Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай у адказ на дзеяньні Трампа павышае мыта на тавары з ЗША з 84 да 125%


На амэрыканскай фондавай біржы. Ілюстрацыйнае фота
На амэрыканскай фондавай біржы. Ілюстрацыйнае фота

Кітай павысіў мыта на імпарт з ЗША з 84 да 125%, паведамляюць Bloomberg і Reuters з спасылкай на Міністэрства фінансаў Кітаю. Новыя мытныя тарыфы набудуць моц з 12 красавіка.

Гэты крок зроблены пасьля таго, як напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прадстаўнік Белага дому паведамілі, што агульная сума мытных тарыфаў на кітайскія тавары складае 145%.

У адміністрацыі прэзыдэнта ЗША патлумачылі, што напярэдадні Дональд Трамп павялічыў мыты ў дачыненьні да Пэкіну з 84% да 125%, але пры гэтым раней увёў 20-працэнтныя мыты ў адказ на тое, што Пэкін, на думку Вашынгтона, не прыкладае дастаткова намаганьняў для спыненьня паставак фэнтанілу ў ЗША. Такім чынам, агулам мыты ЗША на тавары з Кітаю цяпер складаюць 145%.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 9 красавіка растлумачыў сваё рашэньне яшчэ раз рэзка павысіць мыты на імпарт з Кітаю «непавагай, якую Кітай праяўляе да сусьветных рынкаў».

Кітай, у сваю чаргу, абвінавачвае ЗША ў разьвязваньні гандлёвай вайны. На думку Пэкіну, дзеяньні ЗША парушаюць правілы міжнароднага гандлю, базавыя законы эканомікі і супярэчаць разумнаму сэнсу.

Старшыня КНР і кіраўнік кіроўнай Камуністычнай партыі Кітаю Сі Цзіньпін 11 красавіка заклікаў Эўразьвяз да сумесных дзеяньняў на фоне пратэкцыянісцкай палітыкі ЗША. Выступаючы падчас візыту ў Пэкін прэм’ер-міністра Гішпаніі Пэдра Санчэса, Сі сказаў, што Кітай і ЭЗ павінны выступаць у супрацьстаяньні з ЗША адзіным фронтам, каб «абараняць ня толькі свае законныя правы і інтарэсы», але і «міжнародную справядлівасьць». Санчэс заклікаў да больш «збалянсаванага падыходу» ў адносінах паміж ЭЗ і Кітаем.

  • У сакавіку 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп увёў для Кітаю мыты памерам 20%.
  • 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20-працэнтным мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў.
  • Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
  • Кітайскія ўлады ў адказ заявілі, што тарыфы, устаноўленыя ЗША, «на аснове субʼектыўных і аднабаковых ацэнак», не адпавядаюць правілам гандлю, наносяць сурʼёзны ўрон законным правам і інтарэсам адпаведных бакоў і зьяўляюцца «тыповай практыкай аднабаковага запалохваньня». 4 красавіка Кітай абʼявіў пра ўвядзеньне мытаў у 34% на ўсе амэрыканскія тавары.
  • 8 красавіка прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт паведаміла, што прэзыдэнт ЗША прыняў рашэньне ўвесьці дадатковыя мыты ў 84% на ўвесь кітайскі імпарт, што павялічыць агульны памер мытаў да 104%. Новыя мыты на імпарт з Кітаю пачалі дзейнічаць 9 красавіка.
  • Кітай заявіў, што ў адказ на гэтыя меры павысіць мыты на амэрыканскія тавары да 84% з 10 красавіка.
  • 9 красавіка таксама стала вядома, што краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прапанову Эўракамісіі аб увядзеньні гандлёвых контразахадаў супраць ЗША, новымі мытамі будуць абкладаць некаторыя віды тавараў, паведамляецца на сайце Эўракамісіі. Іх пачнуць спаганяць з 15 красавіка.
  • 9 красавіка Дональд Трамп заявіў пра «неадкладнае» павышэньне мытаў на імпарт тавараў з Кітаю да 125%. Разам з тым Трамп аб’явіў 90-дзённую паўзу для ўвядзеньня высокіх мытаў супраць краін, якія не ўжылі мераў у адказ супраць ЗША, і паніжанае мыта ў 10% для іх.
  • 10 красавіка Дональд Трамп, а пасьля і прадстаўнік Белага дому паведамілі, што агульная сума мытаў на кітайскія тавары складае 145%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG