі, але толькі пасьля поўнага аднаўленьня літоўскім бокам руху празь беларуска-літоўскі ўчастак мяжы», — падкрэсьлілі ў ДМК.

Літоўскія фуры, якія захрасьлі на тэрыторыі Беларусі на шляху да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», будуць часова перамешчаныя ў адмыслова абсталяваныя месцы. Гэта зробяць «у мэтах бясьпекі». Грузавікі адправяць на стаянкі ў раёне прапускнога пункту «Катлоўка».

Пра гэта адмысловую заяву выпусьціла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

«У сувязі з аднабаковым закрыцьцём Літвой пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы на тэрыторыі Беларусі сабралася звыш 1100 грузавых транспартных сродкаў літоўскіх перавозьнікаў. У мэтах забесьпячэньня бясьпекі і захаванасьці гэтых транспартных сродкаў, сканцэнтраваных пераважна на пад’язных шляхах да пунктаў пропуску „Каменны Лог“ і „Беняконі“, беларускім бокам прынятае рашэньне пра іх перамяшчэньне ў адмыслова абсталяваныя месцы стаянкі ў раёне пункту пропуску „Катлоўка“», — гаворыцца ў заяве.

З гуманітарных меркаваньняў кіроўцам гэтых фураў даюць магчымасьць пакінуць тэрыторыю Беларусі і перабрацца ў месцы свайго пастаяннага пражываньня да прыняцьця літоўскім бокам рашэньня аб паўнамаштабным аднаўленьні працы мяжы.

«Гатовыя аказаць неабходнае спрыяньне тым кіроўцам, якія з тых ці іншых прычынаў ня могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі», — адзначылі ў беларускім ведамстве.

Таксама МЗС у Менску ў чарговы раз абвінаваціў урад Літвы, які да 30 лістапада закрыў мяжу, у «непрадуманых, валюнтарысцкіх і палітызаваных» дзеяньнях.

Па словах дарадцы прэм’ер-міністаркі Літвы Ігнаса Дабравольскаса, такімі дзеяньнямі ўлады Беларусі працягваюць ствараць штучныя перашкоды для літоўскіх і эўрапейскіх кампаній у вяртаньні грузавога транспарту.

«Пункт пропуску „Салечнікі“ застаецца закрытым, але ўрад працягвае шукаць магчымасьці дапамагчы літоўскім перавозьнікам вярнуць сваю маёмасьць», — ягоныя словы цытуе BNS.

Паводле зьвестак, прадстаўленых журналістам пасьля паседжаньня Камісіі ў нацыянальнай бясьпецы Літвы, цяпер у Беларусі затрымаліся каля 1 тысячы літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, зь іх 400 — на памежным пераходзе «Салечнікі».

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам. Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG