Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба Зяленскага цяпер „нахіляць“, трэба дамовіцца». Што сказаў Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю


Падчас інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Марыё Наўфалю
Падчас інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Марыё Наўфалю

Уначы 5 сакавіка ангельскамоўны блогер Марыё Наўфаль апублікаваў на плятформе Х інтэрвію зь кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Пастамі Наўфаля часта дзеліцца самы заможны чалавек плянэты Ілан Маск, кіраўнік агенцтва эфэктыўнасьці ўраду ЗША і блізкі саюзьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Пра Пуціна

Лукашэнка заявіў у больш як гадзінным інтэрвію, якое было запісана ў прэзыдэнцкім палацы ў Менску 27 лютага, што нібыта «Пуцін шкадаваў аб вайне, таму што яна ператварылася ў поўнамаштабны канфлікт, у вайну, якой ён не чакаў», а таксама, што калі Пуцін «зразумеў вялікую колькасьць ахвяраў, ён імкнуўся да перамоваў, каб спыніць канфлікт, дасягнуць пагадненьня».

Інфармацыі аб тым, што Пуцін шкадаваў аб абвешчанай ім вайне, якая ідзе чацьвёрты год і прынесла сотні тысяч ахвяр, дагэтуль не было, Пуцін і яго ўрад настойваюць на акупацыі чатырох абласьцей Украіны і Крыму, нават тых тэрыторый, якіх расейскае войска не заваявала. Расейская армія працягвае наступ у Данецкай, Луганскай, Харкаўскай абласьцях, расейскія ракеты і бесьпіётнікі штодня абстрэльваюць Украіну, забіваючы цывільных і разбураючы аб’екты інфраструктуры.

Пра Трампа

Паводле Лукашэнкі, «толькі дзякуючы адміністрацыі Трампа пытаньне спыненьня вайны стала такім актуальным»:

«Трамп малайчына, што ён часта гаворыць і нешта робіць ужо ў кірунку таго, каб спыніць вайну ва Ўкраіне, спыніць вайну на Блізкім Усходзе», — зноў пахваліў Трампа Лукашэнка, адзначыўшы, што ў прэзыдэнта ЗША «здаецца, і іншай палітыкі няма, як спыніць вайну».

Таксама Лукашэнка пахваліў Трампа за пачатак «рэвізіі» USAID (Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША), бо, на яго думку, «яны фінансавалі перавароты ў краінах» і «наш мяцеж унутры Беларусі фінансаваўся па гэтых крыніцах» (гаворка аб пратэстах 2020 году).

Няма пацьверджанай інфармацыі, што USAID нібыта фінансаваў пратэсты ў Беларусі, гэтая арганізацыя міжнароднай дапамогі сканцэнтраваная найперш на гуманітарных праектах.

Лукашэнка паўтарыў, што «ня думаў, што Трамп пераможа», і зноў назваў яго «неймаверным» чалавекам.

«Гэта неймаверны чалавек. І здарылася неймавернае. Тое, што яго ледзь не застрэлілі, ён мае рацыю — напэўна, Госпад яго выратаваў. Але калі гэта Госпад выратаваў яго, дык ён жа для чагосьці яго выратаваў. І ня толькі многія на плянэце нашай, але і Госпад таксама бачыць тое, што вы зараз робіце ў ЗША, і ацэньвае. І ўратуй вас Госпад, калі вы ня зробіце таго, на што Ён разьлічвае, Госпад», — лічыць Лукашэнка.

Пры гэтым, на думку Лукашэнкі, Трамп робіць «шмат заяваў, якія ня трэба было б рабіць».

«Я жартам кажу: вось там, у Амэрыцы, мяне бракуе. Вось я б Трампу проста ў вочы сказаў, як нельга рабіць. Занадта шмат заяваў, якіх увогуле ня трэба было агучваць...» — сказаў Лукашэнка.

У якасьці аднаго з прыкладаў Лукашэнка назваў заяву Трампа па нізкі рэйтынг Зяленскага. «Ну што гэта за заява: 4% у Зяленскага? Ну ніколі не было ў Зяленскага 4%. 14-17% было і ёсьць цяпер. Ніякіх не 57%, як ён гаворыць, ён гэтыя выбары прайграе. Ну навошта заявы наконт 4 працэнтаў, аддай там нетры і іншае? Спакойна трэба гэтыя пытаньні вырашаць», — сказаў Лукашэнка.

Таксама ў Лукашэнка згадаў пазыцыю Трампа па сэктары Газа: «Усіх выселяць адтуль, размяркуюць па нейкіх краінах і іншае. Слухайце, па-першае, гэта нерэальна. А па-другое, нават калі ты хацеў там нешта пабудаваць, ты не павінен быў у такой форме пра гэта гаварыць і піярыцца там на нейкай платформе і ствараць нейкія ролікі», — сказаў Лукашэнка, назваўшы гэта «недапушчальным».

На думку Лукашэнкі, такіх памылак «не ў зьмесьце, а ў форме» цяперашняя адміністрацыя ЗША дапускае шмат. Таксама Лукашэнка зазначыў, што «палітыка ня любіць гвалту і сёньня патрэбны ня нейкія эпатажныя заявы, а канкрэтныя вынікі».

Пра Зяленскага і мірныя перамовы

Гаворачы пра палітыку Трампа ў дачыненьні да Ўкраіны, Лукашэнка адзначыў, што «ня трэба Зяленскага цяпер „нахіляць“, які б ён ні быў», і прапанаваў яму «дамаўляцца» на беларускай тэрыторыі.

«Трэба пераканаць, дамовіцца і зь Зяленскім, таму што за Зяленскім стаіць большая частка ўкраінскага грамадзтва. Таму трэба дамаўляцца. Хочаце — прыяжджайце. Вось, побач — 200 кілямэтраў ад беларускай мяжы да Кіева. Паўгадзіны на самалёце. Таму перадайце Трампу, я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім. Сядзем і спакойна дамовімся», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што «ні ў якім разе не хацеў бы быць нейкім пасярэднікам, асабліва ў нармалізацыі адносінаў ва Ўкраіне», але «дапамагчы, арганізаваць, падштурхнуць нейкі працэс» — «зь вялікім задавальненьнем».

Лукашэнка заявіў, што калі ў Стамбуле «працэс ішоў да заключэньня мірных пагадненьняў», туды прыехаў тагачасны прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан «і забараніў Зяленскаму ісьці да міру». Ён абвінаваціў Вялікую Брытанію і адміністрацыю тагачаснага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў тым, што яны датычныя да «чарговага вітка эскаляцыі ва Ўкраіне».

«Быў дакумэнт адпаведны. Дакумэнт значна больш выгадны (для Ўкраіны. — Рэд.), чым цяпер становішча», — сказаў Лукашэнка і заявіў, што ён тады нібыта «публічна ўвесь час падштурхоўваў кіраўніцтва Ўкраіны да таго, што трэба заключаць мір».

Лукашэнка на перамовах у Стамбуле, дзе нібыта «працэс ішоў да заключэньня мірных пагадненьняў», не прысутнічаў. І пра які дакумэнт гаворка, ён не ўдакладніў.

Пра пачатак вайны і пазыцыю Беларусі

Лукашэнка знаў паўтарыў, што «ня ведаў» пра пляны Расеі пачаць уварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, але заявіў, што нават «калі б ведаў, я б Украіну тады не бараніў», бо на той момант «мы ўжо знаходзіліся ў стадыі эканамічнай вайны з Украінай», гаворачы пра санкцыі Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Яны арыштавалі тысячы нашых чыгуначных вагонаў з таварамі. Да гэтага часу не вярнулі. І каля тысячы велікагрузных аўтамабіляў, — сказаў Лукашэнка. — Дык чаму я павінен быў абараняць Украіну? Гэта значыць, Украіна пайшла на эскаляцыю адносінаў зь Беларусьсю раней, чым амэрыканцы і ўвесь Захад».

У лютым 2022 году на тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў знаходзілася шматтысячнае расейскае войска, якое парушыла беларуска-украінскую мяжу са згоды афіцыйнага Менска, на тэрыторыі Беларусі базаваліся расейскія тылавыя часткі, шпіталі, беларускія аэрадромы выкарыстоўвалі расейскія самалёты, якія бамбавалі Ўкраіну і вялі выведку ўкраінскай тэрыторыі.

Пра ядзерную зброю

Лукашэнка лічыць, што ЗША і Расея не гатовыя да прымяненьня ядзернай зброі.

«Прынамсі (мы адкрыта не абмяркоўвалі гэтага пытаньня, але ўскосна мы ж бачылі, да чаго ўсё ідзе), ніколі Пуцін не казаў пра тое, што ён гатовы да крайніх мераў. Я ня думаю, што ён гатовы. Ён настолькі быў гатовы націснуць чырвоную кнопку, наколькі вы ў ЗША, у Англіі ці Францыі былі да гэтага гатовыя. Ведаю, вы да гэтага не былі гатовыя. Дакладна так ня быў гатовы да гэтага і Пуцін», — заявіў Лукашэнка.

Пааводле яго, Пуцін перакананы, што цяпер няма прычынаў для ядзернай вайны, бо ён, «як ніхто іншы, разумее, да чаго гэта можа прывесьці». Разам з тым Лукашэнка паўтарыў, што «калі толькі будзе зьдзейсненая агрэсія супраць Беларусі і Расеі, тады будуць выкарыстаныя ўсе мэтады барацьбы», але нават у гэтым выпадку ўжываньне ядзернай зброі ня будзе першачарговым, бо ёсьць «шмат іншых мэтадаў»: і дыпляматычных, і сілавых, звычайная зброя і інш.

Калі Наўфаль паспрабаваў спытаць пра расейскую ядзерную зброю, разьмешчаную ў Беларусі, Лукашэнка перабіў яго і перавёў размову на іншую тэму.

Пуцін і Лукашэнка раней заявілі аб пераводзе ў Беларусь расейскай тактычнай ядзернай зброі. Гэта зьяўляецца парушэньнем міжнароднай Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, але аб’ектыўнага пацьвярджэньня гэтага факту пакуль няма.

Пра жаданьне «перагарнуць старонку» 2020 году

На пытаньне Наўфаля, ці гатовы Лукашэнка «перагарнуць старонку і даць шанц тым, хто памыліўся ў 2020 годзе», «даць ім шанц вярнуцца, дараваць ім», Лукашэнка заявіў, што «ў гэтым ягоная задача».

«Мы гэта робім ужо, у гэтым мая задача. Той, хто памыліўся, той, хто адурманены быў, — яны павінны жыць на сваёй зямлі, ствараць сем’і і гадаваць дзяцей. Гэта адна з маіх задач», — сказаў ён.

Варта адзначыць, што 3 сакавіка, падчас кадравых прызначэньняў у сацыяльны блёк ураду, Лукашэнка заявіў, што нельга дараваць работнікам розных сфэр удзел у пратэстах 2020 году, бо яны «ворагі фактычна нашай дзяржавы», бо «выступілі супраць дзяржавы». Паводле Лукашэнкі, «трэба ўмець прабачаць, калі гэта магчыма», але калі нехта «парушыў, пераступіў закон, сьвядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараваньне». Ён асобна зьвярнуўся да міністра культуры Руслана Чарнецкага з патрабаваньнем спыніць «хістаньні» сярод работнікаў культуры.

Папярэднія прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 году, вынікі якіх не прызнала міжнародная супольнасьць, прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў.

Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. На люты 2025 году праваабаронцам «Вясны» агулам вядома пра больш як 6560 асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 году. За люты асудзілі яшчэ 89 чалавек. Нядаўна праваабаронцы паведамілі пра новы віток затрыманьняў і судоў у Беларусі паводле «народнага» 342-га артыкула за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году.

Нягледзячы на тое, што 18 студзеня Лукашэнка памілаваў яшчэ 23 палітвязьняў, а ў 2024 годзе па памілаваньні вызвалілі 207 палітвязьняў, па стане на 5 сакавіка ў Беларусі па-ранейшаму сама меней 1239 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай.

Хто такі Наўфаль і што ён пісаў пра Беларусь

Марыё Наўфаль — блогер, аўтара праекту «Круглы стол» на плятформе X. Марыё Наўфаль нарадзіўся ў Лібане, мае аўстралійскае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў ААЭ. У шэрагу СМІ яго называюць пратэжэ Ілана Маска, якому даручана фармаваньне так званых новых мэдыя сацыяльных сетак. Маск рэгулярна дзеліцца ў сваім Х пастамі Наўфаля.

Праект Наўфаля «Круглы стол» — відэаінтэрвію з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі. Вядома, што гасьцямі былі прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, экс-прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару, былы прэм’ер-міністар Пакістану Імран Хан.

Сярод пастоў Наўфаля ў сацыяльнай сетцы Х можна знайсьці і пост пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку супраць журналістаў. 12 сьнежня 2024 году Наўфаль, спасылаючыся на агенцтва АР, напісаў, што «беларускія ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі перад студзеньскімі выбарамі, спрабуючы прымусіць замаўчаць крытычныя галасы».

24 студзеня 2025 году Наўфаль без камэнтара распаўсюдзіў інфармацыю БелТА і расейскай прапаганды пра тое, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША нібыта выдаліў з сайта заяву з крытыкай прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі аўтарства папярэдняга дзяржсакратара Энтані Блінкена.

Каманда Weekly Top Fake высьветліла, што БелТА апублікавала лжывую інфармацыю. У самым нізе старонкі, на якой была апублікаваная заява, указалі прычыну яе перамяшчэньня, а не выдаленьня:

«Мы ствараем архіў сайту State.gov у канцы кадэнцыі кожнай прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта стандартная практыка з заканчэньня працы адміністрацыі Клінтана ў 2001 годзе. Калі патрэбнае вам зьмесьціва адносіцца да папярэдняй адміністрацыі, вы можаце скарыстацца пошукам па нашых архіўных сайтах». Пад гэтым тлумачэньнем ёсьць і спасылка на архіў.

Каманда WTF перайшла ў архіў і па назьве краіны знайшла тэкст з заявай Блінкена пра непрызнаньне выбараў у Беларусі. З прыходам новага дзяржаўнага сакратара — гэтую пасаду 21 студзеня 2025 году заняў Марка Рубіё — на сайце Дзярждэпартамэнту публікуюць навіны толькі пра яго і ягоную каманду. Адпаведна, ніякага выдаленьня, а значыць, і скасаваньня заявы Блінкена як прадстаўніка ЗША насамрэч не было, яна засталася ў сіле. Але Наўфаль замест праверкі дэзынфармацыі проста пашырыў яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG