Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора вораг, сёньня — амаль сябар. Як і чаму беларуская прапаганда палюбіла ЗША, тлумачыць Паўлюк Быкоўскі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі аналізуе новыя наратывы беларускай прапаганды, тлумачыць, чаму прапагандысты сталі параўноўваць Трампа і Лукашэнку і спрабуюць выставіць апошняга палітыкам сусьветнага маштабу.

Сьцісла:

  • Разбураецца канструкт «калектыўнага Захаду», які ў прапагандзе доўга прысутнічаў.
  • Калі дзеяньні Вашынгтона не супадаюць з падыходамі менскага рэжыму — прапаганда проста не акцэнтуе на гэтым увагі.
  • Прапагандысты даводзяць, што «Трамп — гэта амэрыканскі Лукашэнка»: Трамп міратворца — і Лукашэнка міратворца.
  • Факт інтэрвію Лукашэнкі, адрасаванага амэрыканскай аўдыторыі, спрабуюць падаць як доказ таго, што Лукашэнка — палітык сусьветнага ўзроўню.

— Калі беларуская афіцыйная прапаганда пачала мяняць стаўленьне да ЗША і новага прэзыдэнта Дональда Трампа? Гэта адбылося ўжо падчас выбарчай кампаніі ў ЗША ці толькі за апошнія тыдні?

— Калі ішла выбарчая кампанія ў ЗША, беларуская прапаганда крытыкавала абодвух кандыдатаў, хоць можна сказаць, што пэўная прыхільнасьць да Трампа праяўлялася ўжо тады. Аднак такога, каб моцна хвалілі Трампа, тады не было — ажно да моманту ягонай перамогі. А вось далей — з часу перамогі да ягонай інаўгурацыі і першых дзеяньняў — прапаганда паступова трансфармавалася.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

І цяпер мы ўжо можам убачыць, як прыкладаюцца непасрэдныя палітычныя намаганьні, каб палепшыць адносіны Вашынгтона і Менску. Цікава назіраць, як яны спрабуюць зрабіць выгляд, што такімі ж гэтыя адносіны былі і раней.

І вобраз ЗША, якія заўсёды лічыліся галоўным ворагам, зараз трансфармуецца калі ня ў вобраз сябра, то прынамсі ў таго, з кім можна мець справу, шукаць магчымасьці для супрацоўніцтва.

Разбураецца канструкт «калектыўнага Захаду», які ў прапагандзе вельмі доўга прысутнічаў. Раптам выявілася, што яго быццам не існуе, бо ёсьць Эўразьвяз як «агрэсар» і ЗША, якія пры Трампу — «патэнцыйны міратворца». Трансфармацыя гэтага вобразу адбываецца на вачах.

— А як прапаганда тлумачыць тое, што раней гаварылі адно, а цяпер — зусім іншае? Яны неяк тлумачаць гэта ці проста абвяшчаюць новыя ўстаноўкі без інфармаваньня пра тое, чаму яны зьмяніліся?

— Тлумачэньні ёсьць. І паколькі ў Беларусі пэрсаналісцкі рэжым, то тлумачэньне абапіраецца на тое, што зьмянілася галоўная пэрсона ў ЗША. Аўдыторыі ўнушаецца, што ў ЗША адбылася «рэвалюцыя здаровага сэнсу», прыйшлі новыя людзі, якія пачынаюць усё з «чыстай старонкі» і зь імі можна будаваць адносіны па-новаму.

Раптам знаходзіцца шмат з таго, за што можна пахваліць новае кіраўніцтва ЗША. Беларуская прапаганда заўсёды была вельмі кансэрватыўнай, і тыя кансэрватыўныя погляды, якія выказваюць рэспубліканцы ў ЗША, вельмі падабаюцца прапагандыстам, якія заяўляюць, што нарэшце здаровыя сілы і ідэі прыходзяць да ўлады.

Выбудоўваецца масток паміж беларускім і расейскім кансэрватыўнымі рэжымамі і ЗША, «Альтэрнатывай для Нямеччыны», іншымі правымі партыямі ў Эўропе. Маўляў, беларускі рэжым — у агульнай сусьветнай плыні.

— Эўропа, як вы казалі, у прапагандзе пазначаецца як «праціўнік міру» і «агрэсар», аднак разам з тым у Эўразьвязе таксама ёсьць «здаровыя сілы»?

— Так, гэта і Вугоршчына, і асобныя палітыкі. Вядома, у гэтай схеме назіраюцца супярэчнасьці, якія могуць патлумачыць такія майстры прапаганды, як Вадзім Гігін. А вось, напрыклад, Пётра Пятроўскі ці Аляксей Дзермант, якія ня так даўно асэнсавалі сябе камуністамі, для іх тое, што адбываецца, не заўсёды адназначна станоўчае.

— І як яны гэта праяўляюць?

— Гавораць пра левыя каштоўнасьці, пра сацыяльную справядлівасьць. Яны не праяўляюць сваёй неляяльнасьці, проста кажуць нейкія агульныя рэчы.

У прапаганды на стале розныя стравы. Аматары салёнага атрымаюць салёнае, хто хоча горкае — атрымае горкае.

Яны не крытыкуюць ніякіх крокаў новай амэрыканскай адміністрацыі, накіраваныя на скарачэньне бюджэтных выдаткаў, сацыяльных праграмаў. Гэтыя захады падаюцца без камэнтароў. Калі дзеяньні Вашынгтона не супадаюць з падыходамі менскага рэжыму, прапаганда проста не акцэнтуе на гэтым увагі.

Прапагандысты даводзяць, што «Трамп — гэта амэрыканскі Лукашэнка»: Трамп міратворца — і Лукашэнка міратворца.

— Як прапаганда тлумачыць і распаўсюджвае наратывы з апошняга інтэрвію Лукашэнкі блогеру Наўфалю?

— Шараговаму гледачу было цяжка ацаніць, наколькі вядомым і аўтарытэтным зьяўляецца гэты блогер. Таму яго даволі настойліва апісвалі як вельмі важную пэрсону, тым больш што ён не прадстаўляў нейкага вядомага сусьветнага СМІ.

Факт гэтага інтэрвію прадстаўляўся як доказ таго, што Лукашэнка — палітык сусьветнага ўзроўню. І тут гэтыя ацэнкі часам выглядалі яўна перабольшанымі: маўляў, кіраўнік Беларусі можа ўсіх памірыць і ў Менск прыедуць Трамп, Пуцін і Зяленскі.

Важны момант: Лукашэнка раней заўсёды паўтараў крамлёўскі наратыў, што гэта не вайна Расеі і Ўкраіны, а вайна Расеі супраць Захаду. А цяпер выяўляецца, што ЗША ўжо не «калектыўны Захад», і таму наратыў мяняецца.

Лукашэнка, аднак, казаў тады і кажа цяпер, што перамовы трэба весьці з амэрыканцамі — у гэтым ён застаецца пасьлядоўным. Але цяпер ён ужо ня кажа, што Ўкраіна марыянэтка, і не ўжывае іншых кепскіх эпітэтаў пра Кіеў. Выглядае, ён сапраўды спадзяецца атрымаць ролю арганізатара пляцоўкі да перамоваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG