2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра ўвод узаемных тарыфаў на тавары гандлёвых партнэраў ЗША, у тым ліку 20-працэнтнае мыта на тавары з Эўразьвязу.
Некаторыя экспэрты асьцерагаюцца, што гэты крок можа справакаваць гандлёвую вайну і патапіць сусьветную эканоміку, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з спасылкай на агенцтвы Reuters i AP.
Трамп назваў падзею «днём вызваленьня» Амэрыкі:
«Ён назаўсёды запомніцца як дзень адраджэньня амэрыканскай прамысловасьці, дзень, калі аднавілася прызначэньне Амэрыкі, дзень, калі мы пачалі рабіць Амэрыку зноў багатаю».
Выступаючы ў Ружавым садзе Белага дому, Трамп сказаў, што ўвядзе 10-працэнтнае базавае мыта на ўвесь імпарт у Злучаныя Штаты і вышэйшыя мыты на імпарт зь дзясяткаў краін па ўсім сьвеце.
Пасьля развагаў пра тое, як «дзесяцігодзьдзямі краіны блізкія і далёкія, як сябры, так і ворагі рабавалі, спусташалі, гвалтавалі і раскрадалі» Злучаныя Штаты, Трамп паказаў табліцу ўведзеных узаемных мытаў. Яны ўключаюць 20% на тавары з Эўрапейскага Зьвязу, 34% на кітайскія тавары, 46% на японскія, 32% на тайваньскі імпарт, 25% на тавары з Паўднёвай Карэі.
У табліцы фігуруюць больш за дзясятак іншых краін, у тым ліку Вялікая Брытанія, Індыя, Бразылія, Швайцарыя. Трамп зазначыў, што мыты ЗША маглі б быць нашмат вышэйшыя, але ён абраў «добрыя ўзаемныя» мыты, якія складаюць палову ад тых, што спаганяюць гандлёвыя партнэры ЗША.
Агулам уведзеныя Трампам гандлёвыя мыты закранулі больш за 180 краінаў сьвету, сьведчыць пералік, апублікаваны 2 красавіка Белым домам.
Паводле прэзыдэнта ЗША, мыты, уведзеныя іншымі краінамі, і «калясальныя гандлёвыя барʼеры» ў многіх выпадках закрылі рынкі па ўсім сьвеце для сельскагаспадарчай прадукцыі ЗША, спрыялі вялікаму гандлёваму дэфіцыту і разьдзіманьню дзяржаўнага доўгу.
Трамп заявіў, што краіны, якія хочуць атрымаць доступ на рынак ЗША, цяпер павінны будуць «заплаціць за прывілей», дадаўшы, што ён вёў кампанію за такую палітыку цягам усёй леташняй прэзыдэнцкай гонкі, а «сёньня гэтае абяцаньне... было выканана».
На думку Трампа, тарыфы пойдуць на карысьць амэрыканскім фэрмэрам, кваліфікаваным рабочым, працаўнікам аўтамабільнай прамысловасьці і палепшаць эканоміку наагул. Ён сказаў, што многія буйныя карпарацыі ўжо абяцалі вярнуць вытворчасьць у ЗША.
«Працоўныя месцы і заводы вернуцца ў нашую краіну, і вы бачыце, што гэта ўжо адбываецца. Мы перагрузім нашу ўнутраную прамысловую базу, — сказаў Трамп. — Мы адкрыем замежныя рынкі і зламаем барʼеры для замежнага гандлю, і ў канчатковым выніку большая вытворчасьць унутры краіны будзе азначаць мацнейшую канкурэнцыю і ніжэйшыя цэны для спажыўцоў».
Пасьля сваёй прамовы Трамп падпісаў два ўказы аб новай мытавай палітыцы.
«Вы запомніце сёньняшні дзень, — сказаў ён. — Гэта будзе дзень, калі, спадзяюся, вы азірняцеся назад праз шмат гадоў і скажаце: „Ведаеце, ён меў рацыю“. Гэты дзень аказаўся адным з найважнейшых у гісторыі нашай краіны».
Беларусь і Расея ў сьпіс не патрапілі
Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт заявіла выданьню Axios, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, таму што санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі існыя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
Варта адзначыць, што супраць Беларусі і Расеі ўжо дзейнічаюць эканамічныя санкцыі ЗША ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны і падтрыманьнем яе з боку рэжыму Лукашэнкі.
Першыя рэакцыі
Некаторыя эканамісты папярэджваюць, што такія мытныя тарыфы могуць запаволіць сусьветную эканоміку, павысіць рызыку рэцэсіі і павялічыць штогадовыя выдаткі сярэднестатыстычнай амэрыканскай сямʼі на пражыцьцё на тысячы даляраў.
Міністар фінансаў Вялікай Брытаніі Рэйчэл Рыўз адной зь першых адрэагавала на заяву Трампа:
«Гандлёвыя войны нікому не прыносяць карысьці».
Эўрапейская асацыяцыя дастаўнікоў аўтамабіляў заявіла, што 25-працэнтнае мыта на аўтамабілі «памылковае і шкоднае», у тым ліку для людзей.
«Увод мытаў на імпарт аўтамабіляў вядзе да рызыкі падарваць канкурэнтаздольнасьць і экспартную гатоўнасьць галіны, посьпех якой залежыць ад інтэграваных міжнародных ланцужкоў паставак і рынкаў», — гаворыцца ў заяве асацыяцыі.
Гэты крок азначае адмову ад «сусьветнага гандлёвага парадку, заснаванага на правілах», і «адыход ад падставаў стварэньня глябальнай вартасьці і адпаведна росту й росквіту ў многіх рэгіёнах сьвету», — заявіла прэзыдэнтка нямецкай асацыяцыі аўтамабільнай прамысловасьці VDA Гільдэгард Мюлер.
Сытуацыя на фондавых рынках
Азіяцкія фондавыя рынкі зьнізіліся ў пачатку таргоў 3 красавіка пасьля таго, як Стывэн Міран, старшыня Рады эканамічных кансультантаў Белага дому, прызнаў, што тарыфы выклічуць «кароткатэрміновыя цяжкасьці».
«Але прэзыдэнт засяроджаны на доўгатэрміновай трансфармацыі, на паляпшэньні трываласьці, устойлівасьці і справядлівасьці амэрыканскай эканомікі ў дачыненьні да астатняга сьвету», — сказаў Міран для Fox Business.
Трамп ужо ўвёў 20-працэнтныя мыты на ўвесь імпарт з Кітаю і 25-працэнтныя мыты на сталь і алюміній і распаўсюдзіў іх на іншыя ключавыя прадукты коштам амаль 150 мільярдаў даляраў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці.
Трамп сказаў, што абʼяўленыя мыты набудуць сілу з 3 красавіка. Белы дом заявіў, што асобны сьпіс тарыфаў на імпарт аўтамабіляў, пра які Трамп абʼявіў на мінулым тыдні, таксама набудзе моц з 3 красавіка.
Асьцярогі наконт мытаў ужо запаволілі вытворчую актыўнасьць ува ўсім сьвеце. Фінансавыя рынкі апошнімі днямі былі нестабільныя, бо інвэстары чакалі выступу Трампа. Амэрыканскія акцыі страцілі амаль 5 трыльёнаў даляраў зь лютага.
Форум