Сьцісла:
- Лукашэнка запрасіў прэзыдэнтаў ЗША, Расеі і Ўкраіны прыехаць у Беларусь на перамовы аб міры.
- У сярэдзіне 2010-х гадоў быў прыдуманы вобраз Беларусі і яе лідэра Лукашэнкі як міратворца, «донара бясьпекі» ў рэгіёне, а Менску — як месца, пляцоўкі для вырашэньня міжнародных канфліктаў.
- Пасьля падзей 2020 году, нападу Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, статус Беларусі як міратворца моцна пахіснуўся. Тым ня менш Лукашэнка ўпарта імкнецца рэінкарнаваць стары вобраз, заклікае да міру, прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў перамовах.
- Аптымальная для перамоваў — нэўтральная краіна, якая не заангажаваная ў канфлікт і з гэтай прычыны прымальная для ўсіх бакоў.
Запрашэньне ў Менск
Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю ня толькі нагаварыў шмат камплімэнтаў Дональду Трампу, але і запрасіў прэзыдэнтаў ЗША, Расеі і Ўкраіны прыехаць у Беларусь на перамовы аб міры:
«Трэба дамаўляцца. Жадаеце — прыяжджайце. Вось, побач — 200 кілямэтраў ад беларускай мяжы да Кіева. Паўгадзіны на самалёце. Прыяжджайце. Вось тут сядзем. Спакойна, бяз шуму, бяз крыкаў дамовімся. Таму перадайце Трампу: я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім. Сядзем і спакойна дамовімся. Калі вы хочаце дамовіцца».
З тэксту запрашэньня вынікае, што маецца на ўвазе ня проста прадстаўленьне месца, пляцоўкі для перамоваў, а ўдзел у іх самога Лукашэнкі, ягоная актыўная мадэрацыя, пасярэдніцтва («Тут сядзем... і спакойна дамовімся»).
Тое, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца паўстаць перад сьветам у вобразе міратворца, — гісторыя ня новая. Яму даўно цесна ў вузкіх межах Беларусі, яго цягне на вялікую геапалітычную прастору. Бо ён лічыць сябе палітыкам сусьветнага маштабу. Любіць апынуцца ў цэнтры важных міжнародных падзей, якія прыцягваюць увагу вядучых замежных мэдыя.
Але праблема ў тым, што Беларусь — невялікая краіна зь нязначнай міжнароднай вагой. Прычым краіна праблемная, у значнай меры ізаляваная. Таму магчымасьцяў уплываць на сусьветныя працэсы няшмат. І на спробы Лукашэнкі апынуцца ў цэнтры важных міжнародных падзей замежныя мэдыя рэагуюць млява.
Стварэньне вобразу міратворца
Таму ў сярэдзіне 2010-х гадоў ідэолягі і прапаганда на запыт Лукашэнкі прыдумалі вобраз Беларусі і яе лідэра як міратворца. Тым больш што пачаўся ваенны канфлікт у рэгіёне Ўсходняй Эўропы паміж суседзямі Беларусі: Расеяй і Ўкраінай. І Лукашэнка ўвесь час даводзіў, што гатовы ўзяць на сябе функцыю ўрэгуляваньня гэтай канфрантацыі. Ён шмат разоў казаў: навошта нам нейкія заходнія пасярэднікі? Мы ж тры славянскія браты — рускія, украінцы, беларусы — давайце сядзем і дамовімся. Няцяжка здагадацца, што менавіта сябе ён бачыў галоўным у гэтай канфігурацыі, у якасьці галоўнага арбітра ў «спрэчцы славян між сабою». А таксама прапанаваў увесьці ў Данбас беларускія міратворчыя сілы.
Пасьля праведзеных у Менску двух самітаў на тэму ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу (верасень 2014 г. і люты 2015 г.), у выніку чаго былі падпісаныя добра вядомыя «Менскія пагадненьні», у палітыцы Беларусі зьявіўся новы канцэпт. Улады абвясьцілі краіну цэнтрам сусьветнага міратворчага працэсу, «донарам бясьпекі» ў рэгіёне, пляцоўкай для вырашэньня міжнародных канфліктаў. Прапаганда нават паспрабавала раскручваць слоган: Менск — новая Жэнэва ці новы Хэльсынкі. Афіцыйны Менск пачаў фантанаваць міратворчымі ініцыятывамі.
У 2016 годзе Лукашэнка прапанаваў Менск як пляцоўку для ўрэгуляваньня адносін паміж Усходам і Захадам:
«Давайце, каб палепшыць атмасфэру ўзаемаадносінаў дзяржаваў, падумаем пра абнаўленьне Хэльсынскага працэсу і паспрабуем запусьціць міратворчы працэс, магчыма, „менскі працэс“».
Каго толькі ён не зьбіраўся мірыць! Менск прапаноўваў ролю пасярэдніка ў прымірэньні Расеі і Турэччыны, калі паміж гэтымі краінамі ўзьнік канфлікт. Беларусь выступіла з ідэяй міратворца і ва ўрэгуляваньні армяна-азэрбайджанскага канфлікту.
У тым жа 2016 годзе Лукашэнка пасьля візыту ў Ватыкан да папы Рымскага агучыў сваю даўнюю ідэю аб сустрэчы ў Беларусі пантыфіка з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам. Але гэтага яму здалося мала, і ён пайшоў далей.
«Усё ў руках Госпада. Калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя герархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў, і іншых канфэсій», — заявіў Лукашэнка.
Рэінкарнацыя вобраза
З таго часу сытуацыя ў рэгіёне ў зьвязку з нападам Расеі на Ўкраіну моцна памянялася. Пасьля 2020 году зьмяніўся і статус Беларусі, і ейнага кіраўніка. У краіне здарыўся востры ўнутрыпалітычны канфлікт, які ня вырашаны і сёньня. Атрымліваецца, што дзяржава, якая ня ў стане ўрэгуляваць уласныя праблемы, прэтэндуе на вырашэньне нейкіх міжнародных канфліктаў.
Беларусь выступіла ў ролі суагрэсара, гэта спрычыніла яе востры палітычны і дыпляматычны канфлікт з Захадам. Менск не спыняе атакі на суседзяў з дапамогай мігрантаў. Дазволіў Расеі скарыстаць тэрыторыю для атакі на Ўкраіну, дазволіў разьмясьціць тут расейскую ядзерную зброю і ракеты «Арэшнік».
Здавалася б, на статусе Беларусі як міратворца можна было б паставіць крыж. Тым ня менш Лукашэнка цягам усіх трох гадоў, як пачалася вайна, упарта імкнецца рэінкарнаваць вобраз міратворца, заклікае да міру, прапануе Ўкраіне спыніць супраціў і здацца, прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў перамовах аб прымірэньні.
І, дарэчы, першыя тры раўнды перамоваў на пачатку вайны адбыліся на беларускай тэрыторыі. Нягледзячы на статус Беларусі як краіны-суагрэсара. Потым перамовы перамясьціліся ў турэцкі Стамбул.
У 2023 годзе Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна наведаць Менск. Ён казаў:
«А навошта Байдэн едзе ў Польшчу?.. Калі ў яго ёсьць жаданьне (вы яму перадайце там па сваіх каналах), мы яго ў Менску гатовыя прыняць і сур’ёзна пагаварыць. Калі ён хоча міру ва Ўкраіне. І нават Пуцін падляціць у Менск, і сустрэнемся тут утрох: два „агрэсары“ і „міралюбівы“ прэзыдэнт... Я самалёт прышлю, калі што, „Боінг“... Вось паглядзім, як ён прыляціць... Мы зараз па ўсім сьвеце заявім аб тым, што прэзыдэнт Беларусі запрасіў яго ў Беларусь... Калі ён не прыедзе сюды ў Менск (я на поўным сур’ёзе гэта кажу), значыць, вы хочаце вайны... А можа, калі Байдэн захоча, і Зяленскі сюды прыляціць».
Аднак Джо Байдэн тады паляцеў ня ў Менск, а ў Кіеў, да Ўладзіміра Зяленскага, пра якога Лукашэнка казаў даволі грэбліва і ўсяляк ганьбіў («несамастойны», «маладасьведчаны»). А ў Менск тым жа часам замест запрошанага Лукашэнкам Джо Байдэна прыляцеў прэзыдэнт нікім не прызнанай Абхазіі Аслан Бжанія.
Ці слушныя прэтэнзіі Менску?
І вось цяпер Лукашэнка запрашае прыехаць новага прэзыдэнта ЗША. Дарэчы, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў станоўча ацаніў прапанову правесьці перамовы ў беларускай сталіцы:
«Канечне, для нас Менск — гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзьнік. Таму для нас гэта найлепшае месца для перамоваў».
Ёсьць вялікія сумневы, што з прапановай Лукашэнкі пагодзяцца ЗША, а асабліва — Украіна. Паводле апошніх заяваў Уладзімера Зяленскага, Кіеў разглядае Беларусь як пагрозу.
Цяпер прэтэндэнтаў на месца перамоваў шмат. І Беларусь тут далёка не на першым месцы. Аптымальнай была б нэўтральная краіна, якая не заангажаваная ў канфлікт і з гэтай прычыны прымальная для ўсіх бакоў.
Зрэшты, прапанова Лукашэнкі, магчыма, не асабліва і разьлічаная на практычную рэалізацыю. Для яго важна чарговы раз засьвяціцца ў замежных мэдыя, нагадаць пра сябе.
Форум